Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліна я не знайшоў недахопаў

Аўтар крыўляецца на фоне Рэйхстагу. Надпіс зьверху азначае «Нямецкаму народу». Гэтая фармулёўка дагэтуль выклікае спрэчкі (зрэшты, як і ўсё ў Нямеччыне)

Аўтар крыўляецца на фоне Рэйхстагу. Надпіс зьверху азначае «Нямецкаму народу». Гэтая фармулёўка дагэтуль выклікае спрэчкі (зрэшты, як і ўсё ў Нямеччыне)

У рамках праграмы «Дыялёг зь Нямеччынай» на запрашэньне Міністэрства замежных спраў і Інстытуту замежных культурных дачыненьняў Нямеччыны давялося пабываць у Бэрліне.

У гэтых нататках — спроба ўхапіць нейкія яскравыя моманты, імгненьні, уласныя ўражаньні ад сучаснай нямецкай сталіцы, якую шмат хто ўспрымае як самы прыкольны і жывы горад у сёньняшняй Эўропе.

Непазьбежны пункт любога арганізаванага падарожжа ў Бэрлін — гэта Рэйхстаг.

Відавочна, шмат хто чуў пра надпісы савецкіх вайскоўцаў з 1945-га, якія немцы захавалі і перанесьлі ўсярэдзіну будынку Рэйхстагу.

Ёсьць вядомая гісторыя, як пасьля аб’яднаньня Нямеччыны і пераезду парлямэнту з Бона ў Бэрлін адзін дэпутат, прыйшоўшы ў будынак Рэйхстагу і пабачыўшы аўтографы савецкіх салдат, падумаў, што гэта зрабілі хуліганы.

Мяне, аднак, уразіў пакойчык, своеасаблівая капліца для дэпутатаў-вернікаў. Бэрлінскі прынцып «традыцыя і сучаснасьць» (зь яўнай перавагай апошняй) уварваўся і сюды — замест традыцыйных сьціплых крыжоў на сьцяне вісіць сучасная інсталяцыя ў форме крыжа — зь цьвікоў.

Так выглядаюць крыжы ў капліцы Бундэстагу

Так выглядаюць крыжы ў капліцы Бундэстагу

Адна з чарговых адметнасьцяў будынку Рэйхстагу — таблічкі з прозьвішчамі ўсіх дэпутатаў за ўсю гісторыю існаваньня нямецкага парлямэнту. Як чалавек цікаўны, я адразу ж спытаў гіда, ці ёсьць тут таблічка зь імем Гітлера. Тая, як мне падалося, яўна незадаволена (ці то тэмаю, ці то неабходнасьцю лішні раз нешта тлумачыць) адказала, што такая таблічка ёсьць. Неўзабаве я яе знайшоў, Гітлер знаходзіцца ўнізе, строга па алфавіце — і там напісана: «Adolf Hitler. NSDAP.1928».

Напэўна, многія ведаюць, што ў 1999 годзе над будынкам парлямэнту ўзьвялі 40-мэтровы купал, які стаў самым папулярным турысцкім месцам нямецкай сталіцы. Над Рэйхстагам лунаюць чатыры сьцягі: адзін — Эўразьвязу і тры — Нямеччыны. Дарэчы, яшчэ адна забаўная дэталь — калі ў іншы дзень я праходзіў каля Рэйхстагу недзе аб 11 гадзіне вечара, то ўбачыў, што і такою позьняю парой туды водзяць экскурсіі.

Творы сучаснага мастацтва ў Бэрліне паўсюль. Але гэта адметнасьць усіх сучасных нямецкіх гарадоў, бо існуе закон, паводле якога, калі не памыляюся, кожнае міністэрства павінна выдаткоўваць 4 працэнты свайго бюджэту на закуп культурных каштоўнасьцяў.

Вось чыноўнік сьпяшаецца на працу — скульптура каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў.

Вось чыноўнік сьпяшаецца на працу — скульптура каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў.

Зя пяць дзён у Бэрліне я ніводнага разу ня бачыў аўтамабільных коркаў — ані а 8 раніцы, ані а 5 гадзіне вечара, хоць вазілі нас пераважна па самых цэнтральных вуліцах. Рэч у тым, што большасьць немцаў езьдзяць на роварах — на гэтых транспартных сродках можна ўбачыць і салідных клеркаў у фармальных гарнітурах з гальштукамі, і мамаў зь дзецьмі, і цэлыя сем’і на роварах з «прычэпамі» для дзетак.

Масавасьць ровараў адлюстроўвае гэты фатаздымак — гэтулькі аматараў двухколавага транспарту сабралася толькі ўнутры аднаго чатырохпавярховага офіснага будынку.

Масавасьць ровараў адлюстроўвае гэты фатаздымак — гэтулькі аматараў двухколавага транспарту сабралася толькі ўнутры аднаго чатырохпавярховага офіснага будынку.

Бэрлін — вельмі зялёны горад. Калі паглядзець мапу, то цэнтральная частка гораду каля Рэйхстагу і Брандэбурскае брамы занятая вялікім паркам. Каля кожнага ўрадавага будынку абавязкова пасаджаныя дрэвы.

Бэрлінцы любяць кветкі — ніякая ўлада не прымусіць кожнага жыхара гэтак прыгожа дагледзець уласны балькон.

Бэрлінцы любяць кветкі — ніякая ўлада не прымусіць кожнага жыхара гэтак прыгожа дагледзець уласны балькон.

Адна з сустрэчаў сэмінару адбывалася ў будынку, дзе да аб’яднаньня Нямеччыны месьцілася Дзяржаўная Рада ГДР. Разам з румынскім удзельнікам мы адразу пачалі абмяркоўваць відавочнае падабенства гэтага будынку да знакамітага палаца Чаўшэску ў Бухарэсьце.

Спачатку я падумаў, што гэта нейкі чарговы сучасны твор, сьцёб з савецкага сацарту. Не, гэта аўтэнтычная некранутая мазаіка гэдээраўскіх часоў.

Спачатку я падумаў, што гэта нейкі чарговы сучасны твор, сьцёб з савецкага сацарту. Не, гэта аўтэнтычная некранутая мазаіка гэдээраўскіх часоў.

Нам, каб убачыць нешта падобнае, ня трэба ехаць у Бэрлін – прыходзьце на Юбілейную плошчу ў Менску.

А з гэтага балькона была абвешчана ГДР. Дакладней, у цэнтральны фасад убудавалі гістарычны партал былога палаца, з балькона якога была абвешчаная нямецкая сацыялістычная рэспубліка.

А з гэтага балькона была абвешчана ГДР. Дакладней, у цэнтральны фасад убудавалі гістарычны партал былога палаца, з балькона якога была абвешчаная нямецкая сацыялістычная рэспубліка.

Вы спытаеце, што цяпер у гэтым гэдээраўскім будынку. Вядома ж, самая дарагая элітная бізнэс-школа — такая вось іронія гісторыі.

Бэрлін уражвае сваёй адкрытасьцю да сучаснасьці, будаўнічымі кранамі на самых цэнтральных вуліцах (зрэшты, пераважна ва ўсходняй частцы гораду), архітэктурнай сьмеласьцю і разам з тым уладкаванасьцю. Мюнхэн, напрыклад, на ягоным фоне здаецца мне надта гістарычным, арыстакратычным, — гэткі жывы музэй. У цудоўнай Празе амаль у самым цэнтры існуюць такія недагледжаныя раёны, як Жыжкаў, напрыклад, дзе ты адразу разумееш, што апынуўся ня ў самай разьвітай краіне.

Сёньня аўтары, якія пішуць пра станоўчыя перамены, напрыклад, у Кіеве, спадзяюцца, што Кіеў стане «новым усходнеэўрапейскім Бэрлінам» — горадам яркіх будоўляў, фэстываляў, начнога жыцьця, «двіжухі».

За пяць дзён я не знайшоў у Бэрліна істотных недахопаў. Гэта ня значыць, што іх няма — гэта значыць, што ў мяне было мала часу. Трэба будзе вярнуцца яшчэ раз :)

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     
Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG