Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пераканае ЭЗ Лацінскую Амэрыку не дапамагаць Крамлю?


Эўразьвяз плянуе правесьці перамовы з краінамі Лацінскай Амэрыкі — такімі, як Бразылія і Чылі, — каб адгаварыць іх ад замены эўрапейскага сельскагаспадарчага экспарту на расейскім рынку. Пра гэта піша The Financial Times, спасылаючыся на высокапастаўленыя крыніцы ў Эўразьвязе.

Пасьля таго, як на мінулым тыдні Расея ў адказ на санкцыі забараніла імпарт прадуктаў харчаваньня з ЭЗ і ЗША, Масква разглядае Лацінскую Амэрыку як альтэрнатыўную крыніцу паставак. Шэраг паўднёваамэрыканскіх краінаў і гандлёвых групаў заявілі, што меры Масквы для іх — спакусьлівая нечаканая ўдача. Бразылія імгненна дазволіла 90 мясакамбінатам экспартаваць у Расею кураціну, ялавічыну і сьвініну. Чылі мяркуе, што атрымае вялікую выгаду ад расейскай забароны на імпарт рыбы з краін Эўразьвязу. Бразыльскі міністар сельскай гаспадаркі заявіў, што расейскае эмбарга дазволіць Бразыліі экспартаваць у Расею больш кукурузы і соі.

Падобны энтузіязм у сельскагаспадарчых цэнтрах уплыву Лацінскай Амэрыкі занепакоіў Брусэль.

«Мы перагаворым з краінамі, здольнымі замяніць наш экспарт, каб паведаміць ім: мы разьлічваем на тое, што яны ўстрымаюцца ад несправядлівай нажывы ў сытуацыі, якая склалася», — заявіў высокапастаўлены эўрапейскі чыноўнік. Паводле яго, асобныя кампаніі маюць права падпісваць кантракты з Расеяй, а вось дыпляматычныя намаганьні краінаў па запаўненьні нішы, пакінутай Эўразьвязам, ЗША, Нарвэгіяй і Аўстраліяй, «будзе цяжка апраўдаць».

Паведамленьне аб дыпляматычных пратэстах зьявілася ўсьлед за абвяшчэньнем Эўразьвязам аб першых мерах па падтрымцы закранутых забаронай фэрмэраў. Гэтыя меры датычацца вытворцаў пэрсікаў і нектарынаў, якія і без контрсанкцый Масквы панесьлі страты ад дрэнных умоваў надвор’я. Больш дэталёвы адказ на расейскае харчовае эмбарга будзе выпрацаваны 14 жніўня на сустрэчы экспэртаў у галіне сельскай гаспадаркі ў Брусэлі.

Найбольшую выгаду ад гандлёвай вайны Расеі і Эўропы, як чакаецца, атрымаюць краіны Лацінскай Амэрыкі, але Беларусь і Турэччына, піша The Financial Times, таксама будуць у выйгрышы.

XS
SM
MD
LG