Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖынкі ў Гомелі


Бажаўскі дэсант у Гомелі
Бажаўскі дэсант у Гомелі

8 жніўня ў Гомелі адкрыўся традыцыйны фэст незалежных журналістаў, які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў супольна зь мясцовай філіяй.

У Гомель прыехалі больш як тры дзясяткі супрацоўнікаў незалежных мэдыяў зь Берасьця, Баранавіч, Віцебску, Менску, Маладэчна, некаторых іншых гарадоў Беларусі. У ліку ўдзельнікаў як вядомыя ў краіне журналісты — Глеб Лабадзенка, Генадзь Кесьнер, Валер Шчукін, — так і маладзейшыя калегі: Марта Мартынюк, Алеся Парахня, Настасься Роўда.

Барысаўскі фотажурналіст Аляксандар Зянькоў так тлумачыць свой прыезд у Гомель на БАЖынкі:

«Калі даведаўся, што Гомельская філія арганізоўвае БАЖынкі, то адразу вырашыў для сябе: паеду! Павінна быць нешта новае. Адпачыць ня вельмі й давядзецца: ідзем асьвятляць гомельскія падзеі. Гэта цікава. Прыехаць у горад, дзе ты не жывеш, і зрабіць журналісцкую працу — гэта цікава. Заплянаваныя й спартовыя мерапрыемствы, у якіх давядзецца паспаборнічаць паміж сабою».

Фармат БАЖынак у Гомелі сёлета адрозьніваецца ад папярэдніх. Удзельнікі фэсту падзяліліся на пяць камандаў і выправіліся ў конкурсны «Мэдыямаратон». Праз жэрабя каманды выбралі сабе тэмы для асьвятленьня гарадзкіх падзеяў, каб супольна разабрацца, што ў іх міт, а што — рэальнасьць. Да прыкладу, ці хоча Гомельскі гарадзкі парк культуры, які на пачатку жніўня пазбавіўся імя былога наркама Луначарскага, трапіць у сьпіс культурных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА? І чаму дырэкцыя парку жадае пазбыцца трох гектараў сваёй тэрыторыі?

Журналісты высьвятляюць, ці трапляюць на рынкі гораду радыеактыўныя прадукты харчаваньня, а калі так — то норма гэта ці выключэньне?

Асобная група незалежных журналістаў будзе высьвятляць, якое ўяўленьне пра беларускую нацыянальную кухню атрымае госьць абласнога цэнтру, наведаўшы гомельскія кавярні й рэстарацыі.

Вядомы ў краіне журналіст і блогер Глеб Лабадзенка працягвае:

«Раней былі заданьні, якія не патрабавалі вялікіх зрухаў зь месца. Нешта трэба было намаляваць у насьценгазэце, прыдумаць песьню. Тут жа мы атрымалі заданьне, якое вымагае пабегаць па горадзе, пазаймацца звычайнай журналісцкай працай. Асабіста нашай камандзе трапілася цікавае заданьне — пра беларускую нацыянальную кухню. Мы гэта эмпірычным мэтадам вырашаем — у карчме паабедалі. І зараз ідзем працягваць».

Журналістка з Глыбокага Віцебскай вобласьці Тацяна Смоткіна лічыць, што карпаратыўныя фэсты дапамагаюць гуртаваць арганізацыю, павышаць мабільнасьць і прафэсіяналізм:

«Гэта збліжае людзей, уздымае карпаратыўны дух. Са многімі журналістамі ты знаходзісься ў БАЖы, але ня ўсіх ведаеш у твар. А вось такія мерапрыемствы збліжаюць людзей, знаёмяць паміж сабой. І я лічу, што гэта ідзе на карысьць кожнаму».

Вынікі конкурснага «Мэдыямаратону» падвядуць заўтра, на базе адпачынку. Пройдуць і разнастайныя спартовыя спаборніцтвы.

А сёньня ўвечары ўдзельнікаў фэсту чакае разнастайная культурная праграма, уключна з майстар-клясам па беларускіх народных танцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG