Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у Клімавічах: Дзяцей забралі, выхавацельку пакаралі


Ірына Моцная, архіўны здымак

Ірына Моцная, архіўны здымак

11 жніўня Клімавіцкі раённы суд прызнаў вінаватай у самаўпраўстве былую выхавацельку мясцовага дзіцячага дому сямейнага тыпу Ірыну Моцную. Паводле выраку, яна незаконна ўтрымлівала прыёмных дзяцей, калі аддзел адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму ўжо быў звольніў яе з пасады выхавацелькі.

Суд пастанавіў пакараць яе штрафам у 750 тысяч рублёў. Моцная ня лічыць сябе вінаватай і будзе абскарджваць і сёньняшні вырак, і само звальненьне. Дзяцей з прытулку, створанага сям’ёй Моцных, супрацоўнікі аддзелу адукацыі забралі яшчэ 25 ліпеня. Паводле чыноўнікаў, дзеці ў бясьпецы.

Падзеі вакол прыёмнай сям’і Моцных атрымалі шырокі грамадзкі розгалас, калі ў справу ўмяшаліся міліцыянты. 25 ліпеня Ірыну, яе непаўналетняга прыёмнага гадаванца Аляксандра, а таксама роднага сына Віталя, якому надзявалі кайданкі, ды дачку Хрысьціну затрымалі супрацоўнікі міліцыі на зварот аддзелу адукацыі. Паводле якога, як высьветлілася ў судзе, прыёмных дзяцей Ірына Моцная нібыта зьбіралася вывезьці за межы Беларусі. У міліцыі затрыманыя прабылі больш за дзесяць гадзін. За гэты час прыёмных дзяцей

Я ніколі дзяцей ня ўтрымлівала. А за тое, што органы апекі і міліцыя не маглі ўгаварыць дзяцей, я не магу несьці адказнасьці

і забраліся з расфармаванага прытулку. На саму ж Моцную склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за незаконнае ўтрыманьне прыёмных дзяцей. Ён і стаў падставай для судовага разбору.

Сваёй віны Ірына Моцная не прызнала. Яна заявіла, што ня супраць была аддаць дзяцей, але дамагалася, каб зь імі спачатку папрацавалі псыхолягі, бо турбавалася за іхны псыхалягічны стан. Дзеці, даводзіла яна, не хацелі сыходзіць з-пад ейнай апекі.

«Я ніколі дзяцей ня ўтрымлівала, — казала суду Ірына Моцная. — А за тое, што органы апекі і міліцыя не маглі ўгаварыць дзяцей, я не магу несьці адказнасьці. Я заўжды заклікала толькі да аднаго — каб для дзяцей гэта было найменей балюча, бо з гутарак зь імі ведала, што яны баяцца».

У сваю чаргу, прадстаўнікі аддзелу адукацыі вінавацілі Моцную, што тая не давала забраць дзяцей. Калі прыходзілі камісіі, казалі яны суду, то звольненая выхавацелька паводзіла сябе агрэсіўна і з выклікам. Дзеці былі эмацыйна ўзрушаныя, таму і прымаліся рашэньні іх не чапаць, казалі прадстаўнікі аддзелу адукацыі. Пасьля некалькіх спробаў вырашылі зьвярнуцца па дапамогу да міліцыі. Як стала вядома ў судзе, заяву ў міліцыю напісала загадчыца аддзелу адукацыі Натальля Глушакова:

«Я прасіла дапамогі, бо не магла забраць дзяцей, — кажа спадарыня Глушакова, — бо яна перашкаджала, аказвала псыхалягічны ціск на дзяцей, маніпулявала імі. Раніцай яе затрымалі, бо яна іх вывозіла».

Я лічу, што тут было не самаўпраўства, а бязьдзейнасьць аддзелу адукацыі. То бок аддзел адукацыі паводзіў сябе пасіўна і неналежным чынам выконваў свае абавязкі

Як патлумачылі суду прадстаўнікі аддзелу адукацыі, самі дзеці ў ходзе абсьледаваньня ўмоваў іх пражываньня прызналіся, што іх у прытулку «б’юць рэменем ды ставяць на калені на грэчку». Гэтыя абвінавачваньні Моцная назвала няпраўдай. Паводле яе, такія заявы робяцца, каб зьняславіць яе.

Пасьля затрыманьня Моцнай прыёмную дзятву, якая разьбеглася, убачыўшы міліцыянтаў, сабралі і вывезьлі з Клімавічаў. Паводле Натальлі Глушаковай, усе яны ў бясьпецы. Зь імі працуюць псыхолягі.

Адвакат Ірыны Моцнай Вячаслаў Лявоненка лічыць, што падабаронную незаконна звольнілі і беспадстаўна склалі на яе пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. На ягоную думку, супрацоўнікі аддзелу адукацыі паводзілі сябе пасіўна, калі намагаліся забраць дзяцей:

«Я лічу, што тут было не самаўпраўства, а бязьдзейнасьць аддзелу адукацыі. То бок аддзел адукацыі паводзіў сябе пасіўна і неналежным чынам выконваў свае абавязкі па забраньні дзяцей зь сям’і Моцнай, — казаў на судзе адвакат. — Моцная ж выказала вуснае жаданьне аддаць дзяцей. Атрымліваецца, сваю недапрацоўку органы апекі ператварылі ў самаўпраўства Моцнай».

Лявоненка прасіў суд спыніць адміністрацыйную справу супраць ягонай падабароннай. Судзьдзя Ірына Гурыновіч, аднак, пастанавіла, што ў дзеяньнях Моцнай было парушэньне закону, і пакарала Моцную штрафам у пяць базавых велічыняў. Звальненьне і вырак судзьдзі Гурыновіч Ірына Моцная зьбіраецца абскарджваць.

Дваіх дзяцей аддалі іхнай бабулі. Я ўпэўненая, што праз пару гадоў, а мо і меней, іх зноў будуць забіраць адтуль, бо іх ужо ад яе забіралі

Абвінаваўчы прысуд Ірына Моцная назвала чаканым. Паводле яе, судзьдзя на працягу разгляду справы больш хіліўся да пазыцыі органаў апекі. З забранымі прыёмнымі дзецьмі Моцная бачылася і ведае, дзе яны:

«Дваіх дзяцей аддалі іхнай бабулі. Я ўпэўненая, што праз пару гадоў, а мо і меней, іх зноў будуць забіраць адтуль, бо іх ужо ад яе забіралі. Астатнія дзеці знаходзяцца ў Магілёве, у SOS-вёсцы. Дзякуй богу, дзеці здаровыя. Хочуць дамоў. Перадалі мне свае малюнкі, на якіх напісана: „Мама, забяры нас адсюль“. Я зь імі стэлефануюся. Спадзяюся, што мне ўдасца вярнуць дзяцей».

Сям’я Моцных апекавалася шасьцю прыёмнымі дзецьмі. Жыла яна ад 2008 году ў катэджы, які ўзьвялі паводле прэзыдэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі». Як кажа Моцная, стварыць прытулак, які стаў першым у раёне, прапанавалі ёй самі чыноўнікі. Праблемаў з выхаваньнем прыёмнай дзятвы, цьвердзіць Ірына Моцная, у яе не было. Зьявіліся яны, калі муж скончыў жыцьцё самагубствам. Да гэтага яна скардзілася памочніку прэзыдэнта, што мясцовае чынавенства не дапамагае прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў. Канфлікт з аддзелам адукацыі яна зьвязвае з гэтай скаргай.

Паводле беларускага заканадаўства, калі памірае адзін з карміцеляў, дзіцячы дом сямейнага тыпу расфармоўваецца. У выпадку з Моцнай у загадзе аб скасаваньні зь ёй працоўных адносінаў названая яшчэ адна прычына — «амаральны ўчынак, несумяшчальны з выкананьнем абавязкаў выхавацелькі». Ад 12 ліпеня, калі Моцная даведалася пра рашэньне аб расфармаваньні прытулку, яна, як сама сьцьвярджае, намагалася даведацца, што такога яна зрабіла. Пазьней высьветлілася, што на яе напісала скаргу бабуля дваіх гадаванак прытулку. Ці ёсьць доказы віны Моцнай, невядома.

XS
SM
MD
LG