Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя лідэры: увод расейскіх міратворцаў ва Ўкраіну незаконны


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заявілі, што лічаць незаконным і непрымальным намер Расеі арганізаваць гуманітарную місію на ўсход Украіны.

У паведамленьні прэс-службы Белага дома гаворыцца, што ў суботу Абама і Мэркель абмеркавалі па тэлефоне сытуацыю ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт ЗША і канцлер ФРГ пагадзіліся, што любое ўмяшаньне Расеі ў падзеі ва Ўкраіне, нават у мэтах аказаньня гуманітарнай дапамогі, без афіцыйнай згоды ўкраінскага ўраду зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права і можа прывесьці да новых санкцый у дачыненьні да Масквы.

У той жа дзень Барак Абама абмеркаваў сытуацыю ва Ўкраіне з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам. Абодва лідэры заявілі, што лічаць неапраўданым і незаконным намер Расеі арганізаваць гуманітарную місію ва Ўкраіну.

Раней у суботу кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў падчас тэлефоннай размовы зь дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры заклікаў яго падтрымаць ініцыятыву Расеі па разгортваньні гуманітарнай місіі на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Як заявіў Лаўроў, неабходна прыняцьце тэрміновых захадаў для перадухілення гуманітарнай катастрофы ва Ўкраіне, гаворыцца ў паведамленьні МЗС Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG