Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заявіла, што не дапусьціць на сваю тэрыторыю расейскую гуманітарную калёну


Андрэй Лысенка, прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, заявіў, што расейская гуманітарная дапамога ня будзе дапушчана ва Ўкраіну датуль, пакуль ня будзе сэртыфікаваная Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта Валеры Чалы заявіў, што Ўкраіна не дапусьціць расейскую дапамогу, калі яна будзе суправаджацца расейскімі вайскоўцамі або супрацоўнікамі Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі.

Канвой з амаль 300 расейскіх грузавікоў вырушыў ва Ўкраіну раніцай 12 жніўня, на наступны дзень пасьля заключэньня пагадненьня аб міжнароднай гуманітарнай місіі.

Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што грузавікі везьлі 2000 тон дапамогі — ад дзіцячага харчаваньня да спальных мяшкоў.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа заявіў, што ня меў ніякай інфармацыі пра тое, што менавіта грузавікі везьлі або дзе яны грузіліся.

Украінскія і заходнія афіцыйныя асобы выказалі заклапочанасьць тым, што Расея можа выкарыстаць гуманітарную дапамогу як падставу для адпраўкі войскаў ва Ўсходнюю Украіну, дзе ўрадавыя сілы вядуць барацьбу з прарасейскімі сэпаратыстамі.

Чалы заявіў, што расейскія грузавікі павінны быць выгружаны на мяжы, і тавары павінны перавозіцца транспартнымі сродкамі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Украінскі ўрад таксама заявіў, што дапамога павінна перасякаць мяжу ў месцах, якія знаходзяцца пад кантролем украінскага ўраду і прынамсі за 100 кілямэтраў ад тэрыторыяў, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў.

МНС Расеі, якое кіруе канвоем, не паведаміла, дзе ён плянуе перасекчы мяжу.

Былы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма, які раней разам з паслом Расеі браў удзел у трохбаковых перамовах, сказаў, што канвой перасячэ мяжу ў Харкаўскай вобласьці, далёка ад раёнаў, якія пацярпелі ад баявых дзеяньняў.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў вайсковай дапамозе сэпаратыстам. Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў 11 жніўня, што ён бачыць «высокую верагоднасьць» таго, што Расея можа паспрабаваць умяшацца ў вайсковае процістаяньне ва Ўкраіне «пад прыкрыцьцём гуманітарнай апэрацыі».

Заходнія чыноўнікі засьцераглі Расею ад любой аднабаковай вайсковай акцыі ва Ўкраіне пад любой падставай.

Пра гэта інфармуюць агенцтвы Assotiated Press і Reuters.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG