Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін, Лукашэнка і Назарбаеў плянуюць сустрэчу з Парашэнкам


Сёньня адбыліся тэлефонныя размовы Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам і Нурсултанам Назарбаевым. Пра гэта паведамляе прэсавая служба прэзыдэнта Расеі.

У паведамленьні аб размове прэзыдэнтаў Расеі і Казахстану адзначаецца, што «была пацьверджаная магчымасьць правядзеньня сустрэчы дзяржаваў-чальцоў Мытнага саюзу і Ўкраіны ў трэцяй дэкадзе жніўня ў адпаведнасьці з прапановай прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі».

8 жніўня, прымаючы ў Менску лідэраў кампартый Расеі і Ўкраіны Генадзя Зюганава і Пятра Сіманенку, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што бліжэйшым часам плянуецца сустрэча з удзелам прэзыдэнтаў мытнай «тройкі» і, магчыма, Украіны. «Бліжэйшым часам мы плянуем — прэзыдэнты Беларусі, Расеі, Казахстану, Украіны (калі Ўкраіна на гэта пойдзе, хоць пярэчаньняў няма) — правесьці шэраг сустрэчаў для таго, каб прынцыпова абмеркаваць, што ж адбываецца тут у нас», — сказаў Лукашэнка.

12 жніўня адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. «Суразмоўцы абмеркавалі сумесныя намаганьні для наладжваньня міжнароднага дыялёгу для вырашэньня гуманітарных пытаньняў. Прэзыдэнты таксама абмеркавалі шырокі спэктар двухбаковых адносінаў, у прыватнасьці, зьняцьце штучных бар’ераў у гандлі паміж Беларусьсю і Ўкраінай», — паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Падчас сёньняшніх тэлефонных перамоваў Пуціна з Лукашэнкам і Назарбаевым абмяркоўваліся таксама пытаньні эканамічнага ўзаемадзеяньня ў сьвятле контрсанкцый, прынятых Расеяй у адказ на санкцыі Захаду, а таксама гуманітарныя аспэкты крызісу ва Ўкраіне.

«Абмеркаваныя некаторыя пытаньні супрацоўніцтва ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, уключаючы каардынацыю дзеяньняў па недапушчэньні незаконных паставак у Расею праз Казахстан і Беларусь тавараў з шэрагу краінаў, забароненых у адпаведнасьці з нядаўняй пастановай ураду Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Крамля.

Акрамя гэтага, адбыўся «абмен думкамі аб фарматах магчымых міжнародных намаганьняў па спрыяньні больш хуткаму мірнаму ўрэгуляваньню ўнутрыпалітычнага крызісу ва Ўкраіне. Кіраўнікі дзяржаваў выказалі сур’ёзную заклапочанасьць у сувязі зь цяжкімі гуманітарнымі наступствамі ваеннай апэрацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, якая праводзіцца кіеўскімі ўладамі. Уладзімер Пуцін інфармаваў аб накіраваньні, ва ўзаемадзеяньні з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжу і ўкраінскай бокам, расейскай гуманітарнай місіі», — паведамляе прэсавая служба прэзыдэнта Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG