Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Набыць беларускае сёлета стала праблемай»


У школьнікаў і іх бацькоў — у разгары падрыхтоўка да новага навучальнага году. Гандляры заяўляюць, што задавальняюць патрэбы гэтай катэгорыі пакупнікоў, бацькі ж ад асартымэнту і якасьці школьных тавараў не ў захапленьні.

Школьныя аддзелы ў буйных крамах і вулічныя кірмашы ў Менску працуюць ад сярэдзіны ліпеня. Але сапраўдны ажыятаж і попыт на школьныя прылады, абутак і вопратку распачынаецца толькі зараз. І да яго сталічная гандлёвая сетка добра падрыхтавалася, кажа загадчыца крамы дзіцячага адзеньня Святлана Шапяцюк:

Шапяцюк: «У нас ёсьць усе апошнія мадэлі строяў для хлопчыкаў з тэрмарэгулятарамі, кішэнькамі для мабільных тэлефонаў і нават табліцай множаньня. На якасьць нараканьняў ні з боку кантралёраў, ні з боку спажыўцоў пакуль не было».

Карэспандэнтка: «Па памерах, па колерах і па якасьці ці шырокі асартымэнт? Ці вам самім падабаецца?»

Вы ведаеце... ёсьць добрыя мадэлі. Але калі наша Міністэрства адукацыі і наша прамысловасьць пайшлі па дзелавым стылі, то яны і вытрыманыя ў клясычных тонах: шэрым, чорным, сінім

Шапяцюк: «Ёсьць усе памеры. Вы ведаеце... ёсьць добрыя мадэлі. Але калі наша Міністэрства адукацыі і наша прамысловасьць пайшлі па дзелавым стылі, то яны і вытрыманыя ў клясычных тонах: шэрым, чорным, сінім».

Школьная форма для хлопчыкаў і дзяўчатак — некалькі мадэляў чорна-шэрага колеру напаўсынтэтычнай тканіны. Але і гэткі выбар — перадусім для дзяцей малодшай школы. Строі абмяжоўваюцца падлеткавымі памерамі, а кошт іх вагаецца ў межах 150–550 тысяч беларускіх рублёў. Астатняе адзеньне і абутак — у сэкцыях для дарослых, дзе складана нешта падабраць дзецям, наракаюць пакупнікі — бацькі школьнікаў.

Мама школьніцы: «Шукаем спадніцу і сарафан. Спадніцу знайшлі, а сарафан — не. Фасоны таксама не падабаюцца і якасьць адзеньня».

Спадарыня сярэдняга веку: «Я зьбіраю ў школу ўнучку, шукаю абутак. Хочацца, каб было больш дзіцячага адзеньня, каб прыйшоў у краму і набыў усё, што трэба, а не шукаць потым па рынках».

Мама школьніцы: «Я шукаю для дачкі сарафан. Нічога пакуль не набыла, і гэта ўжо ня першая крама. „Дзіця нестандартнае“ — невялічкі жывоцік. Летась неяк яшчэ прадумвалася сытуацыя такая — нешта можна было знайсьці, а сёлета — не. Ня ведаю, што будзем рабіць — шыць ці яшчэ дзе што шукаць. Як у мэдыях пачуеш-пабачыш, то гэткі вялікі выбар, але я ніякага асабліва выбару ня бачу».

Я на дваіх дзяцей патраціла восем мільёнаў. Цяжка — бабулі дапамагаюць

Карэспандэнтка: «Ці задавальняе вас выбар і кошты?»

Мама школьніка: «Я на дваіх дзяцей патраціла восем мільёнаў. Цяжка — бабулі дапамагаюць»

Іншая мама: «У прынцыпе, задавальняе, але нашага памеру адзеньня няма. Калі б былі нашы памеры і росты, то былі б цалкам задаволеныя»...

Кіраўніца інтэрнэт-рэсурсу «Нашы дзеткі» і старшыня бацькоўскага камітэту Крысьціна Вітушка таксама зьбірае ў школу свайго 10-гадовага сына і, кантактуючы зь іншымі бацькамі, праблему школьных збораў ведае дасканала:

«Сытуацыя паляпшаецца, і бачна, што цяпер значна лепш, чым гэта было пяць гадоў таму. Але каб сказаць, што можна прыйсьці ў краму і купіць усё неабходнае, то, на жаль, таксама нельга. Сытуацыя прасьцейшая з пачатковымі клясамі, калі патрэбныя малыя памеры адзеньня, малыя заплечнікі. А калі дзеці старэйшыя, то пачынаюцца праблемы, і перадусім з памерамі. Таксама адзеньне з матэрыялаў штучных, таксама невялікі выбар адносна колераў-коштаў. Гэта адзін аспэкт. Наступны — гэта тое, што сёлета цяжка набыць тавары беларускай вытворчасьці. Асабліва канцылярскія тавары, фарбы, сшыткі, альбомы і гэтак далей — расейскія, і набыць беларускае сёлета — праблема. Агулам бачна, што праца вядзецца, але што галоўны чыньнік гэтай працы — клопат пра дзяцей, то я б не сказала. Ёсьць клопат, каб прадаць, клопат на прыгожую карцінку. Ёсьць прыгожыя мадэлі для вітрыны, а не для выкарыстаньня».

XS
SM
MD
LG