Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар вёскі Рудаўка Слонімскага раёну Ўладзімер Аверка застаўся без 13 сьвіней — у сувязі з падазрэньнем на афрыканскую чуму. Усім жыхарам вёскі ўлады таксама загадалі пакалоць сьвіней, але заключэньня вэтэрынарнай экспэртызы абласной лябараторыі так і не паказалі і настойваюць на тым, што афрыканскай чумы ў іх няма.

Уладзімер Аверка распавядае, што месяц таму ў ягоны хлеў забралася суседзкая сьвіньня. Ён ня мог яе выгнаць, некалькі разоў зьвяртаўся ў міліцыю, але органы ніяк на гэта не адрэагавалі. А празь месяц ягоныя сьвіньні пачалі хварэць — мусіў зьвярнуцца да вэтэрынара.

Аверка: «Пакуль мы прыехалі з вэтурачом — яна ўжо мёртвая. Ён параіў ускрыць тушу, я ўнутраныя органы адвёз у лябараторыю. А назаўтра прыехалі, усіх сьвіней перабілі, у яму закапалі, і ўсё...»

Спадар Аверка распавядае, што прыгналі калгасны экскаватар, выкапалі яму і сьвіней папросту туды закапалі. Ён патрабаваў, каб яму ўсё ж патлумачылі прычыну захворваньня ў сьвіней.

Яны папросту сказалі, што нам патэлефанавалі з лябараторыі з Горадні і сказалі, што гэта чума. Насамрэч яны, магчыма, наагул ніякага аналізу не рабілі, а проста ўтылізавалі іх, і ўсё

Аверка: «Я дагэтуль ня ведаю, што і як. Яны папросту сказалі, што нам патэлефанавалі з лябараторыі з Горадні і сказалі, што гэта чума. Насамрэч яны, магчыма, наагул ніякага аналізу не рабілі, а проста ўтылізавалі іх, і ўсё».

У той дзень, як зьнішчалі сьвіней, паводле Аверкі, да яго прыяжджала старшыня сельсавету Ганна Піцько і сказала, што ніякай кампэнсацыі гаспадар не атрымае, бо хлеў не абгароджаны і парушаныя нормы. Вось што сёньня чыноўніца сказала на гэты конт Свабодзе:

Піцько: «Выпадкаў афрыканскае чумы ў нас на тэрыторыі сельсавету не было, і калі там і была ўтылізацыя, то ў нас, ва ўсякім выпадку, карантын не абвешчаны, і я вам болей нічога сказаць не магу».

Тым ня менш, паводле Аверкі, улады загадалі зьнішчыць у вёсцы ўсіх сьвіней.

Аверка: «Ужо ўсіх сьвіней у вёсцы парэзалі, бо яны сказалі, што даюць толькі два дні на тое, каб пазбавіліся сьвіней, а інакш абяцалі прыехаць і ўтылізаваць. Ніводнаму гаспадару не паказалі нават ніякай паперкі, на падставе чаго такі загад, проста галаслоўна. Людзі парэзалі сьвіней, дзеці пазабіралі мяса, і ўсё».

Сёньня на працягу дня я спрабаваў зьвязацца з галоўным вэтурачом Слонімскага раёну Віктарам Біруком, каб пацікавіцца прычынай хваробы сьвіней спадара Аверкі. Але яго ўвесь час не было ў працоўным кабінэце, а мабільнага тэлефона ніхто з супрацоўнікаў не назваў — казалі, што ня ведаюць.

Спадара Аверку, паводле яго, учора запрасілі ў Слонімскі райвыканкам, дзе абмеркавалі памер кампэнсацыі за зьнішчаных сьвіней. З кім канкрэтна ён абмяркоўваў свае страты, ня ведае, але кампэнсацыю яму абяцалі. Аверка перакананы, што такім чынам улады спрабуюць схаваць сапраўдныя прычыны зьнішчэньня ягоных сьвіней.

Аверка: «Адразу мне пачыналі казаць, што 18 тысяч за кіляграм будуць плаціць, маўляў, па закону. А я не пагадзіўся, бо калі была афрыканская чума ў Зэльвенскім раёне, то давалі па 35 тысяч. Я ім сказаў, што пра які закон можа ісьці гаворка, калі вы яго самі парушылі? Ну, і ўрэшце мне паабяцалі, што выплацяць 14 мільёнаў».

Выпадкі афрыканскае чумы на Гарадзеншчыне здараюцца час ад часу. Адны з апошніх былі зафіксаваныя ў Шчучынскім раёне, а таксама ў Астравецкім. Праўда, інфармацыя пра гэта ў афіцыйных СМІ нідзе не падаецца.

5 жніўня, выступаючы на адной з нарадаў, Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў усіх узроўняў арганізаваць на сьвінакомплексах прапускны рэжым, «як на ядзерным аб’екце». У адваротным выпадку да вінаватых будуць прымененыя самыя жорсткія меры, аж да крымінальнай адказнасьці.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені-траўні 2014 году экспарт беларускай сьвініны зьнізіўся амаль у 6 разоў. Так, у студзені-траўні 2014 году на экспарт было пастаўлена 3,8 тыс. тон сьвініны на 13,96 млн даляраў, а летась за такі ж час экспартавана 22,1 тысяч тон сьвініны на 64,8 млн даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG