Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы палітвязень? Ці злосны хуліган?


У Кастрычніцкім судзе Менску скончыўся працэс па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога асудзілі на тры гады зьняволеньня паводле артыкула аб злосным хуліганстве.

Тры гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму давядзецца адбыць праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, калі гарадзкі суд пацьвердзіць сёньняшні прысуд, вынесены судзьдзёй Алай Абакунчык з Кастрычніцкага суду Менску. Бандарэнка ўжо заявіў, што мае намер падаваць скаргу. Судзьдзя прызнала Андрэя Бандарэнку вінаватым па ўсіх трох частках 339 артыкула — то бок у хуліганстве, паўторным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве. Нагадаю, сам Бандарэнка прызнаваў сябе вінаватым толькі ў хуліганстве і выбачаўся перад дзьвюма пацярпелымі з трох, якія праходзілі па ягонай справе.

Судзьдзя Абакунчык пакарала Бандарэнку чатырма гадамі зьняволеньня і адразу ўжыла адносна яго амністыю, якая цяпер праходзіць у Беларусі. Такім чынам, канчатковы прысуд Андрэю Бандарэнку — 3 гады зьняволеньня. Адабраныя ў яго падчас арышту 400 даляраў ЗША суд пастанавіў праваабаронцу вярнуць.

На працэсе Андрэй Бандарэнка заяўляў, што гэта спэцслужба замовіла супроць яго правакацыю. Якая дакладна спэцслужба — ён не ўдакладняў. Ці будзе Андрэй Бандарэнка прызнаны вязьнем сумленьня? Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў наконт гэтага адразу разышліся. Ня бачыць падстаў лічыць справу Бандарэнкі палітычна матываванай праваабаронца зь «Вясны» Тацяна Равяка:

«У нас на судзе прысутнічалі прадстаўнікі „Вясны“, гэта Ўладзь Лабковіч і Павал Сапелка, а на першым паседжаньні і я прысутнічала, таксама мы вельмі ўважліва сачылі за справай па матэрыялах у мэдыях. І ня ўбачылі, што перасьлед быў зьвязаны з праваабарончай дзейнасьцю. Гэтаксама ня ўбачылі, што яго пакаралі за рэалізацыю сваіх правоў. Мы ўсе людзі і, на жаль, робім памылкі. Мяркую, што ў дадзеным выпадку можна казаць пра памылку, зробленую нашым калегам, якога мы вельмі паважаем».

Паводле Тацяны Равякі, 3 гады за злоснае хуліганства — гэта тыповае ў Беларусі пакараньне за падобныя злачынствы. Праваабаронца спаслалася на судовую практыку, якую адмыслова вывучалі ў сувязі са справай Андрэя Бандарэнкі.

А вось праваабаронца, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова мяркуе, што справа Бандарэнкі мае палітычны падмурак:

«15 сутак, якія ён адбыў яшчэ ўвесну, — гэта той тэрмін, які роўны ягонаму праступку. А 3 гады — гэта палітычна матываваны прысуд, бо ён не адэкватны таму што зрабіў Бандарэнка. А вінаваты ён ня ў злосным хуліганстве, а ўсяго толькі ва ўдзеле ў бытавой сварцы з суседкамі. Гэта ні з чым не параўнаць, і гэта сьведчыць пра палітычны бок працэсу, які быў замоўлены».

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валер Шчукін таксама мяркуе, што ў першым эпізодзе справы Бандарэнка стаў ахвярай добра падрыхтаванай правакацыі:

«Эпізод з гэтым Яворскім — гэта чыстая правакацыя. І сьведка гэтага эпізоду — усё падроблена. Але гэтага яўна не хапала, каб асудзіць. І тут здарыўся гэты канфлікт з суседкамі. Ня думаю, што ён быў падстроены, але за яго ўхапіліся, і ня дзіва, што ўхапіліся».

Пракурор Аляксандар Бароўскі адмовіўся камэнтаваць прысуд, паабяцаўшы зрабіць гэта пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG