Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве думаюць, як дыстанцыявацца ад пуцінскага «траянскага каня»


Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

Амаль 300 расейскіх грузавікоў накіраваліся да мяжы з Украінай. Масква заяўляе, што яны загружаныя гуманітарнай дапамогай.

Такі крок палітычна выкарыстоўваецца з мэтай эскаляцыі канфлікту: прыняць дапамогу ад краіны-агрэсара небясьпечна, а ў выпадку адмовы прарасейскія СМІ выставяць Украіну ў надзвычай нявыгадным сьвятле, мяркуе кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук, зь якім пагутарыла карэспандэнтка Свабоды.

— Як вы мяркуеце, якая мэта Крамля ў гісторыі з гуманітарным грузам?

— Крэмль мае некалькі мэтаў, дасягненьне якіх можа павялічыць кантроль Расеі над захопленай сэпаратыстамі ўкраінскай тэрыторыяй. Гэтая гуманітарная калёна вельмі нагадвае расейскага траянскага каня, бо Ўкраіна, калі пусьціць груз на сваю зямлю, ня можа кантраляваць, што вязуць. У сытуацыі канфлікту Масква дадае яшчэ больш агню. Калі Ўкраіна адмовіцца ад гуманітарнай дапамогі, то расейскія СМІ будуць абвінавачваць Украіну ў тым, што яна ня хоча прымаць дапамогу ў той час, як людзі ў Луганскай вобласьці пакутуюць і сытуацыя там даведзеная фактычна да гуманітарнай катастрофы. Калі ж Украіна прыме дапамогу, ня ведаючы, што там знаходзіцца, — то хто можа гарантаваць, што прадукты тыя не атручаныя? Такой гарантыі няма. Дзяржава Ўкраіна, адказваючы за жыцьці і здароўе сваіх грамадзянаў, ніякім чынам ня можа прыняць гэты груз без надзвычай сур’ёзнай праверкі. Тым больш што калі прадукты прастаяць на сьпёцы, якая цяпер пануе ва Ўкраіне, то яны сапсуюцца, нават калі яны не атручаныя. Такім чынам, можна гаварыць пра тое, што Масква, падкладаючы палітычнага траянскага каня, вельмі няблага пралічыла тыя наступствы, якія могуць быць як у выпадку згоды прыняць груз, так і ў выпадку адмовы гэта зрабіць.

— ЗША лічаць, што расейская гуманітарная дапамога павінна прайсьці праверку ўкраінскай мытні, а затым быць перададзена для распаўсюджваньня супрацоўнікам Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Як вы ацэньваеце такую пазыцыю?

— Прапанова ЗША правільная. Найперш таму, што Ўкраіне трэба нейкім чынам дыстанцыявацца ад гэтага траянскага грузу і выйсьці з поля таго ўдару, які Расея падрыхтавала для Ўкраіны. Мы павінны перадаць кантроль над грузам Чырвонаму Крыжу і іншым гуманітарным арганізацыям, якія б, у сваю чаргу, атрымалі права ім распараджацца на нашай тэрыторыі. Гэтыя грузы павінны прайсьці пэўную сэртыфікацыю, усё павінна быць перагледжана, частка прадуктаў — калі там увогуле ёсьць прадукты — павінна быць вернутая ў Расею, бо з-за сьпёкі прадукты псуюцца. Санэпідэмстанцыя проста ня мае права ў такую сьпёку прапускаць прадукты без дэталёвай праверкі. Ну, і таксама Ўкраіне трэба думаць, як супрацьстаяць і супрацьдзейнічаць той прапагандзе, якая будзе запушчаная ў Маскве ў выніку прыняцьця ці непрыняцьця гуманітарнага грузу.

— Ці кантралюецца мяжа паміж Украінай і Расеяй? Калі з расейскай тэрыторыі ідзе ваенная тэхніка і прыяжджаюць наёмнікі, то якая праблема праехаць для гуманітарнай калёны?

— Паводле папярэдняй дамоўленасьці, гуманітарны груз пры пэўных умовах можа быць прапушчаны празь мяжу ў Харкаўскай вобласьці. Нельга выключаць таго, што калі Ўкраіна знойдзе прычыны не прымаць груз, ён можа паспрабаваць трапіць ва Ўкраіну праз участкі мяжы, якія кантралююцца ДНР і ЛНР. Тады ўжо Ўкраіна павінна будзе думаць, як спыніць гэты груз. Магчыма, менавіта гэтага і дабіваецца Расея. То бок магчымая такая разьвязка: груз ідзе нелегальным шляхам, украінцы яго высочваюць і намагаюцца заблякаваць. Маскве патрэбна яшчэ адна інфармацыйная нагода, якая б выставіла Ўкраіну перад усім сьветам у вельмі нэгатыўным пляне. Тут таксама можна зьвярнуць увагу на тое, што паралельна аналягічны груз ідзе ад мусульманскіх краін у паласу Газа, хоць наперад вядома, што ізраільцяне яго не прапусьцяць, бо ўжо некалькі разоў быў канфлікт вакол такіх гуманітарных грузаў. Мэтад «гуманітарнага грузу» шырока выкарыстоўваецца падчас ваенных падзеяў для таго, каб мець тэлевізійныя карцінкі і абвастраць канфлікт яшчэ больш.

— Выходзіць, што казаць пра намаганьні Расеі зьнізіць градус напругі не выпадае. Пад выглядам дапамогі хаваецца далейшая эскаляцыя канфлікту?

— Абсалютна. Трэба таксама памятаць, што расейская дыпляматыя, як да таго дыпляматыя СССР, мае вельмі добра адпрацаваныя мэтады хуткага стварэньня канфліктных сытуацыяў у любых пунктах сьвету. Я б нават дадаў, што канфлікт паміж палестынцамі і ізраільцянамі, які выбухнуў месяц таму, таксама адбыўся не без удзелу Крамля. Бо якраз у той момант было дужа выгодна перабіць інфармацыйную плынь, якая ішла пра сытуацыю ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG