Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсходзе Украіны за апошнія суткі загінулі 13 украінскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэй Лысенка.

Ён адзначыў, што за апошнія суткі ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі ад сэпаратыстаў тры населеныя пункты: Круглік і Міўсінск ў Луганскай вобласьці і Пантэлеймонаўку ў Данецкай вобласьці.

Паводле Лысенкі, Расея працягвае сьцягваць свае войскі да мяжы з Украінай. Так, у сяло Вейдзелеўка Варонежскай вобласьці, а гэта ў 10 кіламэтрах ад мяжы з Украінай, перакінутая Пскоўская паветрана-дэсантная брыгада, перадае «Украінская праўда».

Міністэрства сацыяльнай палітыкі Ўкраіны заявіла аб пачатку маштабнай эвакуацыі ўсіх дзяцей з зоны ваенных дзеяньняў. Гэта робіцца найперш для таго, каб прадухіліць выкарыстаньне дзяцей сэпаратыстамі ў якасьці «жывога шчыта», цытуе Лысенку УНІАН.

9 жніўня афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Расеі Ўладзімер Маркін паведаміў, што затрыманыя ў Расеі па падазрэньні прымяненьня незаконных мэтадаў вядзеньня вайны ўкраінскія вайскоўцы не трапяць пад крымінальны перасьлед, ім прадставяць магчымасьць вярнуцца на радзіму.

4 жніўня больш за 400 украінскіх вайскоўцаў з-за абстрэлу былі вымушаныя адступіць на тэрыторыю Расеі. Амаль усе вайскоўцы вярнуліся на Ўкраіну, пяцёх затрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG