Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Немагчыма ўзгадаць ніводную гуманітарную апэрацыю з удзелам Расеі, дзе б яна не перасьледавала ўласныя мэты


Адпраўка гуманітарнага канвою ва Ўкраіну

Адпраўка гуманітарнага канвою ва Ўкраіну

У Злучаных Штатах асьцерагаюцца, што гуманітарная місія Крамля — гэта толькі шырма для падрыхтоўкі агрэсіі. У панядзелак прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Барак Абама і Пётр Парашэнка падчас тэлефоннай размовы прыйшлі да адзінага меркаваньня, што дзеяньні Расеі на ўкраінскай тэрыторыі без папярэдняй згоды Кіева непрымальныя.

«НАТО: высокая верагоднасьць расійскага ўварваньня», — піша выданьне Daily Beast. «Расея пасылае аўтакалёну з дапамогай, нягледзячы на папярэджаньні Захаду аб тым, што гэта падстава для ўварваньня», — перадае інфармацыйнае агенцтва Reuters. «Абама перасьцерагае Расею ад далейшага ўмяшаньня на Украіне», — паведамляе газэта The Wall Street Journal, а The Washington Post публікуе рэдакцыйны артыкул «Захад павінен супрацьстаяць „гуманітарнаму“ ўварваньню Расеі ва Ўкраіну». «Ці будзе дастаткова заклікаў і папярэджаньняў з боку заходніх сталіц для таго, каб прадухіліць такія дзеяньні з боку расейскага кіраўніка Ўладзімера Пуціна, незразумела, — піша газэта. — Але Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі павінны быць гатовыя да хуткіх дзеяньняў, калі расейскія ўзброеныя сілы перасякуць мяжу Ўкраіны». Газэта прапануе рэзка пашырыць ваенную дапамогу Ўкраіне і падрыхтаваць сьпіс новых мер ціску на Маскву.

Сур’ёзны недавер да матываў і мэтаў дзеяньняў Масквы на ўсходзе Ўкраіны абумоўлены назапашаным нэгатыўным вопытам узаемадзеяньня з Крамлём, кажа Арч Падынгтан, віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House:

— Я асабіста адчуваю засьцярогі адносна любых крокаў Расеі ва Ўкраіне. Немагчыма ўзгадаць ніводную гуманітарную апэрацыю з удзелам Расеі, дзе б яна не перасьледавала свае ўласныя мэты. Я ня ведаю ніводнага прыкладу, калі б Расея выступала ў ролі гуманітарнага донара па прыкладзе Злучаных Штатаў, заходнеэўрапейскіх краін або Японіі. На мой погляд, адпраўка расейскай аўтакалёны з гуманітарнай дапамогай уяўляе сабой, хутчэй за ўсё, альбо спробу пачаць ваеннае ўварваньне пад прыстойнай падставай, альбо спробу пагоршыць напружанасьць, ствараючы дадатковую нявызначанасьць адносна далейшых дзеяньняў расейскага ваеннага кантынгенту, разьмешчанага на мяжы з Украінай. Вядома, я магу памыляцца, і Масква адпраўляе грузы ва Ўкраіну з жаданьнем аказаць гуманітарную дапамогу, але ня выключана, што падчас гэтай гуманітарнай апэрацыі адбудуцца інцыдэнты, якія могуць справакаваць умяшаньне расейскай арміі пад маркай спыненьня праліцьця крыві і ўсталяваньня міру ў рэгіёне.

Калі расейская армія выношвае пляны ўварваньня на Украіну, то гуманітарная апэрацыя можа стаць падставай.

Разам з тым Арч Падынгтан лічыць, што эфэктыўная гуманітарная місія на ўсходзе Ўкраіны магчымая, калі яна будзе праходзіць пад эгідай Чырвонага Крыжа:

— Такая апэрацыя будзе мець сэнс у выпадку ўдзелу ў ёй Чырвонага Крыжа. Ён адрозьніваецца тым, што заўсёды робіць усё неабходнае для таго, каб прадухіліць выкарыстаньне падобных сытуацый у палітычных інтарэсах тых альбо іншых краін.

Амэрыканскі экспэрт Рычард Вайтц з Гудзонаўскага інстытуту ў Вашынгтоне кажа, што прадказаць дзеяньні Расеі немагчыма:

— Калі расейская армія выношвае пляны ўварваньня на Украіну, то гуманітарная апэрацыя можа стаць падставай. Расея захоча ўвесьці войскі, скажам, для абароны мірнага насельніцтва або для забесьпячэньня падтрымкі гуманітарнай апэрацыі. Але, зь іншага боку, аказаньне дапамогі насельніцтву Луганскай і Данецкай абласьцей дае Пуціну шанец пагасіць крызіс і годна адступіць. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўрад Украіны пагодзіцца на ўдзел Расеі ў міжнароднай акцыі дапамогі насельніцтву гарадоў, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў.

— Якім можа быць заходні адказ, калі Расея ўвядзе войскі ва Ўкраіну?

— Саюз НАТО заявіў, што ня ўступіць у ваенныя дзеяньні, але ён рыхтуе аб’ёмны пакет дапамогі Ўкраіне, які ўключае падрыхтоўку яе ўзброеных сіл. Акрамя гэтага, можна чакаць увядзеньня дадатковых санкцый і падаўжэньня іх дзеяньняў, — кажа амэрыканскі экспэрт Рычард Вайтц.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG