Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Макаеў: «Спадзяюся, будзем зь Юленькай разам назаўжды»


Алесь Макаеў і Юля Сьцяпанава

Алесь Макаеў і Юля Сьцяпанава

Прадпрымальнік Алесь Макаеў распавёў Свабодзе пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна і пра тое, што ягоная грамадзянская жонка Юлія Сьцяпанава просіць яго быць больш пільным падчас правядзеньня акцыяў зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Актывіст быў затрыманы ўвечары 27 ліпеня каля Чырвонага касьцёла ў Менску. Ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг у часе малебну за вызваленьне палітвязьняў, які адбываўся ля касьцёлу сьвятых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасьці. 11 жніўня Алесь Макаеў быў вызвалены з турмы на Акрэсьціна, адбыўшы 15 сутак арышту. Ля турэмнай брамы яго чакала цяжарная грамадзянская жонка — вядомая апазыцыйная актывістка Юлія Сьцяпанава.

— Спадар Алесь, якія ўражаньні былі пасьля вызваленьня?

— Вельмі ўзрушыўся, бо сустракалі мяне вельмі шмат людзей. Быў разгорнуты сьцяг Украіны. Я думаю, праз гэта мой выхад быў затрыманы на паўгадзіны, людзі ўжо пачалі злавацца. Каля ўваходу дзяжурылі чатыры аўтазакі з амапаўцамі і дзьве машыны ДАІ. Добра, што абышлося без затрыманьняў.

— Якія ўмовы былі на Акрэсьціна?

— Сядзеў там ня першы раз, дык магу сказаць, што нават лепш стала. Камэра была пафарбаваная. У камэры сядзелі два чалавекі, таму нават лепш было, чым звычайна, бо паветра было больш сьвежае.

— Як змагаліся са сьпёкай?

— Сьпякота стаяла моцная. Але людзі прызвычайваюцца, таму гэты фактар я нават не разглядаў як складанасьць.

— Гэтыя 15 сутак Вы маглі б правесьці з грамадзянскай жонкай Юляй Сьцяпанавай, а замест гэтага сядзелі ў турме. Ці не вялікі кошт за тое, каб падняць бел-чырвона-белы сьцяг?

— Я ведаю, у якой краіне жыву. Бывае, што за сьцяг даюць і горшае. І крымінальныя справы ўзбуджалі. Вядома, за сьцяг людзі не павінны патрапляць пад рэпрэсіі, але нехта мусіць годна трымаць сьцяг. А Дзень Незалежнасьці — такая дата, калі гэта трэба рабіць, не зважаючы на тое, што будзе пакараньне. Трэба трымаць сьцяг, каб расейскі ўплыў не прыходзіў на Беларусь. Каб мы не атрымалі тое, што цяпер робіцца на Данбасе. Каб беларусы не крычалі «Расея!», трэба змагацца за нашы каштоўнасьці.

— Ці моцна Юля перажывала Вашу адсутнасьць?

— Юленька цяжарная. Вось у яе кругленькі вялізны жывоцік. Сем месяцаў. Вядома, ёй было цяжка безь мяне, я таксама пра яе вельмі моцна турбаваўся. Добра, што цяпер мы разам. Спадзяюся, што так будзе назаўжды.

— Цяпер Юля цяжарная, і хутка ў вас будзе немаўля. Ці будзеце больш асьцярожна ўдзельнічаць у акцыях, каб не патрапіць пад арышт?

— Так, Юля мне гаворыць, што трэба берагчыся. Але я і так акуратна ўсё раблю, зь мінімальнай магчымасьцю затрыманьня. Мы ж акцыі праводзім зь бел-чырвона-белым сьцягам і ў Беларусі, і па-за межамі нашай краіны. Затрыманьні сталі дастаткова рэдкімі. Але тут не ад нас залежыць, калі ўлады захочуць, то змогуць ужыць рэпрэсіі ў дачыненьні да любога актывіста, як бы ён ні бярогся.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG