Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На 58-годзьдзе Мікола Статкевіч пачастуецца «адборнымі галовамі кількі»


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Самы кранальны падарунак на дзень народзінаў у турме — акрайчык хлеба, самы нечаканы — торт ва ўмовах канвою і нагляду. Чарговы дзень народзінаў Мікола Статкевіч адзначыць цёплымі думкамі пра блізкіх, мяркуе ягоная жонка.

Сёньня былому кандыдату ў прэзыдэнты Міколу Статкевічу — 58 год. Чацьвёрты раз палітык сустракае дзень народзінаў за кратамі. Пра тое, ці будзе гэты дзень неяк адрозьнівацца для яго, Радыё Свабода пагутарыла з жонкай Міколы Статкевіча Марынай Адамовіч.

Цяпер, у камэры-адзіночцы турмы № 4 гораду Магілёва, Мікола Статкевіч ня мае аніякай магчымасьці атрымаць віншаваньне. Аднак гэта ня значыць, што зьняволеныя не адзначаюць сьвятаў.

«Калі ў 2011 годзе ён быў у шклоўскай калёніі, іншыя зьняволеныя нейкім чынам даведаліся пра яго дзень народзінаў і, нягледзячы на канвой і меры бясьпекі, каб, ня дай бог, ніхто не павіншаваў Міколу, ледзь не штохвілінна пакідалі яму што-небудзь на ложку. Гэта былі дробныя рэчы, накшталт алоўка, паштоўкі ці шакалядкі. А вязьні з суседняга атраду нават здолелі перадаць яму сапраўдны торт. Але самае кранальнае, пра што я ніколі не забудуся, — адзін чалавек, які ня меў ніякай падтрымкі з волі, паклаў яму на ложак акрайчык хлеба», — распавядае Марына Адамовіч.

Усе наступныя дні народзінаў Мікола Статкевіч сустракаў у магілёўскай турме — і гэта ўжо былі простыя, звычайныя дні, але мінімальныя спосабы сьвяткаваньня ёсьць і там.

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

«Так званы сьвяточны стол, на якім, як кажа Мікола, будуць адборныя галовы кількі. Ён можа больш часу паслухаць музыку па радыё. Адзін раз нам удалося яго нават павіншаваць праз радыё. Але гэта ўдалося толькі адзін раз, усе іншыя віншаваньні блякаваліся. Як ён зараз адсьвяткуе, седзячы ў адзіночцы, я ня ведаю. Магчыма, дадатковымі думкамі пра сваіх блізкіх», — кажа жонка палітвязьня.

Наступным разам Марына Адамовіч можа атрымаць спатканьне з мужам не раней за 27 сьнежня, таму ўзьняць мужу настрой практычна няма як:

«У мінулыя дні народзінаў я спрабавала міні-падарункі дасылаць. Яны ўсе да мяне вярталіся, ясная рэч».

На сваім сайце Мікола Статкевіч адгукаецца праз жонку на ўсе значныя падзеі. Пасьля вызваленьня Алеся Бяляцкага ён вельмі радасна выказаўся, сказаў, што ганарыцца Алесем, што той вельмі годны і мужны чалавек. Аднак у дачыненьні да сваёй асобы верагоднасьць амністыі не разглядае.

«Я чытаю кожны закон аб амністыі, хоць ніколі на іх не спадзявалася. Проста заўсёды трымаю перад сабой выпісаныя артыкулы, паводле якіх асуджаныя палітычныя зьняволеныя, і параўноўваю з законам. Толькі ў гэтым годзе ў законе аб амністыі зьявіўся артыкул, паводле якога быў асуджаны адзін з палітычных вязьняў — Алесь Бяляцкі. Для Алеся гэта адразу давала спадзяваньне на вызваленьне, бо раней усе

Ён сочыць за навінамі нашмат больш, чым мы тут усе на адноснай волі. І рэагуе на іх. Напрыклад, пасьля катастрофы з малайзійскім „Боінгам“ ён напісаў у лісьце як ракетчык і спэцыяліст па сыстэмах кіраваньня, чаму гэты самалёт не маглі зьбіць украінскія вайскоўцы

артыкулы, па якіх сядзелі палітвязьні, выключаліся. Для Міколы — і ягоны артыкул, і турэмны рэжым выключаюць магчымасьць амністыі. Таму такога спадзяваньня няма. Але калі на тое ёсьць воля, могуць быць іншыя спосабы вызваліць людзей», — распавядае Марына Адамовіч.

Жонка палітвязьня кажа, што Мікола Статкевіч мае магчымасьць сачыць за сусьветнымі падзеямі. Напрыклад, ён ня раз выказваўся ў лістах пра ўкраінскія падзеі.

«Мне здаецца, ён сочыць за навінамі нашмат больш, чым мы тут усе на адноснай волі. І рэагуе на іх. Напрыклад, пасьля катастрофы з малайзійскім „Боінгам“ ён напісаў у лісьце як ракетчык і спэцыяліст па сыстэмах кіраваньня, чаму гэты самалёт не маглі зьбіць украінскія вайскоўцы. Гэты ліст, дарэчы, дзе ён адразу гэта напісаў, да мяне не дайшоў. Бо ў ліпені ў адказ на пазытыўныя чаканьні з боку Эўропы на працяг вызваленьня палітвязьняў, наадварот, пачалося блякаваньне лістоў. Ну, а таму, што ў яго абсалютна ясны розум і выдатнае разуменьне таго, што адбываецца ў сьвеце, ёсьць некалькі прыкладаў. У траўні ён напісаў мне, што верагоднае пераабраньне Марціна Шульца на пасаду старшыні Эўрапарлямэнту. Каб адна асоба займала гэтую пасаду два разы запар, ніколі раней не было, тым ня менш Шульц быў пераабраны. А ня так даўно ён сказаў, што цюркі захочуць прадэманстраваць прагу да аб’яднаньня і стварэньня адзінай цюрскай дзяржавы — на мінулым тыдні такая заява прагучала», — распавядае Марына Адамовіч.

Наконт пісаньня — то мне здаецца, што Мікола ня лічыць, што ягоныя пэрсанальныя літаратурныя опусы могуць выйсьці з-за кратаў, з улікам стаўленьня да яго

Паколькі карэспандэнцыю Міколы Статкевіча праглядаюць вельмі пільна, ён перакананы, што ягоныя турэмныя допісы ня змогуць выйсьці з муроў вязьніцы, таму вялікага літаратурнага твору пакуль ня піша. Але, як ён аднойчы прызнаваўся Марыне Адамовіч, такое памкненьне ў яго было.

«Для чытаньня ў яго ёсьць толькі тыя кнігі, якія ў турэмнай бібліятэцы. Яна досыць нядрэнная, але ж там толькі клясычная літаратура. Што тычыцца перадаць яму кнігі з волі — гэта даволі цяжка, бо гэта можна зрабіць толькі падчас стандартнай перадачы, якая адна на год. Але ён ня скардзіцца, кажа, што чытаць яму ёсьць што. Наконт пісаньня — то мне здаецца, што Мікола ня лічыць, што ягоныя пэрсанальныя літаратурныя опусы могуць выйсьці з-за кратаў, з улікам стаўленьня да яго. Таму я ня ведаю, каб ён пісаў нешта вялікае. Калісьці, яшчэ ў 2006 годзе, ён мне казаў, што, магчыма, калі-небудзь, калі будзе зусім ужо на пэнсіі, то пачне пісаць. Ня ведаю, ці робіць ён гэта цяпер».

XS
SM
MD
LG