Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды Масква ўжо дасылала «гуманітарную дапамогу»


Амаль 300 расейскіх грузавікоў накіраваліся да мяжы з Украінай. Масква заяўляе, што яны загружаныя гуманітарнай дапамогай.

Але многія ў сьвеце вельмі скептычна паставіліся да запэўніваньняў Масквы, асабліва краіны былога савецкага блёку, якія маюць уласныя горкія ўспаміны пра расейскую «дапамогу» ў выглядзе вайсковых ўварваньняў.



Грузія, 1993 год

Праз год пасьля жорсткай грузіна-абхаскай вайны 1992-93 гадоў Расея накіравала так званую калёну гуманітарнай дапамогі для сэпаратысцкага гораду Ткварчэлі, які грузінскія сілы трымалі ў аблозе.

Умовы жыцьця ў Ткварчэлі былі адчайныя, і грузінскія ўлады пагадзіліся на дапамогу з боку Расеі, якая афіцыйна прыняла нэўтральную пазыцыю падчас вайны, ня гледзячы на маўклівую падтрымку сэпаратыстаў.

Але Масква, абураная ранейшай атакай Грузіі на расейскі транспартны верталёт з больш чым 50 чалавекамі на борце, таемна даставіла ў Ткварчэлі нешта большае за мэдыкамэнты і прадукты – яна даставіла туды ракеты, аўтаматы і цяжкую артылерыю. Гэта дазволіла ўзброеным сэпаратыстам у канчатковым выніку перамагчы грузінскую армію, захапіць сталіцу Абхазіі Сухумі і аб'явіць фактычную незалежнасьць.

Расейскі чыноўнік, які тады адказваў за місіі гуманітарнай дапамогі Сяргей Шайгу цяпер зьяўляецца міністрам абароны РФ.



Чэхаславаччына, 1968 год


Як і папярэднія ўварваньні ў краіны-сатэліты Масквы ва Ўсходняй Эўропе, савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе было выразнай вайсковай апэрацыяй. Некаторыя крамлёўскія чыноўнікі, аднак, цынічна сьцьвярджалі, што місія мела гуманітарны характар, паколькі яна была накіраваная на захаваньне Чэхаславаччыны ад сябе самой і ад рэформаў Праскай вясны тагачаснага лідэра Аляксандра Дубчака.

20 жніўня 1968 году 200 000 войскаў Варшаўскай дамовы адначасова перасеклі мяжу і паветра Чэхаславаччыны і захапілі Прагу. Семдзесят два чэхі і славакі былі забітыя ў ходзе апэрацыі.


Вугоршчына, 1956 год


У часы адлігі падчас кіраваньня савецкага лідэра Мікіты Хрушчова краіны-сатэліты, такія як Польшча і Вугоршчына, паспрабавалі пашыраць свабоды ў межах уласных камуністычных сыстэм.

У Вугоршчыне гэта прывяло да масавых антысавецкіх дэманстрацый у кастрычніку 1956 году пад кіраўніцтвам рэфарматарскага прэм'ер-міністра Імрэ Надзя.

На працягу некалькіх дзён савецкія войскі захапілі краіну, каля 1000 танкаў увайшлі ў сталіцу Будапэшт. Каля 30 000 чалавек былі забітыя.


Літва, Латвія і Эстонія, 1940 год

У 1939 годзе Масква аказала ціск на краіны Балтыі для падпісаньня імі пактаў узаемадапамогі, якія давалі савецкаму ўраду права разьмяшчаць вайсковыя базы ва ўсіх трох краінах.

Савецкі Саюз выкарыстаў пагадненьні для амаль адначасовых ўварваньняў, увёўшы войскі ў Літву 16 чэрвеня 1940 году, а ў Латвію і Эстонію на дзень пазьней.

Усяго за некалькіх дзён 500 000 вайскоўцаў Чырвонай Арміі занялі Балтыйскі рэгіён, захапіўшы ўсе камэрцыйныя і вайсковыя караблі, самалёты і базы. Усьлед за гэтым пачаліся масавыя дэпартацыі і палітычныя рэпрэсіі супраць «антысавецкіх элемэнтаў».


Воўк у авечай шкуры?

Назіральнікі цяпер высьмейваюць Расею, якая рашуча выступае супраць стварэньня калідораў дапамогі ў разрыванай вайной Сырыі, і адначасова выклікае дух гуманітарнай дапамогі ў любым іншым месцы – у прыватнасьці, ва Ўсходняй Украіне, дзе вялікая частка пакут цывільнага насельніцтва выкліканая самой Расеяй, якая падтрымлівае сэпаратысцкіх мяцежнікаў.


А іншыя папросту атрымліваюць асалоду, уяўляючы, як расейскі канвой можа незаўважна пракрасьціся ва Ўкраіну ў складзе калёны размаляваных эмблемамі Чырвонага крыжа танкаў.


...Або кантрабанду зброі празь мяжу...

Або як расейцы брава маршыруюць пад выглядам Траянскіх коней:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG