Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На карысьць «рускага сьвету», — так камэнтуюць абраньне Мітрапаліта Ануфрыя прадстаяцелем УПЦ МП


Мітрапалітам Кіеўскім, прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату абраны мітрапаліт Ануфрый.

Такое рашэньне прыняў 13 жніўня Сабор біскупаў Украінскай праваслаўнай царквы МП, які адбыўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Сёньня ў трапезнай палаце храма Антонія і Феадосія Пячэрскіх адбыўся Сабор біскупаў УПЦ, на якім прысутнічалі 82 герархі УПЦ МП. Галасаваньне праходзіла таемна, у два туры: у першым туры з 74-х біскупаў былі вызначаныя тры кандыдатуры, а ў другім туры з гэтых трох кандыдатур абралі прадстаяцеля УПЦ МП.

Паўнапраўным прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы новаабраны мітрапаліт Кіеўскі стане, атрымаўшы грамату з дабраславеньнем ад патрыярха Маскоўскага Кірыла і пасьля ўрачыстай інтранізацыі, якая прызначаная на 17 жніўня, перадае УНІАН.

Выбар эпіскапату УПЦ МП зроблены на карысьць «рускага сьвету», эпіскапы УПЦ МП «выбралі для сябе лёс КПУ і ПР». Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік Чарнігаўскай эпархіі Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, кіраўнік Інфармацыйнай управы Кіеўскай патрыярхіі Яўстраці Зора, камэнтуючы вынікі вылучэньня кандыдатаў на пасаду прадстаяцеля УПЦ МП.

У камэнтары прэс-цэнтру Кіеўскай патрыярхіі гаворыцца:

«Абраньне гэтага герарха кіраўніком Маскоўскага Патрыярхату ва Ўкраіне фактычна засьведчыла залежнасьць большай часткі эпіскапаў гэтай Царквы ад агрэсіўнай дактрыны „рускага сьвету“, якая стала ідэалягічным падмуркам цяперашняй агрэсіі Крамля супраць Украіны, акупацыі Крыму, тэрору на Данбасе».

Таксама выказваецца меркаваньне, што выбар на кіраўніка УПЦ МП «пасьлядоўнага прыхільніка ідэалёгіі „рускага сьвету“ і адзінства з Масквой» перакрывае шлях пераадоленьня царкоўнага падзелу.

«Разумеем, што ў такіх умовах пачаць плённы афіцыйны дыялёг з новаабраным кіраўніцтвам Маскоўскага Патрыярхату ва Ўкраіне наўрад ці ўдасца. Таму мы заклікаем да дыялёгу, супрацоўніцтва і паразуменьня тых эпіскапаў, сьвятароў і вернікаў УПЦ МП, якія ўсьведамляюць неабходнасьць адкіданьня некананічнай навязанай царкоўнай улады Маскоўскага Патрыярхату, сапраўды жадаюць пераадоленьня падзелу ўкраінскага праваслаўя і стварэньня адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы», — гаворыцца ў камэнтары.

Абраньне мітрапаліта Ануфрыя прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату азначае, што «эпіскапат прытрымліваецца памяркоўнай пазыцыі», — сказала Свабодзе рэдактарка сайту «Царква» Натальля Васілевіч.

«Уплыў Масквы застанецца тым жа, то бок параўнальна нізкім», — дадала яна.

Для таго каб адказаць на пытаньне, ці будзе новы мітрапаліт Кіеўскі Ануфрый спрыяць аб’яднаньню цэркваў, «трэба дачакацца выбараў новага прадстаяцеля ў Кіеўскім патрыярхаце», адзначыла Натальля Васілевіч.

XS
SM
MD
LG