Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цяпер адбываецца ў Луганску? Ці патрапляе ў горад гуманітарная дапамога? Якое значэньне можа мець для Луганску гуманітарны канвой, які накіроўвае ў рэгіён Расея?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да рэдактара луганскай «Рэальнай газэты» Андрэя Дзіхцярэнкі. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Якая цяпер гуманітарная сытуацыя ў Луганску? Ці праўда, што там фактычна адключыліся ўсе сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня гораду?

Андрэй Дзіхцярэнка

Андрэй Дзіхцярэнка

Дзіхцярэнка: Па вялікім рахунку так і ёсьць. У горадзе адсутнічае сьвятло і вада. Жыхары выстройваюцца ў вялікія чэргі з пустымі ёмкасьцямі для вады ў нямногіх месцах, дзе ёсьць сьвідравіны. У Луганску практычна адсутнічае тэлефонная сувязь. У Луганску, як і ў іншых гарадах усходу Ўкраіны, людзі пераважна карысталіся тэлефонамі мабільнага апэратара «МТС Украіна». Дык вось ён ня ловіць абсалютна. Нямногія шчасьліўчыкі, у якіх ёсьць «Кіеўстар» ці Лайв у некаторых кропках гораду могуць датэлефанавацца. У Луганску людзі перадаюць адзін аднаму інфармацыю пра зоны, дзе хоць неяк працуе мабільная сувязь і жыхары гораду праз разбомблены горад прабіраюцца ў гэтыя кропкі, каб паведаміць родным, што яны жывыя і скаардынаваць магчымасьць выезду.

РС: А ці ёсьць нейкі падвоз харчаваньня?

Дзіхцярэнка: Падвоз вельмі бедны. Ёсьць інфармацыя, што працуе адзін хлебазавод, пячэ хлеб, хлеб прадаецца з машынаў. З машын ідзе гандаль кансэрвамі, крупамі, большасьць крамаў не працуе, у асноўным з-за таго, што няма сьвятла. Адчыняюцца нейкія лаўкі, распрадаюць рэшткі. Голад яшчэ не надышоў, ёсьць запасы, якія распрадаюцца. Але калі гэтая сытуацыя зацягнецца, калі кальцо, якое цяпер сьціскаецца вакол Луганску, будзе ўтрымлівацца, калі ўкраінская армія ня будзе ўваходзіць у горад і гуманітарная дапамога не паступіць, пэрспэктыва голаду можа стаць рэальнай.

ЛНР, якая кантралюе горад, раздае бясплатна прадукты. Яны кажуць, што гэтыя прадукты – гуманітарны груз з Расеі, але раздаюць гэтыя прадукты ў пакетах гіпэрмаркета «Мэтра». Ёсьць зьвесткі, што гэта прадукты з гэтага гіпэрмаркету, якія яны экспрапрыявалі.

РС: Людзі з Данецку кажуць, што там таксама кепска, але ня так кепска, як вы распавядаеце пра Луганск. Там вада і электрычнасьць зьнікаюць пэрыядычна толькі ў асобных раёнах. Чаму, як вы мяркуеце?

Дзіхцярэнка: У Луганску пачалося раней, чым у Данецку. Украінскія войскі падышлі да Луганску, пачалі яго аточваць з усіх бакоў, пачаліся абстрэлы з абодвух бакоў. Горад менш, чым Данецк, акружыць яго прасьцей. Фактычна з пачатку ліпеня горад апынуўся ў аблозе.

Ёсьць два вузенькія калідоры. Адзін вядзе на Краснадон, на Ізварына, ён кантралюецца баевікамі і Расеяй. І другі калідор, празь які людзі зьбягаюць і празь які ідзе бедны ручаёк гаманітарнай дапамогі і лекаў – гэта на поўнач, на Шчасьце і далей на Старабельск. Выхад з гэтага калідору кантралюе Ўкраіна.

Луганск раней пачалі абстрэльваць. Абстрэлы вяліся звонку, па пазыцыях баевікоў, хаця, зразумелі, гінулі і цывільныя людзі, бо гэта вайна. Але ёсьць зьвесткі пра тое, што невядомыя зь мінамётаў абстрэльвалі жылыя аб'екты знутры.

Нібыта ЛНР абвясьціла паляваньне за гэтымі дывэрсійнымі групамі, але ніводнай злавіць ня здолелі. Мэты гэтых людзей невядомыя, акрамя таго, каб дадаткова пасеяць паніку. Я ня веру ў тое, што гэта ўкраінскія дывэрсанты. Гіпатэтычныя ўкраінскія дывэрсанты, узброеныя мінамётамі, проста не маглі б патрапіць у горад, які ўжо 2 месяцы на 100% кантралюецца баевікамі.

РС: Напачатку цяперашняй фазы АТА я гаварыў з украінскімі вайскоўцамі, яны казалі, што плян – узяць у аблогу Луганск і Данецк, але туды будзе прапускацца транспарт з харчаваньнем, украінскія блёкпосты будуць затрымліваць толькі зброю і баевікоў. Але гэтага, наколькі я зразумеў з вашых словаў, не адбываецца?

Дзіхцярэнка: Не. Я кажу – ёсьць два калідоры. Той, што вядзе на ўсход, кантралюецца Расеяй, і гэта шлях трафіку і ўзбраеньняў, і баевікоў, і гуманітарных грузаў. У чым праблема другой фазы АТА – што заяўленая мэта, перакрыцьцё мяжы з РФ, дасягнутая не была.

РС: А колькі людзей засталося ў Луганску?

Дзіхцярэнка: Гэта вельмі складанае пытаньне. Ёсьць прыкладныя падлікі, ёсьць ускосныя мэтады ацэнкі. У ліпені, калі яшчэ працаваў гіпэрмаркет АТБ, яны паведамілі, што ў іх на траціну зьнізілася выручка. І гэта пры тым, што быў ажыятажны попыт, людзі бачылі, да чаго ўсё ідзе і закупаліся ў запас. Гэтае падзеньне выручкі сьведчыла, што траціна ці нават палова насельніцтва магла пакінуць Луганск.

Напачатку жніўня, калі Луганская гарадзкая рада яшчэ магла публікаваць зводкі, яна паведамляла, што ў горадзе засталося 200 тысяч жыхароў з 500 тысяч, якія былі раней, да пачатку гэтых трагічных падзеяў.

Я мяркую, што ад 50% да 66% пакінулі горад. Але і засталося шмат.

Тое, што ўкраінскія войскі не сьпяшаюцца браць Луганск, зьвязана з тым, што яны ня хочуць весьці вулічныя баі. Мы памятаем, як ішла апэрацыя ў Грозным падчас першай чачэнскай вайны, колькі загінула людзей.

Стаўка робіцца на тое, што акружэньне прымусіць баевікоў здаць яго гэтак жа, як яны здалі Славянск. Але самі баевікі чакаюць, што Пуцін увядзе войскі. Ідзе гульня ў выкурваньне пацука з нары. Але пакуль бяз посьпеху.

РС: Ці ёсьць зьвесткі пра страты сярод мірнага насельніцтва?

Дзіхцярэнка: Афіцыйна – гэта 500 загіблых ад пачатку «гарачай» фазы толькі ў Луганску. Гэта афіцыйныя зьвесткі, вяліся падлікі, у тым ліку і АБСЭ. Былі дні, калі 5 чалавек гінула, а былі – калі і 40. Зараз можна казаць пра 600-700 загіблых.

Але гэта не зусім дакладная лічба. Не заўсёды мэдычная служба можа весьці ўлік, бо многія мэдыкі таксама пакінулі Луганск, не заўсёды трупы трапляюць у поле зроку мэдыкаў, бывае, што баевікі іх закапваюць недзе ў лесе, дзе людзі гінуць. Цяжка весьці падлікі. На гэтай тэрыторыі абсалютная інфармацыйная непразрыстасьць і тварыцца можа што заўгодна. І мы, людзі, якія адтуль выехалі, мяркуем па зьнешніх прыкметах, спрабуем весьці падлікі, як я вам распавядаў, наконт гэтых супэрмаркетаў.

РС: На ваш погляд, той гуманітарны канвой, пра які абвясьціў Пуцін – ён можа неяк палепшыць гуманітарную сытуацыю ў Луганску?

Дзіхцярэнка: У мяне ёсьць сумневы ў тым, што гэты канвой будзе сапраўды гуманітарным. Перафарбаваны вайсковы грузавік застаецца вайсковым грузавіком. Мы ня ведаем, якія грузы знаходзяцца ў гэтых грузавіках. У нас часта параўноўваюць гэты канвой з траянскім канём.

Я ня думаю, што ён адыграе пазытыўную ролю. Калі б украінскі бок змог дамовіцца з баевікамі ЛНР і забясьпечыць нармальны падвоз гуманітарных грузаў, то праблема гуманітарнай катастрофы, якая ёсьць у Луганску і, падазраю, у іншых гарадах Данбасу, была б зьнятая. Але ўсе перамовы на гэты конт заходзілі ў тупік. Баевікі ня хочуць даць украінскаму боку магчымасьць зьняць гэтае напружаньне.

Нават калі гэты канвой сапраўды вязе толькі гуманітарны груз, у любым выпадку гэта будзе вялікі прапагандысцкі эфэкт для Пуціна, маўляў, толькі Расея змагла забясьпечыць людзей на ўсходзе Ўкраіны.

Пуцін – чалавек спэцслужбаў. Ён мысьліць катэгорыямі спэцапэрацый. Гэты ягоны жэст з гуманітарным канвоем – гэта нават не палітыка, гэта спэцапэрацыя ў чыстым выглядзе. Як і ўся сытуацыя ў Данбасе, наладжаная зь непасрэдным удзелам Пуціна. Таму ў мяне больш перасьцярогаў, чым надзеяў у сувязі з гэтым гуманітарным канвоем.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG