Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо больш за паўтара месяца дзейнічае ў Ждановічах пад Менскам дзяржаўны Музэй-лецішча Васіля Быкава. Ці знаходзяць да яго дарогу беларусы? Якія экспанаты яны могуць там пабачыць? Чаму на адкрыцьці музэю адсутнічалі ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна і ягоныя найбліжэйшыя сябры?

Госьцем перадачы — загадчык Быкаўскай мэмарыяльная сядзібы Алесь Гібкоўскі.

— Алесь, да вас няпроста трапіць, асабліва калі ехаць па кружной дарозе з боку Ждановічаў. Ці шмат наведнікаў бывае ў вашым музэі?

— За гэты час, як мы працуем, на дзіва, наведнікаў было нямала. Зусім нядаўна два старшаклясьнікі адмыслова шукалі сюды дарогу. Ехалі па кружной, аўтобусам № 44, не заблукалі ў лясочку і былі вельмі задаволеныя, што нас знайшлі. Людзі тут бываюць амаль кожны дзень. Хоць сапраўды трапіць да нас няпроста. Мы хочам зрабіць паказальнікі ўздоўж кружной дарогі, пазначыць зьезд, на канцавым прыпынку прыгараднага аўтобуса таксама трэба ўсталяваць паказальнікі. Думаю, у бліжэйшы час гэта будзе зроблена. Але найперш нам трэба працаваць са СМІ. Часта людзі проста ня ведаюць, што ёсьць, існуе на сьвеце такі музэй. Ня ведаюць, што мы — філія Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. Лецішча будавалася адмыслова для таго, каб пісаць, але Васіль Быкаў пазьней прызнаваўся ў мэмуарах: «Думаў, буду пісаць на лецішчы, але тут перашкаджаюць то брэх сабак, то размовы жанчынаў, то шум дзяцей, то радыё нехта ўключыць гучна». Гэта яму перашкаджала засяродзіцца. Бываў ён тут усё ж нячаста.

На просьбу Быкава пры пабудове лецішча былі захаваныя бярозы

На просьбу Быкава пры пабудове лецішча былі захаваныя бярозы

— А што ўваходзіць у сам панятак «музэй»? Скажам, гэтыя гонкія бярозы на падворку — яны таксама музэйныя і знаходзяцца пад вашай аховай?

— Сапраўды так. Нават у навуковай канцэпцыі музэю закладзена: усе пабудовы, увесь участак — гэта мэмарыяльны комплекс. Тут да ўсяго прыклаў сваю руку Васіль Уладзімеравіч. Усе прадметы, якія тут знаходзяцца, усе рэчы, якія з добрай ласкі Ірыны Міхайлаўны Быкавай мы атрымалі, уся мэбля... Увогуле, найперш гэта музэй побыту пісьменьніка сярэдзіны 80-х гадоў. Нядаўна я бачыў па тэле Белую дачу Антона Паўлавіча Чэхава ў Крыме, дык там раскоша, дом вельмі багаты. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста, вельмі сьціпла. У нас ёсьць задума рабіць тут навуковыя канфэрэнцыі, можа, нават гэтай восеньню пачнем, запросім быкавазнаўцаў. Гэта адна з галоўных нашых задачаў. Тут не павінен быць мёртвы мэмарыял, тут мусіць ісьці жыцьцё. Экспазыцыя рэчаў павінна быць пераважна захаваная, але гэта не перашкаджае нам знаходзіць нейкія новыя рэчы, нехта з сяброў, са знаёмых можа штосьці падараваць. Мы і новыя рэчы будзем з задавальненьнем экспанаваць.

— Лаўлю вас на слове і перадаю ў музэй кнігу Быкава «Паяжджане», дзе сабраныя прыпавесьці (гэтаму жанру пісьменьнік аддаваў перавагу ў апошнія гады). Кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве, ды і зьмест там... Вы яе схаваеце ў запасьнікі?

— Адкажу на ваша пытаньне адназначна — не. Усё тое, што прыносіцца ў Дом Быкава, мы ня будзем хаваць па закуточках, усё будзе стаяць на паліцах. У нас няма такой лініі, каб нешта схаваць. Быкаў — такі, які ён ёсьць. Яго нельга зьмяніць ці перапісаць.

Палітра і мальбэрт Васіля Быкава-мастака

Палітра і мальбэрт Васіля Быкава-мастака

У кабінэце пісьменьніка

У кабінэце пісьменьніка

Быкаўская гасьцёўня

Быкаўская гасьцёўня

— У музэйны комплекс уваходзіць і гараж. На жаль, ён пустуе. А дзе падзелася знакамітая быкаўская «волга»?

— Аўто знаходзіцца ў старэйшага сына пісьменьніка, зь ім вядуцца перамовы. У нас у канцэпцыі пазначана, што мы зьбіраемся экспанаваць знакамітую «волгу» Васіля Ўладзімеравіча. Ён вельмі любіў сваю машыну, на сваіх малюнках падпісваў яе ласкавымі мянушкамі. Суседзі часта заставалі пісьменьніка за тым, што ён нешта рабіў у машыне, корпаўся пад капотам. Дарэчы, ён шмат падарожнічаў за стырном — па Прыбалтыцы, Расеі, Украіне, па Беларусі. Беларусь ён амаль усю аб’езьдзіў. І без машыны ён шмат дзе пабываў. У гаражы мы нават экспануем мапу дарогаў Васіля Ўладзімеравіча. Дыяпазон велізарны — ад расейскага Далёкага Ўсходу да ЗША і Канады. Усе гэтыя кропачкі мы пазначылі на мапе.

Аўтограф Уладзімера Караткевіча

Аўтограф Уладзімера Караткевіча

— А што за гісторыя была з адкрыцьцём музэю? Чаму на ўрачыстасьці не было ні Ірыны Міхайлаўны Быкавай, ні сяброў пісьменьніка?

— Вы ня маеце рацыі. У дзень адкрыцьця сюды прыяжджалі і Ірына Міхайлаўна, і блізкі сябра Быкава Анатоль Вярцінскі, і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Проста яны не дачакаліся самой урачыстасьці. Зайшлі наверх, паглядзелі экспанаты. Чаму зьехалі — я ня ведаю, на гэты конт у мяне зь імі размовы не было. На маю думку, Быкаў павінен нас аб’ядноўваць. Быкаўская проза сёньня становіцца надзвычай актуальнай — у зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне. Быкаў паказвае, як чалавек мусіць выжываць у нялюдзкіх умовах. Сёньня для беларусаў Быкаў — адзін зь нямногіх чыньнікаў, які нас аб’ядноўвае. Нягледзячы на палітычную, ідэалягічную разьяднанасьць многіх з нас, Быкаў застаецца сьцягам еднасьці. Яго творчасьць цікавая і левым, і правым, і чырвоным, і белым. Мастацкі ўзровень прозы Быкава прызнаны ва ўсім сьвеце, яна застаецца для ўсіх актуальнай. У Быкава няма часовых, кан’юктурных тэмаў, няма часовых вобразаў. Усё тое, што ім напісана, сёньня можа быць запатрабавана.

Гараж Васіля Быкава

Гараж Васіля Быкава

— Перад нашай гутаркай я патэлефанаваў Анатолю Вярцінскаму, каб пачуць ягоныя ўражаньні ад музэю. Вось ягоныя словы.

А. Вярцінскі: Памятаю, як адною раніцай мне патэлефанаваў Васіль і прапанаваў: «Давай зьезьдзім у Ждановічы, хачу паказаць табе сваё лецішча». Я пагадзіўся. Дарэчы, я тады ўпершыню ўбачыў Васіля за стырном... А апошні раз я быў на быкаўскім лецішчы зусім нядаўна, у чэрвені — разам зь Ірынай Міхайлаўнай Быкавай і кіраўнікамі нашага пісьменьніцкага саюзу Барысам Пятровічам і Алесем Пашкевічам. І ў мяне было незвычайнае адчуваньне адсутнасьці Быкава, якая адначасова сумяшчалася зь ягонай прысутнасьцю, бо пра яго гаварылі ўсе рэчы, самі сьцены пакойчыкаў. Я хацеў бы аддаць належнае Ірыне Міхайлаўне за яе мудрае рашэньне перадаць лецішча дзяржаве. Быў жа іншы варыянт — прадаць лецішча і скарыстаць сродкі для ўсталяваньня іншага, больш значнага, помніка на магіле Васіля Ўладзімеравіча. Ірына Міхайлаўна пасьля пэўнага роздуму вырашыла, што для ўшанаваньня памяці пісьменьніка лепш за ўсё ператварыць іх лецішча ў музэй. І яна, безумоўна, не памылілася... Неяк беларусіст зь Вялікай Брытаніі Джым Дынглі сказаў мне пры сустрэчы ў Менску, што Васіль Быкаў зьяўляецца «ўвасабленьнем беларускага мэнталітэту, беларускага нацыянальнага характару». Я б дадаў — і драматычнага лёсу Беларусі. У мяне ёсьць спадзяваньне, што Музэй-лецішча Быкава паступова стане такой жа духоўна прыцягальнай для кожнага беларуса мясьцінай, як Вязынка Янкі Купалы, як Зэльва Ларысы Геніюш, як Новы Двор Цёткі.

Запіс у кнізе водгукаў амбасадара Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі

Запіс у кнізе водгукаў амбасадара Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі

— Дзякуй Анатолю Вярцінскаму за ўдзел у перадачы. Алесь, лецішча — гэта сапраўды найперш побыт. І мы бачым у гасьцёўні шырокі стол, камін, прайгравальнік з кружэлкамі... А на што вы найперш зьвяртаеце ўвагу экскурсантаў?

— Мы пастараліся ўсё захаваць так, як было пры жыцьці Быкава. Адзіную новую экспазыцыю мы паставілі на балюстрадзе. Тут машынапіс аповесьці «Знак бяды» з аўтарскімі праўкамі, фатаздымкі, некалькі малюнкаў пісьменьніка зь першай пастаноўкі «Знаку бяды» ў менскім Расейскім тэатры імя Горкага. У кабінэце Васіля Ўладзімеравіча — невялічкая бібліятэка яго асабістых кніжак, многія з аўтографамі. Напрыклад, Уладзімер Караткевіч падпісаў свой двухтомавік так: «Дарагому майму другу Васілю Быкаву, якога я люблю не таму, што зараз яго ўсе любяць, а таму што я любіў яго і быў за яго, калі лаяць яго лічылася добрым тонам. І так буду рабіць і надалей... І жонцы ягонай Ірыне, „свайму хлопцу“, — каб ім яшчэ доўга, добра, сьветла, шчасьліва, карысна для людзей жылося. Ул. Караткевіч. 19 студзеня 81 г. Дзень Вадохрышча». А яшчэ Караткевіч падпісаў адну з карцінаў, падараваную на дзень народзінаў: «Усё мінае — гонар не мінае. Васілю ад Уладзімера ў дзень 19 чэрвеня 1984 году». На карціне — выява Мірскага замку.

— У Музэі-лецішчы няма ніякага аграваньня, апрача каміну. А што вы будзеце рабіць зімой — экспанаты ж могуць папсавацца?

— Сама назва «Музэй-лецішча» паказвае на сэзоннасьць нашай працы. Мы будзем працаваць з траўня па верасень. Зрабіць тут аграваньне — дарагая і няпростая справа. Для гэтага патрэбен новы праект, які дазволіў бы не парушыць мэмарыяльнасьць комплексу. Магчыма, у будучыні знойдуцца нейкія сучасныя агравальныя прылады, якія ня будуць закранаць архітэктуру памяшканьняў. Але пакуль што мы будзем працаваць улетку, а на зіму зачынімся, паставім усё пад сыгналізацыю. Вядома ж, будзем наведвацца, наводзіць тут парадак. А пакуль лета — запрашаю. Наш кантактны тэлефон: 334-72-61.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG