Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія за ўмацаваньне стабільнасьці ў Беларусі


Прайшло ўжо два тыдні, як зьявілася шмат у чым адметнае інтэрвію амбасадара Вялікай Брытаніі ў Беларусі Бруса Бакнэла парталу Naviny.by. Я чакаў бурлівай рэакцыі экспэртаў і палітызаванай публікі, але яе чамусьці амаль не было. Ці то час летніх адпачынкаў на гэта паўплываў, ці на тле вострага канфлікту паміж Расеяй і Захадам тэма дачыненьняў ЭЗ зь Беларусьсю ў новых умовах, якую ўзьняў брытанскі дыплямат, неяк губляецца.

Як вядома, галоўная праблема ў адносінах Беларусі з Эўропай — пытаньне правоў чалавека. Але дагэтулешні досьвед паказвае, што падчас вострага канфлікту паміж Захадам і Расеяй тэма каштоўнасьцяў адыходзіць на другі плян. На першае ж месца вылучаецца пытаньне геапалітыкі. Так, напрыклад, адбылося пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году, калі Беларусь не прызнала незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і паміж Менскам ды Брусэлем пачаўся дыялёг.

На нешта падобнае беларускае кіраўніцтва разьлічвала і цяпер. Яно спадзявалася, што на тле вострага супрацьстаяньня паміж Захадам і Расеяй, пры адносна нэўтральнай пазыцыі Беларусі па ўкраінскім пытаньні, ЭЗ адкіне праблему палітвязьняў і пачне паўнавартасны дыялёг зь Менскам. Не сказаць, каб гэтыя пляны выявіліся зусім марнымі. Узровень кантактаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам павышаецца. Нядаўна Менск наведаў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

Але ўсё ж працэс размарожваньня адносін ідзе няшпарка. Чаму? Вось часткова адказ на гэтае пытаньне і даў у сваім інтэрвію амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брус Бакнел. Праўда, незразумела, ці выказваньні брытанскага пасла — гэта дыпляматычная лінія ўсяго ЭЗ, ці толькі пазыцыя Лёндану. У любым выпадку заявы сп. Бакнэла вельмі паказальныя, яны сьведчаць пра новыя настроі, якія зьявіліся ў палітычных і дыпляматычных колах Эўропы апошнім часам.

Што ж сказаў брытанскі амбасадар? Вось некаторыя фрагмэнты інтэрвію.

Вялікая Брытанія прызнае зону эксклюзіўных інтарэсаў Расеі і не зьбіраецца туды моцна лезьці

«Трэба працаваць асьцярожна і паступова. Ня будзе рэзкай зьмены нашай пазыцыі. Калі мы будзем дзейнічаць у сьпешцы, спрабуючы паскорыць тэмп паляпшэньня адносін, гэта, верагодна, ня будзе ўкладам ва ўмацаваньне стабільнасьці ў Беларусі. Гэта ня будзе ні ў чыіх інтарэсах, таму што гэта можа прыйсьціся не даспадобы Расіі, а мы ня хочам дэстабілізаваць такім чынам сытуацыю ў Беларусі і рэгіёне. Той факт, што ў Беларусі знаходзяцца расейскія ваенныя базы, таксама змушае нас працаваць над паляпшэньнем адносін зь Беларусьсю асьцярожна, павольна і паступова.

Мы ня можам думаць у катэгорыях гульні з нулявой сумай... Беларусь зьяўляецца часткай аднаго ваеннага саюзу з Расеяй... Беларусь — цесны саюзьнік Расеі... Апошняе, што мы хочам зрабіць, гэта ўзмацніць напружанасьць паміж НАТО і АДКБ... І мы ня хочам рабіць нічога, што пашырыла б канфлікт у рэгіёне. У нас ёсьць свой ваенны альянс, у Беларусі — свой. Таму мы павінны дзейнічаць вельмі асьцярожна, каб не дапусьціць эскаляцыі напружанасьці ў рэгіёне».

Апёкшыся на Ўкраіне, цяпер Эўропа будзе значна больш асьцярожна падтрымліваць працэс дэмакратызацыі і эўрапеізацыі Беларусі

Трэба мець на ўвазе, што Вялікая Брытанія ў параўнаньні зь іншымі чальцамі ЭЗ займае пазыцыю рашучага супрацьдзеяньня Расеі. І тым больш знамянальны яе, скажам так, апартуністычны падыход да размарожваньня адносін зь Беларусьсю. Калі зрабіць пераклад з ангельскай дыпляматычнай мовы на звычайную, то можна зрабіць наступныя высновы.

1. Захад арыентаваны на палітыку ўлагоджваньня Расеі нават пасьля таго, што яна зрабіла і працягвае рабіць ва Ўкраіне. У працяглай канфрантацыі зь ёй там ніхто не зацікаўлены. Таму робіцца ўсё, каб лішні раз не раздражняць Маскву.

2. Вялікая Брытанія прызнае зону эксклюзіўных інтарэсаў Расеі і не зьбіраецца туды моцна лезьці. А менавіта гэтага і дабіваецца Масква ад Захаду. Знакамітая «перазагрузка» адносін Расеі з новай амэрыканскай адміністрацыяй Абамы якраз і палягала ў тым, што Злучаныя Штаты прызнаюць постсавецкую прастору зонай расейскіх інтарэсаў і абяцаюць не падштурхоўваць тут дэмакратычныя перамены.

3. Беларусь — гэта расейская дзялянка. Любыя спробы ЭЗ разьвіваць зь ёй адносіны павінны адбывацца калі не са згоды Масквы, то абавязкова з улікам інтарэсаў і пазыцыі РФ.

4. Апёкшыся на Ўкраіне, цяпер Эўропа будзе значна больш асьцярожна падтрымліваць працэс дэмакратызацыі і эўрапеізацыі Беларусі. Цяпер Вялікая Брытанія зацікаўленая «ва ўмацаваньні стабільнасьці ў Беларусі». Бачыце, якая знаёмая рыторыка. Бо дэмакратычныя перамены тут выклічуць дэстабілізацыю ва ўсім рэгіёне. А тут бы расхлябаць украінскі крызіс.

Сумна ад усяго гэтага. Можа, і сапраўды Беларусь страціла свой гістарычны шанец вярнуцца ў Эўропу, упусьціла момант, калі яна магла стаць дэмакратычнай краінай?

13.08.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG