Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Абама: Любое ўмяшаньне Расеі ва Ўкраіну недапушчальнае


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнты ЗША Барак Абама і Ўкраіны Пятро Парашэнка падчас тэлефоннай размовы пагадзіліся, што «любое расейскае ўмяшаньне ва Ўкраіне без выяўленай згоды і аўтарызацыі ўкраінскай улады недапушчальнае і будзе разглядацца як парушэньне міжнароднага права».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Белага дома.

Як заявіў у панядзелак прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у тэлефоннай размове са старшынёй Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэлем Барозу, расейскі бок ва ўзаемадзеяньні з прадстаўнікамі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа накіроўвае ва Ўкраіну гуманітарны канвой.

Раней у гэты ж дзень расейскія СМІ цытавалі кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, які заявіў, што дэталі гуманітарнай дапамогі ўзгодненыя з Кіевам і яна пройдзе пад эгідай Чырвонага Крыжа.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу перасьцярог прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ад любых аднабаковых вайсковых дзеяньняў ва Ўкраіне, у прыватнасьці і з гуманітарнай падставай. Гэта адбылося падчас тэлефоннай размовы.

У сваю чаргу генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў аб «высокай верагоднасьці» ўварваньня Расеі на ўсход Украіны «пад выглядам гуманітарнай апэрацыі».

Расмусэн заявіў Reuters, што НАТО ня бачыць прыкмет таго, што Масква адводзіць свае войскі ад украінскай мяжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG