Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкіх выбарах у Турэччыне перамог Эрдаган. Абяцае «новую эру»


Прэм’ер-міністар Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў аб «новай эры» ўзаемадзеяньня ў сваёй краіне пасьля перамогі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 10 жніўня.

«Сёньня мы блізкія да новай эры і робім першы крок у новую эру, — заявіў Эрдаган падчас сьвяточнага выступу.— Давайце пачнём пэрыяд сацыяльнага ўзаемадзеяньня і пакінем старыя дыскусіі ў старой Турэччыне».

Паводле папярэдніх падлікаў галасоў, Рэджэп Таіп Эрдаган атрымаў каля 52% галасоў выбаршчыкаў і перамог у першым туры.

Старшыня выбарчай камісіі Турэччыны паведаміў, што Эрдаган атрымаў абсалютную большасьць галасоў у першым туры, а канчатковае абвяшчэньне вынікаў павінна адбыцца 11 жніўня.

Рэджэп Таіп Эрдаган, прадстаўнік ісламісцкай партыі «Справядлівасьць і разьвіцьцё», быў прэм’ер-міністрам Турэччыны цягам 11 гадоў. Паводле Эрдагана, ён хоча зьмяніць Канстытуцыю, надаўшы прэзыдэнту больш паўнамоцтваў.

Раней прэзыдэнта ў Турэччыне, які ў цяперашні час мае пераважна цырыманіяльныя паўнамоцтвы, выбіраў парлямэнт.

XS
SM
MD
LG