Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пройдзе несанкцыянаваная акцыя супраць вайны ва Ўкраіне


У Маскве сёньня вечарам адбудзецца акцыя памяці па загінуўшых на ўсходзе Ўкраіны — «Вечар памяці і смутку».

Улады Масквы двойчы адмовіліся ўзгадніць гэтую акцыю, якае першапачаткова плянавалася як антываенны марш. Пасьля другой адмовы было вырашана выйсьці на Пушкінскую плошчу з кветкамі і дзіцячымі малюнкамі супраць вайны, без плякатаў і транспарантаў. Там жа актывісты, у ліку якіх прадстаўнікі Расейскага камітэту салідарнасьці з Майданам, будуць зьбіраць лісты падтрымкі ўкраінцам, якія загінулі ў выніку ўзброенага канфлікту з сэпаратыстамі. Затым група людзей без лёзунгаў і плякатаў плянуе накіравацца да амбасады Ўкраіны, каб перадаць гэтыя лісты. Ля сьцен ўкраінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва яны зьбіраюцца ўскласьці кветкі і паставіць сьвечкі.

А 10-й гадзіне вечара арганізатары антываеннай акцыі заклікаюць усіх неабыякавых выйсьці на бальконы, у двары, на вуліцы і запаліць сьвечкі памяці. Адзін з актывістаў Павел Шолкаў распавёў Радыё Свабода, што выступ у Маскве адбудзецца адначасова з акцыямі салідарнасьці ў іншых краінах:

«На 12-е чысло заплянаваныя акцыі салідарнасьці яшчэ ў некалькіх краінах, у тым ліку ў ЗША, Нямеччыне і Грузіі. Нам у Маскве трэба гэтую акцыю правесьці ў такой форме, каб людзей не падставіць пад правакатараў, як гэта ўжо было 5 жніўня. У той дзень мы прыйшлі на Пушкінскую плошчу, каб людзей пераарыентаваць на дванаццатае. Папярэдзіць тых, хто мог выйсьці на акцыю, не ведаючы пра яе забарону. Але расейскія «цітушкі» зладзілі правакацыю: аблілі зялёнкай Марка Гальперына, аднаго з сябраў нашага камітэта. Чакаем, што 12 жніўня можа быць нешта падобнае, цалкам магчыма, што з ужываньнем гвалту. Таму мы будзем цяпер зьбірацца, абмяркоўваць, спрабаваць гэтую акцыю правесьці ў фармаце, які дазволены, дапусьцім, у форме адзіночных пікетаў.

Яшчэ адна наша акцыя — «Дзеці супраць вайны» — гэта конкурс дзіцячых малюнкаў. Дзеці па-свойму выказваюць свае пачуцьці. Думаю, малюнкаў набярэцца вялікая колькасьць, можа быць, нават выставу арганізуем. Мы таксама зьбіраем ахвяраваньні на закупку прэпаратаў, якія спыняюць кроў, для байцоў ўкраінскай арміі. Акцыя называецца «Выратуем жыцьцё салдата Ўкраіны на перадавой».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG