Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на расейскіх санкцыях можа добра зарабіць, — апытаньне ў Горадні


Пуцін забараніў увоз харчаваньня з краінаў, якія падтрымалі санкцыі супраць Расеі. Як, на вашу думку, гэта можа адбіцца на Беларусі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Мужчына: «Калі адаб’ецца, то толькі ў лепшы бок, бо расейцы будуць купляць толькі беларускія харчы».

Карэспандэнт: «А не баіцеся, што зь Беларусі вывезуць усе харчы?..»

Мужчына: «Ня вывезуць, у нас вытворчасьць вялікая, хопіць...»

Жанчына: «Бадай што можа і на нас гэта адбіцца, паколькі мы суседзі. А я наколькі разумею, усё тут узаемазьвязана. Можна нават сказаць так, што некаторыя краіны разглядаюць Беларусь і Расею як нешта адно цэлае».

Жанчына: «Мне здаецца, што на нас гэта не адаб’ецца, паколькі ў нас даволі моцны аграрна-прамысловы комплекс і наша дзяржава ў стане справіцца з такімі праблемамі. Думаю, што цяперашняя сытуацыя нашай дзяржаве на руку, паколькі былі праблемы са збытам малочнай прадукцыі. Цяпер можа ўзьнікнуць сытуацыя, што падымуцца цэны на харчы, паколькі будзе вялікі вываз. Але ўпэўненая, што дзяржава будзе гэта рэгуляваць».

Мужчына: «Можа адбіцца і на нас, паколькі мы зьвязаныя з Расеяй. А цэны на харчы, мне здаецца, будуць паўсюль расьці, але харчоў, думаю, усім хопіць».

Мужчына: «У нас і так ужо цэны вырастаюць з кожным днём, і сытуацыя можа зьмяніцца да горшага. Ды тут і так з кожным днём усё мяняецца толькі да горшага. Вы зайдзіце ў краму і ўзгадайце, якія цэны былі два гады таму і якія цяпер, а заробкі не падвышаюцца...»

Жанчына: «Ведаеце, я не магу адказаць на ваша пытаньне».

Карэспандэнт: «А як думаеце, могуць у такой сытуацыі павывозіць харчы зь Беларусі?»

Жанчына: «Могуць, так ужо было...»

Мужчына: «На нас гэта можа паўплываць толькі станоўча. У Беларусі ёсьць бульба, малако, сыры, і нам цяпер будзе лепей гандляваць. Вядома, некаторыя турбуюцца, што нешта падаражэе, але, думаю, беларусам усё адно гэта выгодна. Адзінае, магчыма, меней фураў будзе ехаць па нашых дарогах, а мы з гэтага атрымліваем салідныя грошы...»

XS
SM
MD
LG