Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стратфар: заходнія санкцыі супраць Расеі могуць ударыць па МАЗе і па эканоміцы Беларусі ў цэлым


Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Стратфар прааналізаваў як заходнія санкцыі супраць Расеі адаб’юцца на краінах, якія зь ёй найбольш інтэграваныя эканамічна. Прапануем вам прагноз датычна Беларусі.

Расея — галоўны экспартны рынак для Беларусі. У 2013 годзе на яго прыпадала 45 працэнтаў беларускага экспарту, на $16.7 мільярдаў. Галоўныя артыкулы беларускага экспарту ў Расею гэта транспартныя сродкі ($2.5 мільярда), малочная прадукцыя ($2.2 мільярда) і машыны ды абсталяваньне ($1.5 мільярда).

Акрамя таго, Беларусь моцна залежыць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў — практычна ўся імпартаваная Беларусьсю нафта і газ паходзяць з Расеі. Беларусь таксама залежыць ад расейскай фінансавай дапамогі праз крэдыты Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, дзе дамінуе Расея. Расейскі Газпромбанк, які патрапіў пад заходнія санкцыі, дзейнічае ў Беларусі праз сваю даччыную структуру Белгазпромбанк. У выніку Міжнародны валютны фонд у сваёй нядаўняй справаздачы назваў Беларусь краінай, якая патрапляе пад найбольшую рызыку ў сувязі з эканамічным аслабленьнем Расеі ад заходніх санкцыяў.

Ад запаволеньня расейскай эканомікі найбольш патрапляюць пад рызыку пастаўкі беларускіх прамысловых і спажывецкіх тавараў, у тым ліку трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Верагодна, што гэта адаб’ецца на машынабудаўнічых прадпрыемствах, такіх як Менскі аўтамабільны завод, які зьяўляецца адным з найбуйнешых прадпрыемстваў Беларусі і пастаўляе шмат прадукцыі ў Расею.

Хто выйграе?


У некаторых сфэрах, аднак, Беларусь можа выйграць ад эканамічнай ізаляцыі Расеі. Напрыклад, Расея можа імпартаваць больш беларускіх малочных прадуктаў пасьля забароны імпарту такой прадукцыі з ЗША, Эўразьвязу і такіх краінаў як Украіна і Малдова. У іншых сфэрах — такіх як беларускі рубель альбо імпарт расейскай нафты і прыроднага газу — ад санкцыяў імаверна ня будзе нейкіх неадкладных наступстваў. Але ў залежнасьці ад таго наколькі расейская эканоміка пацерпіць ад санкцыяў, гэта можа значна паўплываць на беларускі экспарт у Расею і, адпаведна, на усю беларускую эканоміку.

Для Беларусі ня проста дывэрсіфікаваць свае экспартныя рынкі па-за Расею. Менск сам ізаляваны ад Захаду, а беларускае кіраўніцтва знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША. Аднак Беларусь перагледзела свае гандлёвыя абмежаваньні ў адносінах з Украінай. Гэтыя абмежаваньні былі ўведзеныя часова на знак салідарнасьці з Расеяй і канцэнтраваліся на такіх таварах як ялавічына і малочная прадукцыя. 1-га жніўня Беларусь зьняла забарону на імпарт бульбы з Украіны, а 4-га жніўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь пры неабходнасьці гатовая пастаўляць нафтапрадукты ва Ўкраіну.

Беларусь таксама прапанавала пасярэдніцтва ў расейска-ўкраінскім канфлікце, спрабуючы балянсаваць, зьменшыць ціск з боку празаходніх апазыцыйных групаў і аднавіць дробнамаштабнае эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу, такімі як Літва. Але Беларусь па-ранейшаму стратэгічна падладжваецца пад Расею, і эканамічная сытуацыя ў краіне будзе наўпрост прывязаная да расейскай эканомікі, пакідаючы Менск у зоне значнай залежнасьці ад Масквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG