Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайграе ці выйграе Беларусь ад эканамічнай вайны паміж Расеяй і Захадам?


Беларускія афіцыйныя асобы актыўна абмяркоўваюць магчымасьці выкарыстаньня гандлёвай вайны, якая пачалася паміж Расеяй і Захадам. Ці зможа Беларусь запоўніць расейскі рынак прадуктамі харчаваньня? Як паўплываюць на Беларусь эканамічныя праблемы ў Расеі?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Сяргей Чалы.

Ці зможа Беларусь запоўніць расейскі рынак прадуктамі харчаваньня?

Валер Карбалевіч: «Эканамічная вайна, якая пачалася паміж Расеяй і Захадам, стварае для Беларусі як новыя праблемы, так і новыя магчымасьці. Чаго тут больш?

Найперш, пагаворым пра тое, як Беларусь можа скарыстаць забарону на імпарт прадуктаў харчаваньня з заходніх краін у Расею. Здаецца, значна павялічыць вытворчасьць харчовых тавараў Беларусі нерэальна. Але можна выкарыстаць схему замены. Вось Лукашэнка ў панядзелак прымаў прэм’ера Мясьніковіча і даручыў выкарыстаць тыя фуры з харчаваньнем з Эўропы, якія стаяць на мяжы. А начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Аляксей Багданаў адзначыў, што можна выкарыстаць перанакіроўваньне плыняў харчаваньня зь іншых краін. То бок харчовыя тавары з Эўропы запоўняць беларускі рынак, а беларуская прадукцыя пойдзе ў Расею. Як вам такая схема?»

Барыс Жаліба: «Трэба выкарыстоўваць гэтую гандлёвую вайну на сваю карысьць. Для Расеі варыянты імпарту харчаваньня з Азіі ці Паўднёвай Амэрыкі патрабуюць часу і дадатковых лягістычных выдаткаў.

Беларусь і дасюль выкарыстоўвала рээкспарт у Расею зь іншых краін. Напрыклад, Беларусь прадавала ў Расею бананы, апэльсіны, якія відавочна паходзяць з трапічных краін.

Можна купляць заходнюю сыравіну, тут перапрацоўваць і экспартаваць у Расею. Напрыклад, пастаўляць туды каўбасу, вырабленую з польскага мяса. Ёсьць у нас рэзэрвы, каб больш прадаваць у Расею малочнай прадукцыі, гародніны, напрыклад, бульбы. У меншай ступені існуюць магчымасьці экспарту садавіны. А вось рост экспарту мяса ў Расею абмежаваны. Бо нядаўна ў нас саміх быў дэфіцыт сьвініны».

Сяргей Чалы: «Пачну з таго, што адраджэньня сельскай гаспадаркі Расеі з-за гэтых санкцыяў ня будзе, хоць у Расеі пра гэта шмат кажуць. Бо патрэбныя значныя інвэстыцыі ў гэтую галіну. І каб яны далі вынік, патрэбен час. А калі ўлічыць, што гандлёвая вайна можа з палітычных прычын неўзабаве спыніцца, то інвэстыцыі ў сельскую гаспадарку Расеі рызыкоўныя. Цяпер ЭЗ намякае Бразыліі і Чылі, што нарошчваньне экспарту ў Расею, каб замясьціць эўрапейскую прадукцыю, будзе нядобрым палітычным крокам.

Магчымасьці беларускага АПК нарасьціць вытворчасьць невялікія. Міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Заяц у інтэрвію на партале БелТА адзначыў што мы можам нарасьціць пастаўкі харчаваньня ў Расею на 15–20%. Але высьвятляецца, што гэта магчыма толькі па асобных таварных пазыцыях. Дый увогуле, думаю, гэтыя лічбы завышаныя. Напрыклад, пастаўкі беларускага малака ў Расею гэтым годам вырасьлі толькі на 3%. То бок фактычна галіна працуе «з колаў». Галоўная праблема, якая стрымлівае рост вытворчасьці малака і мяса, — гэта кармы. І гэтае пытаньне хутка ня вырашыць. Таму нарасьціць экспарт можна толькі за кошт агаленьня ўнутранага рынку. Схема, калі купляем польскае мяса, а сваё прадаём у Расею, працуе яшчэ з 2011 году, калі пасьля дэвальвацыі стала выгадна ўсё прадаваць у Расею.

Магчымасьці беларускага АПК нарасьціць вытворчасьць невялікія

Тут ёсьць адзін юрыдычны момант. Расея ня можа забараніць прадаваць у Расею прадукцыю з тэрыторыі краін-сябраў Мытнага зьвязу, нават калі гэта тавары трэціх краін. Таму калі Лукашэнка кажа, што мы разумеем Расею і ня будзем займацца пастаўкамі эўрапейскага харчаваньня праз сваю тэрыторыю, то гэтым мы дэманструем сваю добрую волю і ляяльнасьць да Масквы.

Але, думаю, тут будзе існаваць і кантрабанда, і рэбрэндынг, калі польскія яблыкі будуць пастаўляцца ў Расею пад выглядам беларускіх (прычым немагчыма вызначыць, чые гэта яблыкі насамрэч). Будзе выкарыстоўвацца нават не перапрацоўка, а толькі пераўпакоўка, каб назваць купленую за мяжой прадукцыю беларускай. І прадукцыю з гэтых фур на мяжы можна купіць па мінімальных цэнах, бо яна хутка псуецца.

Цэны на харчаваньне ў Расеі ўжо пачалі расьці. Гэта значыць, што «партызанскія» пастаўкі ў Расею, нават насельніцтвам, будуць адбывацца. Будзе паўтарацца сытуацыя 2011 году, калі на ўнутраным рынку з-за гэтага ўзьнік дэфіцыт. Таму перад уладамі стаіць дылема: нарошчваць экспарт у Расею ці абараняць свой рынак? Думаю, спачатку павялічыцца экспарт, а потым пачнецца барацьба з дэфіцытам на ўнутраным рынку з дапамогай павышэньня цэнаў да ўзроўню маскоўскіх«.

Карбалевіч: «А яшчэ міліцыя пачне правяраць электрычкі, каб прадухіліць вываз харчаваньня ў Расею».

Як уплываюць на Беларусь заходнія санкцыі адносна расейскіх банкаў?

Карбалевіч: «Эканамічныя санкцыі ЗША і ЭЗ моцна ўдарылі па расейскай эканоміцы. Шмат інвэстараў сыходзіць з краіны. Заходнія санкцыі моцна ўдарылі па банкаўскім рынку Расеі.

З улікам таго, што ў Беларусі існуе значная прысутнасьць расейскіх банкаў, як гэта паўплывае на беларускую эканоміку? Тры расейскія банкі, які трапілі пад санкцыі — ВТБ, Внешэкономбанк, Сбербанк — крэдыторы беларускага ўраду. Як гэта можа адбіцца на магчымасьці рэструктурызацыі беларускіх пазыкаў?»

Жаліба: «Тыя выгады, якія атрымае Беларусь ад павелічэньня экспарту харчаваньня ў Расею, будуць нівэляваныя стратамі, якія яна панясе ад зьмяншэньня экспарту прадукцыі прамысловасьці. Бо пакупная здольнасьць расейскага рынку зьмяншаецца.

Цяпер на Беларусі вісіць пазыка ў 2 млрд даляраў банку ВТБ. Увогуле, Расея застаецца адзіным крэдыторам Беларусі. І ўдар па расейскай эканоміцы ад санкцыяў і ад канфлікту Расеі з Украінай можа адмоўна адбіцца на здольнасьці банкаў РФ крэдытаваць Беларусь».

Чалы: «Ня думаю, што новая сытуацыя адмоўна адаб’ецца на здольнасьці банкаў РФ крэдытаваць Беларусь. Бо гэтыя брыдж-крэдыты выгадныя расейскім банкам. Не выключаю, што гэтыя крэдыты выдаюцца пад заклад беларускай уласнасьці, як гэта адбылося з крэдытам Сбербанка ў 2011 годзе.

Тут можа ўзьнікнуць іншая праблема. Дагэтуль адной з асноўных крыніцаў паступленьня валюты ў краіну былі сындыкаваныя крэдыты, якія „дочкі“ расейскіх банкаў атрымлівалі з сваіх „мацярынскіх“ расейскіх банкаў. А Нацбанк залічваў гэтую валюту сабе ў золатавалютныя рэзэрвы, выдаючы ўзамен гэтым банкам беларускія рублі. Цяпер такі мэханізм будзе ўскладнены».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG