Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Наш апанэнт прабег праз усё поле, дагнаў мяне і ззаду, з усёй сілы, што ёсьць, урэзаў па нагах»


Анатоль Лябедзька, архіўны здымак
Анатоль Лябедзька, архіўны здымак

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька зламаў нагу падчас футбольнага Кубку Свабоды, які праходзіў 9 жніўня ў Менску. У сваім Фэйсбуку ён зьмясьціў фатаздымак, дзе ён у інваліднай калясцы, і напісаў: «Усе ж такi безь вiзыту ў лякарню не абышлося. Футбол, як палiтыка, патрабуе ахвяр...»

Пяць тыдняў Лябедзьку давядзецца быць у гіпсе.

Карэспандэнт: «Па-першае, як вы сябе адчуваеце, дзе вы цяпер?»

Лябедзька: «Цяпер адчуваньне больш-менш. Гіпс ад пяткі на ўсю нагу. І, канечне, даводзіцца карэктаваць свае працоўныя пляны».

Карэспандэнт: «Вы дома ці ў лякарні?»

Лябедзька: «Я дома, мне літаральна ўчора наклалі гіпс, і я вярнуўся дахаты. Я спадзяваўся, што гэта проста моцны ўдар і я ў бліжэйшай пэрспэктыве вярнуся і да спраў, і да футболу. А выявілася, што пералом, і такі вельмі своеасаблівы, такі спэцыфічны пералом. Зрабілі здымак учора, і аказалася, што зламана малая бярцовая костка».

Карэспандэнт: «А як гэта наагул адбылося на полі?»

Лябедзька: «Злыя людзі не павінны гуляць у футбол. Я ня ведаю, чым ім займацца. Няхай у званы звоняць ці арудуюць лапатай. Але футбол — гэта эмоцыі, гэта спаборніцтва, але тым ня менш ёсьць нейкая лінія паводзінаў, за якую нельга пераступаць. А так атрымалася, што ў нас было сутыкненьне, і пасьля гэтага наш апанэнт прабег праз усё поле, дагнаў мяне і ззаду, з усёй сілы, што ёсьць, урэзаў па нагах. Гэта было мэтанакіравана. Гэта было вось нейкае не гульнявое сутыкненьне, што выклікае ўнутры мяне такі пратэст. Так нельга рабіць».

Карэспандэнт: «А хто гэты ваш апанэнт на футбольным полі?»

Лябедзька:"Я не хацеў бы тут пераходзіць на пэрсаналіі. Здарылася дык здарылася. Як кажуць, караван ідзе далей«.

Карэспандэнт: «А зь якой камандай вы гулялі ў гэты час?»

Лябедзька: «Гэта быў рух „За свабоду“. Гэта была яшчэ першая гульня, што яшчэ крыўдна. Толькі мы пачалі спаборніцтва, усё было фэерычна, прыгожа, 12 камандаў. Ва ўсім астатнім турнір быў вельмі ўдалы, моцная гульня, новы чэмпіён — нечакана для ўсіх Аб’яднаныя сацыял-дэмакраты выйгралі. Таму, калі на шалі, то плюсаў і перавагаў значна больш. Адзінае, я зьдзіўляюся, што яшчэ цэлы дзень паўдзельнічаў у працэдуры ўручэньня ўзнагародаў, яшчэ дзень дома прабыў».

Карэспандэнт: «Вы мяркуеце, што гэта была вам нейкая помста?»

Лябедзька:"Я ня думаю, што гэта помста за межамі гэтага поля. Але помста была. Ёсьць такія гульцы. Я згадваю аднаго такога гульца. Быў у Вярхоўным Савеце, зь якім я таксама гуляў у футбол, і ў яго была таксама звычка: як толькі яму нешта не падабаецца ці нейкая моцная кантактная гульня, то ён заціскаў вусы ў зубы, даганяў свайго крыўдзіцеля і абавязкова біў яго па нагах. Некаторыя ведаюць, хто гэта такі. Гэта з гэтай пароды такі ж самы гулец. Яму не спадабалася сутыкненьне, і ён дагнаў, мэтанакіравана ўдарыў так, каб паламаць нагу чалавека. Вось гэта трэба выключаць з футболу. Ва ўсім астатнім футбол — супэр".

Карэспандэнт: «Вы апублікавалі фатаздымак у калясцы і пішаце: «Футбол, як палiтыка, патрабуе ахвяр». Што гэта азначае?

Лябедзька: «Я быў у такім жа стане, у такой жа калясцы, пасьля таго як мяне зьбілі амапаўцы. Гэта горшая сытуацыя ўсё ж такі. Але што да ахвяраў у палітыцы, я ў палітыцы прайшоў шмат што, і там сутыкнуўся зь велізарнымі праблемамі, якія тычыліся мяне і маёй сям’і. І трэба ахвяраваць. І ў футболе ніхто не дае гарантыі, ніхто ня дасьць страхоўкі, што ўсё будзе абсалютна нармальна. Могуць быць і такія недарэчныя, непажаданыя сытуацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG