Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Берасьцейшчыне рэжуць сьвіней. Падазрэньне на новы ачаг афрыканскай чумы


Памятка: афрыканская чума сьвіней, прычыны і наступствы.

Памятка: афрыканская чума сьвіней, прычыны і наступствы.

Вяскоўцы ў Івацэвіцкім і Іванаўскім раёнах масава рэжуць сьвіней са сваіх прысядзібных гаспадарак, асьцерагаючыся распаўсюду афрыканскай чумы.

У вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну ўлады загадалі забіць сьвіней на прыватных падворках, пасьля таго як у навакольлі знайшлі 20 здохлых дзікоў. Пра гэта Свабодзе паведаміла жыхарка вёскі Алена. Яна распавяла, што мёртвых дзікоў знайшлі 5 жніўня, а ўжо на наступны дзень прыехалі адпаведныя службы ў суправаджэньні міліцыі:

«Я ня ведаю, мусіць, павінны ж былі зрабіць экспэртызу, але ніхто нічога не рабіў. На наступны дзень прыехалі ў вёску і пачалі ў людзей забіраць сьвіней. У каго закопвалі, хто сам калоў... І невядома, ці насамрэч гэта чума, ці не. Яны нічога не патлумачылі, адразу давай у людзей сьвіней забіраць. Я лічу, што няправільна зрабілі, бо на якой падставе пазабіралі сьвіней без экспэртызы? Можа, тыя дзікі самі падохлі, можа, патруціліся кукурузай якой?..»

Алена кажа, што ў вёсцы шмат хто трымаў сьвіней, некаторыя і па пяць адразу. Аленін брат таксама мусіў перабіць сьвіней: «Казаў, што адна апарасілася, другая паросная была, і давялося калоць, бо кажа, што могуць забраць... Чалавек столькі гадаваў гэтую сьвіньню, і тут на табе...»

Жыхар суседняй з Абровам вёскі Тышкавічы Янаўскага раёну Сяргей распавёў Свабодзе, што пасьля нядаўняга падзяжу сьвіней у прыватных гаспадарках шмат хто зь ягоных аднавяскоўцаў сам парэзаў сваіх сьвіней:

«Два дні таму парэзалі сьвіней, дый усё. А ад чаго, ніхто нічога ня кажа. Пачалі дохнуць сьвіньні, дык людзі парэзалі тых, якія засталіся здаровыя. З раённай вэтстанцыі па тушы хворых сьвіней прыехала машына, і забралі іх, а таксама папярэджвалі, што трэба прыбіраць сьвіней». Сяргей кажа, што калі на якой вуліцы былі хворыя сьвіньні, то тры-чатыры суседнія дамы вэтэрынары папярэджвалі, каб рэзалі сваіх сьвіней. «Гэтак сталася ў нашай вёсцы Тышкавічы. Да гэтага тое самае было ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну. Што такое, ніхто ня кажа. Можа, нейкае атручэньне ад сьпякоты. Якія падохлі — тых вывезьлі і закапалі, а тыя, якіх людзі самі парэзалі, — ляжаць у лядоўнях, поўныя лядоўні ў людзей сьвініны. Здаровых рэзалі, бо мала што. Калі зробяць чуму, то ўсё выражуць і забяруць».

Старшыня Аброўскага сельсавету Зінаіда Шулюціна тым часам паведаміла Радыё Свабода, што ў вёсках не было зафіксавана ніводнага ачага сьвіной чумы:

«Ніякіх у мяне сьвіней не выразалі. І ў мяне чумы няма. Адзінае — ёсьць інфэкцыі».

На Берасьцейшчыне ў многіх раёнах улады прымушалі вяскоўцаў забіваць сьвіней на ўласных падворках. Часта гэта рабілася дзеля прафіляктыкі афрыканскай чумы сьвіней. Гэтак, у Бярозаўскім раёне мінулай восеньню жыхары 17 вёсак мусілі панішчыць сьвіное пагалоўе. Гэта вёскі, якія ляжаць ня больш як за 5 кілямэтраў ад буйных дзяржаўных фэрмаў. Бярозаўскія чыноўнікі, аднак, кажуць, што ніводнага выпадку афрыканскай сьвіной чумы ў раёне не было. Найбольшыя пратэсты жыхароў з нагоды «сьвіной» праблемы на Берасьцейшчыне адбываюцца менавіта ў Бярозаўскім раёне. Аднак плёну яны пакуль ня мелі, сьвіней па-ранейшаму трымаць забаронена.

XS
SM
MD
LG