Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-пад Масквы рушыла гуманітарная калёна ва Ўкраіну. Прыбыцьця на мяжу чакаюць у сераду


Паводле зьвестак расейскіх інфармагенцтваў, аўтакалёна з сотняў грузавікоў з расейскай гуманітарнай дапамогай жыхарам усходу Ўкраіны выехала ў ноч на аўторак з падмаскоўнага Нара-Фамінска.

Адпраўленьне калёны з 280 грузавікоў пацьвердзілі ў адміністрацыі Маскоўскай вобласьці. У грузавіках каля 2 тысяч тон гуманітарнай дапамогі: прадукты харчаваньня, у тым ліку 400 тон круп, 100 тон цукру, 62 тон дзіцячага харчаваньня, 54 тоны мэдычнага абсталяваньня і лекаў, 12000 спальных мяшкоў і 69 электрастанцый рознай магутнасьці.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў у аўторак выданьню Financial Times, што калёна з гуманітарнай дапамогай Расеі заедзе ва Ўкраіну ў пункце, узгодненым з Кіевам.

«Яна будзе арганізаваная Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа, але складаецца з расейскай калёны, якая заедзе на ўкраінскую тэрыторыю ў пункце, адносна якога дасягнута пагадненьне з украінскім бокам», — заявіў Пяскоў газэце ў інтэрвію, дадзеным да адпраўленьня калёны.

Як паведамляе ўкраінская служба ВВС, карыстальнікі сацсетак і блогеры актыўна абмяркоўваюць паведамленьне аб тым, што расейскія вайскоўцы перафарбоўваюць транспарт і тэхніку ў белы колер для адпраўкі ва Ўкраіну гуманітарнай дапамогі.

Ва ўкраінскім МЗС раней паведамілі, што на Луганшчыну ўвойдзе місія, у якой будзе гуманітарная дапамога, прадстаўленая Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, ЗША, Эўразьвязам, Расеяй, а таксама грузы, падрыхтаваныя ўкраінскім бокам. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, між тым, перасьцярог, што любое ўмяшаньне на падставе аказаньня «гуманітарнай» дапамогі жыхарам украінскіх рэгіёнаў, дзе ідуць баі, можа быць ажыццёўлена толькі пасьля ўзгадненьня з урадам Украіны.

Пра гэта ён сказаў у часе гутаркі з кіраўніком італьянскага ўраду Матэа Рэнца. Яны, у прыватнасьці, выказалі меркаваньне, што любыя крокі Расеі па няўзгодненым з Украінай «гуманітарным» умяшаньні будуць прызнаныя недапушчальнымі ды парушаючымі міжнародныя законы, і прывядуць да дадатковых санкцый супраць Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG