Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрысты раяць беларусам скардзіцца на блякаваньне Расеяй незалежных рэсурсаў


Калі пры спробе зайсьці на інтэрнэт-старонку вы пабачылі паведамленьне, што сайт заблякаваны паводле заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі, напішыце скаргу свайму правайдэру ці апэратару, — раяць юрысты.

Шырокая грамадзкая кампанія можа дапамагчы спыніць незаконнае блякаваньне сайтаў.

У Беларусі блякуюць доступ да незалежных беларускіх і ўкраінскіх сайтаў, спасылаючыся на заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі.

8 жніўня рэсурс «Хартыя’97» атрымаў сотні паведамленьняў пра блякаваньне ад беларускіх, расейскіх і казахскіх карыстальнікаў. Блякаваньне адбывалася цягам прыблізна адной гадзіны. Прычына — запатрабаваньне Генэральнай пракуратуры Расеі, лічыць галоўны рэдактар сайта Натальля Радзіна.

На запатрабаваньне праваахоўных органаў Расеі ў Беларусі таксама быў заблякаваны сайт censor.net.ua, некалькі дзён не праглядаецца сайт незалежнай інтэрнэт-газэты glavnoe.ua.

Пад усімі гэтымі адрасамі карыстальнік бачыць інфармацыю, што «доступ да сайту абмежаваны ў адпаведнасьці з заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі». У прыватнасьці, адзначаецца, што «сайт можа ўтрымліваць інфармацыю, распаўсюд якой на тэрыторыі Расеі забаронены».

Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што за блякаваньне ў Беларусі доступу да расейскіх сайтаў павінны адказваць правайдэры інтэрнэт-паслугаў.

​«Беларусь набывае львіную долю доступу ў Інтэрнэт праз расейскіх правайдэраў. Гэта ня ёсьць чымсьці надзвычайным — значная частка беларускіх карыстальнікаў хоча карыстацца расейскімі сэрвэрамі, таму з пункту гледжаньня бізнэсу гэта прадказальная пазыцыя. Зь іншага боку, тое, што доступ да ўкраінскага сэгмэнту ў Беларусі адбываецца не наўпрост, а праз Расею, выклікае абурэньне. Блякаваньне сайтаў — зьява, якая можа вымярацца і ў грашах. Гэта ня толькі палітычнае пытаньне. Калі беларускія карыстальнікі абураюцца тым, што на падставе расейскага заканадаўства закрыты доступ да сайтаў, зьвязаных, напрыклад, зь бясплатным спампоўваньнем фільмаў ці музыкі, то беларускія ўлады і тэхнічныя спэцыялісты рэагуюць на гэта і кажуць, што разьбяруцца, што трэба зьвяртацца да правайдэра, які, у сваю чаргу, будзе зьвяртацца да пастаўшчыка паслугі, гэта значыць — да расейскага боку», — кажа Паўлюк Быкоўскі.

Паводле экспэрта, беларускія ўлады ня змогуць «зваліць» праблемы ўнутранага беларускага сьпісу забароненых сайтаў, які часта папаўняецца ў пэрыяды палітычнай актыўнасьці ў краіне, на праблемы з расейскім пастаўшчыком інтэрнэту:

«У тым выпадку, калі спрацоўвае забарона на расейскім баку дроту, узьнікае надпіс, які дазваляе беспамылкова ідэнтыфікаваць, што гэта адбылося менавіта ў Расеі — сайт унесены ў сьпіс забароненых рэсурсаў у адпаведнасьці з рашэньнем пэўнага расейскага дзяржаўнага органа. Калі рэсурс блякуецца ўнутры краіны — тое, з чым мы сутыкаемся падчас палітычных актыўнасьцяў, — то карыстальнік проста ня можа трапіць на гэты рэсурс. Тут пераблытаць немагчыма».

Экспэрт Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Андрэй Сушко кажа, што такога кшталту блякаваньне — цалкам незаконнае з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства.

У сытуацыі, калі ёсьць абмежаваньне на доступ да ўкраінскіх сайтаў, беларускія інтэрнэт-юзэры павінны патрабаваць доступу да ўсіх сайтаў, якія не забароненыя беларускай дзяржавай.

«У кожнага карыстальніка ёсьць дамова з правайдэрам ці з мабільным апэратарам. Самы просты спосаб узнавіць доступ да сайтаў, якія не забароненыя на тэрыторыі Беларусі, — пісаць скаргі ў адвольнай форме на імя гэтых юрыдычных асобаў. Тады правайдэр ці апэратар мусіць зьвязацца зь „Белтэлекамам“, а той, у сваю чаргу, — з „Ростелекомам“. А „Ростэлеком“ мае тэхнічную магчымасьць разблякаваць доступ для беларускіх спажыўцоў інтэрнэт-паслугаў. Але тут трэба, каб у межах „Ростелекома“ была згода падзяліць расейскіх і беларускіх карыстальнікаў і стварыць для іх розныя тэхнічныя ўмовы. Аднак такі спосаб можа вырашыць праблему толькі кропкава. Я лічу, што было б мэтазгодна правесьці шырокую кампанію, каб вырашыць праблему цалкам, каб блякаваньня сайтаў для Беларусі не было ўвогуле».

Андрэй Сушко адзначыў, што тэхнічны характар праблемы не выключае палітычнага яе сэнсу.

«Бачым, што „Ростелеком“ пачынае забараняць ня толькі сайты, зьвязаныя з парнаграфіяй, экстрэмізмам ці гандлем наркотыкамі, але і ўкраінскія навінныя сайты, якія трансьлююць пазыцыю, адрозную ад расейскай афіцыйнай пазыцыі. Ці будзе гэты палітычны аспэкт перакладзены і на Беларусь, пакуль сказаць немагчыма», — адзначыў экспэрт.

XS
SM
MD
LG