Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна плянуе вяртаньне Крыма з дапамогай татар


Паэтапны плян вяртаньня анэксаванага Расеяй паўвострава ў склад Украіны пачне рэалізоўвацца пасьля завяршэньня антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Украінскі ўрад распрацоўвае паэтапны плян вяртаньня Аўтаномнай Рэспублікі Крым у склад Украіны, праводзячы актыўныя кансультацыі з крымска-татарскай грамадзкасьцю. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», які цытуе прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка:

«Урад на мінулым тыдні стварыў цэнтральны орган выканаўчай улады па праблемах перасяленцаў з Крыму. Мы вядзем актыўны дыялёг і разам з Мустафой Джэмілевым рыхтуем паэтапны плян, як вярнуць Крым назад». У звароце з нагоды Міжнароднага дня карэнных народаў свету, які адзначаўся 9 жніўня, генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў ўлічваць іх інтарэсы пры распрацоўцы далейшага глябальнага парадку дня. Ён таксама адзначыў «прорву» паміж дэклярацыяй правоў карэнных народаў і іх рэальным становішчам.

8 жніўня прадстаўнікі крымска-татарскага народу, экспэрты і журналісты правялі ў Кіеве «круглы стол», на якім разглядалася стратэгія вяртаньня Крыма ў склад Украіны.

Як канстатуе Мустафа Джэмілеў, дысыдэнт і лідэр барацьбы крымска-татарскага народу за свае правы, гэтую ініцыятыву падтрымлівае абсалютная большасьць крымскіх татараў.

Мустафа Джэмілеў падкрэсьлівае: крымскія татары — карэнны народ Крыма — ніколі не пагодзяцца з расейскай анэксіяй паўвострава. У сваім выступе ён сказаў пра тое, што расейскія ўлады на крымскай зямлі — «акупацыйныя» і што ў крымскіх татараў няма жаданьня зь імі супрацоўнічаць.

Мустафа Джэмілеў

Мустафа Джэмілеў

«Крымскія татары, як карэнны народ паўвострава, зьяўляюцца адной з галоўных сіл, якая супрацьстаіць акупацыйнаму рэжыму, — завіў Джэмілеў. — Гэта проста нечувана: цяпер, калі мы захоўваем за сабой украінскае грамадзянства, мы атрымліваем статус замежнікаў! Уявіце сабе — карэнны народ на сваёй зямлі, многія гады змагаўся за вяртаньне на радзіму, цяпер ва ўгоду акупацыйнай улады і іх правілам, павінен прызнаваць сябе замежнікам».

На думку старшыні Мэджліса крымска-татарскага народа Рэфата Чубарава, «крымскае пытаньне» можна вырашыць, дзякуючы «глябальным перамовам»:

Рэфат Чубараў

Рэфат Чубараў

«За сталом перамоў, — лічыць Чубараў, — самая слабая пазыцыя будзе ў Расеі, і ня толькі таму, што яна агрэсар, а таму, што Ўкраіна выкарыстоўвае аргумэнты, прызнаныя сусьветным правам, статутам ААН. Даць права на самавызначэньне карэннага народа — гэта і ёсьць пазыцыя Ўкраіны. І сёньня я кажу пра тое, што крымска-татарская праблема ня можа быць аднесеная да лякальных другарадных праблемаў. Яна шырэй, і яна павінна разглядацца ў глябальным, сусьветным кантэксьце».

Лідэр Мэджлісу крымска-татарскага народа лічыць, што да вырашэньня праблем карэннага народа паўвострава — самавызначэньня крымскіх татар — ўкраінская дзяржава вернецца пасьля пасьпяховага завяршэньня антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходніх рубяжах краіны.

«Цяпер трэба зьнішчыць баевікоў, пасьля чаго пачаць актыўны дыялёг, даць выразныя сыгналы і гарантыі стабільнасьці ўсяму ўкраінскаму грамадзтву, крымскай грамадзкасьці, і прарасейску настроеным грамадзянам, якія жывуць ва Ўкраіне і хочуць застацца ва Ўкраіне. Гарантыі з боку Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці павінны быць для ўсіх і накіраваныя на разьвіцьцё сувэрэннай дзяржавы і інтарэсаў карэнных народаў, якія ў ім пражываюць», — сказаў Рэфат Чубараў.

XS
SM
MD
LG