Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты, якія зьдзерлі з майкі мінака надпіс «Я русский», распавялі, як усё было


«Хлопец пайшоў па сваіх справах жывы і здаровы, — адказвае адзін з удзельнікаў інцыдэнту тым, каго хвалявала здароўе ўладальніка майкі. — Спадзяемся на тое, што ён зразумеў сваю памылку і адцяпер падобных парадоксаў закамплексаванасьці сярод людзей стане менш».

29 ліпеня на Youtube зьявілася відэа, на якім хлопцы зьдзіраюць з майкі мінака надпіс «Я русский». Герояў інцыдэнту не відаць, але чуваць, што хлопцы гавораць па-беларуску, раяць наклеіць на майку «Пагоню» і напісаць «Беларусь перадусім».

Радыё Свабода знайшла хлапцоў, якія былі ўдзельнікамі інцыдэнту, і спытала, ці не пастановачнае відэа яны выклалі ў Інтэрнэт і ці не пацярпеў хлопец у майцы.

На сёньня ролік на Youtube прагледзела каля 147 тысяч чалавек, ён шырока разышоўся як па беларускім, так і па расейскім сеціве.

Камэнтатараў відэа ўражвае ня толькі беларуская мова герояў роліка, але і колькасьць лаянкі, якую выкарыстоўваюць маладыя людзі.

Героі відэароліка называюць сябе ўдзельнікамі ініцыятывы «Пошуг».

— Ці выкладзенае відэа выпадковае, ці гэта частка нейкай акцыі або кампаніі?

— Выкладзенае відэа — выпадковае. Ніхто не выходзіць на вуліцу, толькі каб знайсьці чалавека ў такой майцы ды зьняць яе зь яго. Што тычыцца «акцыяў-кампаніяў», то, калі хочаце, можна разглядаць гэта як частку «кампаніі» па зьнішчэньні каларадзкіх стужак, што мае адны і тыя ж карані — жаданьне беларусаў быць беларусамі, імкненьне апынуцца па-за межамі ўплыву (культурнага, палітычнага, эканамічнага) усялякіх імпэрыяў, буйных дзяржаўных цэнтраў, якія падмінаюць пад сябе ўвесь сьвет. Расея, Кітай, ЗША — ня мае розьніцы.

Але трэба адзначыць і тое, што свабода асобнага народу прадугледжвае ў той жа час вызваленьне ўсіх іншых народаў, а значыць — міжнародную салідарнасьць. Сапраўднае інтэрнацыянальнае супрацоўніцтва магчымае толькі пры ўмовах рэалізацыі роўнага права народаў на самавызначэньне і самастойнасьць.

— Калі вы выкладалі відэа, на якую рэакцыю разьлічвалі?

— Рэакцыя нас не зьдзівіла. Такое разнастайнае стаўленьне такіх розных групаў было прадказальным. Ня думалі толькі пра маштаб распаўсюду.

— Шмат людзей, якія глядзелі відэа, кажуць, што гэта чыстая «русафобія». Што вы ім адкажаце?

— Усе гэтыя «мэдыцынскія» тэрміны цалкам недарэчныя. Падмена паняткаў. Фобія — хваравіты страх. Хто «фоб», значыць, той напалоханы, хворы. Мы не баімся расейцаў і не адчуваем нянавісьці да іх таксама. У прадмове да відэа ўсё зразумела напісана, што мы хочам сказаць грамадзкасьці, калі зрываюцца такія надпісы.

Размова пачалася з пытаньня да хлопца: «Ці ты расеец?», на што ён адказаў: «Нет, я белорус». На пытаньне, чаму надзеў майку з такім надпісам, адказаў, што лічыць сябе нацыяналістам. Гэта нас і абурае больш за ўсё. Ці можа народ лічыць сябе самадастатковым, калі пакутуе на хваробу «малодшага брата»?

— Камэнтатары часта казалі, што відэа фэйкавае, пастановачнае. Ці можаце гэта абвергнуць і распавесьці, як усё было насамрэч?

— Для большасьці ўсё фэйк, чаго яны не разумеюць, усё фэйк, да чаго яны самі не гатовыя. Гэта страх перад нязьведаным.

— Людзі ўражаныя колькасьцю мату, якую выкарыстоўваюць удзельнікі відэа. Мат — не такая ўжо распаўсюджаная зьява для беларускамоўных, і гэта дае дадатковыя падставы лічыць відэа правакацыяй. Патлумачце, калі ласка.

— Гэта вуліца, а не палітычны банкет, дзе людзі ў гальштуках думаюць, што змагаюцца за народ. Мы звычайныя простыя хлопцы і гаворым так, як таго патрабуе сытуацыя. Недарэчна нас абвінавачваць у тым, што мы зганьбілі беларускую мову такім чынам. Ганьбяць яе тыя, хто ня здольны за яе пастаяць нідзе, акрамя сеціва.

— Ці да хлопца, зь якога зьнялі надпіс, была ўжытая сіла? Людзі хвалююцца, ці не пацярпеў ён.

— Хлопец пайшоў па сваіх справах жывы і здаровы. Спадзяемся на тое, што ён зразумеў сваю памылку і адцяпер падобных парадоксаў закамплексаванасьці сярод людзей стане менш.

— Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра «Пошуг». Для чаго ён зьявіўся і чым займаецца?

— «Пошуг» — гэта ініцыятыва, якая яднае самых «звычайных» пасіянарыяў, якія бачаць вакол сябе несправядлівасьць і якія спрабуюць ёй супрацьстаяць. Што мы бачым вакол сябе? Бязьмернае ўжываньне алькаголю, тытуню, іншых наркотыкаў. Бяздумнае спажывецкае стаўленьне да прыроды, да людзей побач. Мы бачым неабходнасьць тут і зараз разарваць ланцугі самавольнага мэнтальнага рабства.

Мы бяром удзел у шматлікіх экалягічных, палітычных і культурніцкіх акцыях. Дзеля прыкладу, гэтай зімой мы праводзілі ў розных гарадах Беларусі кампанію «Антыфутра». Тлумачылі людзям, чаму кожны зь іх мусіць адчуць сваю адказнасьць перад жывёламі. Сыстэматычна ладзім прыборку сьмецьця ў лясах і парках ды заклікаем іншых так рабіць (хоць даўно вядома, што чыста ня там, дзе прыбіраюць, а там, дзе ня сьмецяць). Прымалі ўдзел у акцыях супраць АЭС, у абарону жывёлаў і шмат якіх іншых".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG