Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны могуць сустрэцца ў Менску


Пётар Сіманенка, Генадзь Зюганаў і Ігар Карпенка

Пётар Сіманенка, Генадзь Зюганаў і Ігар Карпенка

Пра такую магчымасьць сёньня паведаміў лідэр украінскіх камуністаў Пётра Сіманенка. Гэтую заяву ён зрабіў у Менску, адказваючы на пытаньне Свабоды на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі са сваімі калегамі з Расеі і Беларусі — Генадзем Зюганавым і Ігарам Карпенкам. На яе Сіманенка і Зюганаў прыйшлі пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паведамленьне пра заплянаваныя сустрэчы прэзыдэнтаў першым зьявілася ў справаздачы БЕЛТА з сустрэчы Лукашэнкі, Зюганава і Сіманенкі.

«Бліжэйшым часам мы плянуем — прэзыдэнты Беларусі, Расеі, Казахстану, Украіны (калі Ўкраіна на гэта пойдзе, хоць пярэчаньня няма) — правесьці шэраг сустрэчаў дзеля таго, каб прынцыпова абмеркаваць, што ж адбываецца тут у нас», — заявіў Лукашэнка.

На прэсавай канфэрэнцыі Пётра Сіманенка заявіў, што чакаецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаў у фармаце «3+1». І патлумачыў — кіраўнікі трох краін, якія будуюць Эўразійскі эканамічны саюз, плюс Пётар Парашэнка.

Я папрасіў Зюганава і Сіманенку патлумачыць, колькі ўсё ж будзе прэзыдэнтаў, дзе яны будуць сустракацца і як хутка гэта можа адбыцца.

Кіраўнік украінскіх камуністаў сказаў:

«Які сэнс зьбірацца ўтрох без чацьвёртага? Лукашэнка сказаў: зараз прапрацоўвацца варыянт „3+1“. Але чаму ён сказаў — „прапрацоўваецца“? З адной простай прычыны: яны трое гатовыя сустракацца. А чацьвёрты чакае, што скажа Вашынгтон. І гэта відавочна.

Таму мы падтрымалі ініцыятыву Аляксандра Рыгоравіча і ягоных калегаў па Мытным саюзе пра неабходнасьць сядаць і размаўляць. І я хачу яшчэ раз падкрэсьліць: калі пройдзе сустрэча, залежыць не ад пазыцыі трох, а ад пазыцыі чацьвёртага.

Другое — колькасьць сустрэч. Для мяне галоўнае — іх вынік. Калі іх трэба праводзіць сто, давайце будзем праводзіць іх хоць кожную гадзіну. Самае галоўнае — як мага хутчэй дасягнуць станоўчага выніку».

Я б на месцы Парашэнкі ня стаў адкладаць гэтыя сустрэчы. Часу, каб спыніць кровапраліцьце ва Ўкраіне, застаецца ўсё меней і меней

Што тычыцца месца правядзеньня сустрэч прэзыдэнтаў, то Сіманенка спаслаўся на Аляксандра Лукашэнку, які заявіў пра сваё жаданьне правесьці іх у Менску.

Кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў, адказваючы на гэтае пытаньне, заўважыў:

«Я б на месцы Парашэнкі ня стаў адкладаць гэтыя сустрэчы. Часу, каб спыніць кровапраліцьце ва Ўкраіне, застаецца ўсё меней і меней. Нельга затрымлівацца, трэба сядаць за стол перамоваў».

Доктар палітычных навук Павал Вусаў сказаў Свабодзе, што ўсе захады Лукашэнкі найперш скіраваныя на тое, каб паказаць сваю значнасьць як палітыка:

«Практычнага сэнсу ў гэтых сустрэчах, на маю думку, няма. Паглядзіце, як разгортваецца канфлікт на лініі Эўропа — Расея. Масква вырашыла ісьці ва-банк. Гэта ўжо і бачна, і відавочна. Яна забараніла ўвоз шэрагу эўрапейскіх тавараў, што падкрэсьлівае — канфлікт будзе паглыбляцца. І ня толькі паміж Расеяй і Ўкраінай, але і па лініі Масква — Брусэль і Масква — Вашынгтон. Таму плянаваныя сустрэчы будуць насіць фармальны характар. Яны ня вырашаць канфлікту ва Ўкраіне. Бо гэта можна будзе зрабіць толькі тады, калі Ўкраіна цалкам пераможа».

Няма волі з боку Масквы вырашыць гэты канфлікт на карысьць Украіны. Яна будзе рабіць усё, каб гэты працэс фармальна зацягваць. І тым паказаць, што яна нібыта гатовая да перамоваў

Экспэрт нагадаў, што ў Менску нядаўна праходзіла паседжаньне кантактнай групы па Ўкраіне. Тады таксама было шмат спадзяваньняў. Але, як кажуць, гара нарадзіла мыш. І нават новае паседжаньне, якое плянавалася на гэтым тыдні, не адбылося. Падобны лёс можа чакаць і сустрэчы прэзыдэнтаў, прагназуе Павал Вусаў:

«Бо няма волі з боку Масквы вырашыць гэты канфлікт на карысьць Украіны. Яна будзе рабіць усё, каб гэты працэс фармальна зацягваць. І тым паказаць, што яна нібыта гатовая да перамоваў. Але ў практычнай сфэры, у рэальным жыцьці Масква будзе працягваць падтрымліваць сэпаратыстаў і яшчэ болей уцягваць Украіну ў канфлікт».

XS
SM
MD
LG