Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Салігорску гарнякам не дазволілі правесьці пікет


Салігорскі райвыканкам адмовіў Незалежнаму прафсаюзу гарнякоў ААТ «Беларуськалій» у правядзеньні пікету 15 жніўня на стадыёне «Будаўнік».

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюзу Юры Захараў:

«Нам адмоўлена ў правядзеньні мерапрыемства. Прычына — правядзеньне нейкага спартовага сьвята. Пакуль мы пісьмова адказу не атрымалі, толькі праз тэлефон. Нам было сказана, што на гэты час заплянавана правядзеньне нейкага дзіцячага мерапрыемства — менавіта ў гэты час».

Спадар Захараў адмовіўся распавядаць пра мэты пікетаваньня, патрабаваньні.

Але на афіцыйным сайце Незалежнага прафсаюзу паведамляецца, што мэта мерапрыемства — «выказваньні грамадзкай думкі сяброў прафсаюзу — работнікаў ААТ „Беларуськалій“ па пытаньнях: заработнай платы; бясьпекі працы (рэжыму працы, зьменнасьці); захаваньня сацыяльных ільготаў і гарантыяў працаўнікоў, якія трапляюць пад рэарганізацыю; паляпшэньня пэнсійнага забесьпячэньня; падтрымкі маладых сем’яў».

На пачатку жніўня ў Салігорску адбылася сустрэча актывістаў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў і Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Лідэр БКДП Аляксандар Ярашук тлумачыць:

Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

«Там праблема палягае ў графіку зьменаў. Таму што ў мэтах эканоміі на прадпрыемстве прынята рашэньне пераразьмеркаваць зьменнасьць у бок павелічэньня начных зьменаў. Дарэчы, гэтае пытаньне вельмі заблытанае, таму што ў нас юрыдычная база недасканалая. Начныя зьмены, вядома ж, будуць адбівацца на здароўі людзей».

Гэтую праблему БКДБ спрабуе вырашыць і на афіцыйным узроўні — зь Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, кажа Аляксандар Ярашук:

«Мы і зь міністрам Марыянай Шчоткінай у непасрэдным кантакце, у нас быў у сярэдзіне ліпеня сэмінар з удзелам Міжнароднага бюро працы, яна таксама прысутнічала. Дарэчы, Мінпрацы дало адказ, які нас задавальняе. Але пытаньні да гэтай пары ня вырашаныя».

Афіцыйны прафсаюз на «Беларуськаліі» таксама ўплывовы, таму што гэта шахтары, адзначае лідэр БКДП спадар Ярашук. Але сваю пазыцыю пакуль яны не выказваюць. А вось незалежны прафсаюз спрабуе пытаньне вырашыць:

«Маючы на ўвазе акалічнасьць, што там далёка ня ўсе шахцёры за тое, каб менш было начных зьменаў. На вялікі жаль, так сёньня жыве ўся Беларусь, і гэта вельмі прыкра, таму што, да прыкладу, у Эўропе ўжо даўно забыліся, што ёсьць такі тэрмін «шкодныя ўмовы працы». Іх няма наагул. А ў нас будуць біцца, калі людзей будуць выводзіць са сьпісу 1.2 — «са шкоднымі ўмовамі працы».

Істотнай праблемы з заробкамі на «Беларуськаліі» няма, тут няма чаго грашыць, выказаў меркаваньне Аляксандар Ярашук.

«Там цалкам прымальныя заробкі. Дый наагул фінансава-эканамічны стан прадпрыемства задавальняючы. Таму казаць, што з гэтай нагоды там можа існаваць нейкая сацыяльная напружанасьць, нельга».

Тым ня менш Незалежны прафсаюз гарнякоў хоча прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў, падае заяўку на пікет, а Салігорскі райвыканкам нечага баіцца і адмаўляе.

XS
SM
MD
LG