Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэнатараў» не абіраюць, затое саджаюць


Будынак Савету Рэспублікі
Будынак Савету Рэспублікі

Аляксандар Лукашэнка загадаў склікаць 14 жніўня пазачарговую сэсію Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, на якой плянуецца разгледзець пытаньне аб пазбаўленьні недатыкальнасьці аднаго з гэтак званых «сэнатараў».

Пазачарговая сэсія склікаецца ўказам, які Лукашэнка падпісаў 2 дні таму, 11 жніўня. Звычайна паміж падрыхтоўкай указу і зьяўленьнем на ім подпісу кіраўніка дзяржавы праходзіць ня менш за месяц. Таму, як лічаць назіральнікі, справа закруцілася неўзабаве пасьля таго, як падчас мінулай сэсіі затрымалі сябра Савету Рэспублікі Віталя Кастагорава. Гэта было ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. Дакладны дзень невядомы, бо праваахоўныя органы справу Кастагорава дагэтуль не камэнтуюць.

«Наша пазыцыя застаецца: ані пацьвердзіць, ані абвергнуць мы ня можам», — кажуць у Сьледчым камітэце.

Ці маглі зьвесткі, атрыманыя сьледчымі ад Віталя Кастагорава, спрычыніцца да зьяўленьня ў «сэнаце» новай кандыдатуры на затрыманьне? Чаму ўвогуле словы «сэнатар» і «карупцыянэр» у Беларусі становяцца сынонімамі?

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што сябры верхняй палаты парлямэнту, які 18 гадоў таму насуперак Канстытуцыі 1995 году стварыў Аляксандар Лукашэнка, актыўна лабіруюць інтарэсы пэўных камэрцыйных структур. Гэтак, былы «сэнатар» Віталь Кастагораў у Магілёве, як высьветлілася, дапамагаў будаваць лягістычны цэнтар непадалёк ад ускраіны гораду. Але як забараніць дэпутатам займацца лабіраваньнем?

Паводле Анатоля Лябедзькі, пры цяперашняй сыстэме, калі сябры Савету Рэспублікі прызначаюцца, а не абіраюцца хаця б фармальна, ніякія захады не дадуць плёну:

«Для Беларусі, нават калі фармальна прапішуць, што той, хто займаецца бізнэсам, ня можа быць на дзяржаўнай службе ці дэпутатам, гэта нічога не азначае. У нас практыка прымяненьня закону — зусім іншае жыцьцё. Калі ў краіне суды, пракуратура, МУС палітызаваныя, калі яны ўсе — частка адной палітычнай групы, то немагчыма разьлічваць, што будзе пасьпяховай антыкарупцыйная барацьба. А сытуацыя ў Савеце Рэспублікі выглядае гэтак: як пачалася антыкарупцыйная кампанія, спатрэбіліся чарговыя бараны на закланьне. Лепш — з розных сацыяльных групаў, розных катэгорыяў.

Сытуацыя ў Савеце Рэспублікі выглядае гэтак: як пачалася антыкарупцыйная кампанія, спатрэбіліся чарговыя бараны на закланьне

Павінны быць прадстаўнікі сілавых структураў, бізнэсу, чынавенства, дэпутацкага корпусу — каб паказаць, што для Лукашэнкі абсалютна ўсё роўна, каго саджаць. Маўляў, усіх кантралюем. А рэальна проста некаму не пашчасьціла, як таму Кастагораву. Але, мяркую, калі ён нешта набедакурыў, дык можа скарыстаць правіла „выкупі сябе“. У бізнэсмэнаў ёсьць гэтак званы „бюджэт бясьпекі“ — таму адкупіцца. Гэта не сытуацыя з хірургам, якога возьмуць за хабар у 100 даляраў і абавязкова пасадзяць. А за лёс гэтых я не перажываю. Мяркую, яны выберуцца з гэтай сытуацыі, хоць і прыйдзецца заплаціць».

З канца ліпеня ва ўсіх на слыху падзеі вакол аб’яднаньня «Нафтан», дзе, паводле Сьледчага камітэту, выяўлена група кіраўнікоў, якія разам зь бізнэсоўцамі займаліся махлярствам. Сьледчыя ўжо ацанілі страты бюджэту ад дзеяньняў махляроў у 6 мільярдаў рублёў, арыштавана маёмасьці больш як на 3 мільярды рублёў. Падазроных адказных супрацоўнікаў «Нафтану», а таксама бізнэсоўцаў, затрымалі.

Ці можа раптам выяўленая ў Савеце Рэспублікі карупцыя мець дачыненьне да справы «Нафтану»?

Аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак патлумачыла магчымую схему махінацыяў на «Нафтане». Паводле Тацяны Манёнак, на прадпрыемстве актывізавалася мадэрнізацыя, дзеля якой спатрэбілася шмат новага абсталяваньня. Гэтае абсталяваньне, у асноўным замежнае, пастаўлялася праз тэндэры, а іх можна праводзіць па-рознаму:

«Тэндэры — гэта такая рэч... Там нібыта і канкурэнтныя ўмовы ствараюцца, але, тым ня менш, відаць, нейкія магчымасьці ёсьць і зарабіць. Ня ведаю пра дакладны мэханізм, але крыніцы кажуць пра тое, што гэта відавочна зьвязана зь імпартам абсталяваньня».

Паводле назіральнікаў, пастаўкі імпартнага абсталяваньня на наваполацкі «Нафтан» у значнай ступені залежаць ад высокапастаўленых чыноўнікаў зь Менску, таму немагчыма выключыць карупцыйныя сувязі з рознымі структурамі, у тым ліку дэпутацкімі.

Цяпер у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу 56 сяброў, хоць павінна быць 64. Вобласьці і Менск дасылаюць у Савет Рэспублікі па 8 сваіх прадстаўнікоў, якіх «выбіраюць» не наўпрост галасаваньнем жыхароў, а на сумесных сэсіях абласнога савету і выканкамаў. Яшчэ 8 сяброў прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу — Анатоль Рубінаў, ягоны намесьнік — Анатоль Русецкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG