Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штодня ў Данецку гіне 3-5 цывільных»


Пра сытуацыю ў Данецку мы папрасілі распавесьці журналістку Радыё Свабода Веру Семянюк, якая зараз знаходзіцца ў абложаным горадзе. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Якая зараз ваенная сытуацыя ў Данецку, ці ідуць баі ў рысе гораду?

Семянюк: У рысе гораду ідуць не баі, а гарматныя абстрэлы. Украінская армія яшчэ не ўвайшла на тэрыторыю гораду, але стаіць на ўскраінах- з поўдня, з боку аэрапорту. Але на вуліцах гораду ўкраінскіх салдат яшчэ няма, там толькі ўзброеныя баевікі. Гарматныя абстрэлы гораду працягваюцца ўжо некалькі тыдняў. Яны ідуць з абодвух бакоў. Украінская армія спрабуе кропкава зьнішчыць пазыцыі баевікоў, баевікі вядуць агонь па пазыцыях арміі, якая стаіць у ваколіцах Данецку. Жыхары Данецку ўжо некалькі тыдняў чуюць залпы і выбухі. У баевікоў ёсьць цяжкая зброя, жыхары гораду побач з сабой чуюць гукі пускаў «Градаў», агонь гаўбіц і мінамётаў. Агонь баевікі вядуць і з Данецку і з Макееўкі — гораду, які прылягае да Данецку.

РС: А якая гуманітарная сытуацыя ў горадзе?

На поўдні гораду, дзе найбольшая канцэнтрацыя баевікоў, людзі рэгулярна сядзяць без сьвятла, вады і газу, бо абстрэлы вельмі разбуральныя для інфраструктуры

Семянюк: Шмат людзей зьехала з гораду. Відавочна, што прыкладна палова насельніцтва ўжо пакінула Данецк. На вуліцах вельмі мала людзей і машын, альбо грамадзкі транспарт, альбо таксі, альбо машыны з узброенымі баевікамі. Машынаў цывільных грамадзянаў вельмі мала.
Ёсьць праблемы з харчаваньнем, ёсьць перабоі з пастаўкамі. З-за гэтага зачынецца шмат крамаў, згортваецца адна з найбуйнейшых гандлёвых сетак Данецку. Падвоз прадуктаў адбываецца, ёсьць хлеб, ёсьць малако, але нельга сказаць, што прадуктаў шмат і ёсьць выбар, як тое было ў мірныя часы. Ёсьць праблемы з грашыма. Практычна ніводзін з банкаматаў не працуе. Людзей ратуе тое, што ёсьць сыстэма грашовых картак і можна расплачвацца імі. Але з падвозам гатоўкі ў месцы, акупаваныя баевікамі, ёсьць велізарныя праблемы. Абстрэлы Данецку вядуцца ўдзень і ўначы. Кожны дзень ёсьць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва. На поўдні гораду, дзе найбольшая канцэнтрацыя баевікоў, людзі рэгулярна сядзяць без сьвятла, вады і газу, бо абстрэлы вельмі разбуральныя для інфраструктуры. Камунальныя службы проста не пасьпяваюць рамантаваць пашкоджданае.

РС: А якія лічбы стратаў цывільнага насельніцтва?

Семянюк: Мы штодня атрымліваем інфармацыю. Агульную лічбу на сёньня я не скажу, але гэта некалькі дзесяткаў. Велізарныя страты цывільнага насельніцтва ў Горлаўцы, дзе абстрэлы па мірных жыхарах ідуць нават са стралковай зброі. У Данецку ад абстрэлаў штодзень гіне прыкладна 3-5 чалавек. Гэта афіцыйныя дадзеныя.

РС: Наколькі я разумею, горад узяты ў аблогу, ваенная сытуацыя для сэпаратыстаў пагоршылася. Ці зьмяніліся ў сувязі з гэтым іх паводзіны?

За некалькі апошніх дзён зьнікла некалькі патрыётаў, грамадзкіх актывістаў ці чальцоў іх сем’яў

Семянюк: Так, зьмянілася. У горшы бок. Яны пачалі чарговую хвалю ідэалягічных чыстак. За некалькі апошніх дзён зьнікла некалькі патрыётаў, грамадзкіх актывістаў ці чальцоў іх сем’яў. Баевікі дзейнічаюць па сьпісах, якія былі складзеныя яшчэ вясной. І арышты ідуць па гэтых сьпісах. Гэта часам людзі далёкія ад агрэсіўнага нацыяналізму. Многія зь іх — удзельнікі данецкага Майдану, які быў абсалютна мірным. Зараз ідуць пошукі некалькіх дзесяткаў такіх зьніклых людзей. Сталі больш частымі выпадкі, калі людзі скардзяцца, што з вуліц забіраюць выпадковых мінакоў, здымаюць мужчын з транспарту, які едзе за межы гораду. Кажуць, «каб рыць акопы», але лёс многіх зь іх невядомы, невядома, ці жывыя яны наагул. Псыхалягічны ціск узмацняецца. Начамі ў розных месцах гораду чуюцца аўтаматныя чэргі. Паколькі ўкраінскіх вайскоўцаў у горадзе няма, то незразумела, ў каго страляюць баевікі са сваіх аўтаматаў.

РС: Прадстаўнікі штабу АТА кажуць, што ўкраінская армія дае калідоры выхаду з Данецку, заклікае насельніцтва ці сядзець дома, а яшчэ лепш — сыходзіць з гораду. Вы сказалі, што палова ўжо сышла. Тыя, хто засталіся, настроеныя дома сядзець ці сыходзіць?

Мы бачым прыклады Славянску, Краматорску, Марыюпалю, якія ўжо месяц жывуць у міры пасьля таго, як украінскія войскі туды ўвайшлі і ачысьцілі гэтыя гарады ад баевікоў

Семянюк: Шмат засталося людзей, якія проста ня маюць магчымасьці выехаць. Тут у іх ёсьць усё, а ў іншых месцах няма сваякоў, якія маглі б іх прытуліць. Ці тут радня сталага веку, іх немагчыма перавозіць. Асноўная маса людзей, якая тут засталася, за нешта трымаюцца. Ня едуць мэдыкі, камунальнікі, ў якіх ёсьць тут рэальная патрэба. Ёсьць немалая колькасьць людзей, якія прынцыпова ня хочуць нікуды ехаць, бо ў Данецку вельмі моцны рэгіянальны патрыятызм. Людзі ганарацца тым, што яны з Данецку. Людзі прывязаныя да свайго гораду, да свайго дому. Яны зьбіраюцца перачакаць сытуацыю. Мы бачым прыклады Славянску, Краматорску, Марыюпалю, якія ўжо месяц жывуць у міры пасьля таго, як украінскія войскі туды ўвайшлі і ачысьцілі гэтыя гарады ад баевікоў. Прадстаўнікі штабу АТА ўжо некалькі разоў казалі пра калідоры, але баевікі на блокпастах правяраюць дакумэнты, асабістыя рэчы. Людзі кажуць, што на блокпастах пашпарты зьвяраюць з тымі самымі сьпісамі «бандэраўцаў». Так што ёсьць небясьпека патрапіць у такую пастку на сэпаратысцкім блокпасту, і ёсьць яшчэ і невялікая колькасьць людзей, якія ня могуць выехаць, бо для іх праезд праз блокпасты небясьпечны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG