Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-pop: «Тое, што мы спажывалі — паедзе ў Расею»


«Пуцін забараніў увоз харчаваньня з краінаў, якія падтрымалі санкцыі супраць Расеі. Як, на вашу думку, гэта можа паўплываць на Беларусь?»

Спадарыня сталага веку: «Я вельмі хваравіта ўсё гэта ўспрымаю, бо нарадзілася ў Данецку, большую частку жыцьця пражыла ў Расеі, а цяпер у Беларусі. Мне падаецца, што Расея слушна адстойвае свае інтарэсы. А для Беларусі гэта, найхутчэй, будзе плюс, бо будзе штуршок хоць для нейкага разьвіцьця нашай беларускай эканомікі. Бо калі нейкі тавар не вырабляецца тут, у Беларусі, то ўжо будзе значна большая ўвага да таго, каб наладзіць яго вытворчасьць уласнымі рэсурсамі і сіламі».

Добра, бо для Беларусі рынак адкрываецца ў Расеі

Спадар сталага веку: «Як я думаю, то добра, бо для Беларусі рынак адкрываецца ў Расеі. Але да гэтага вельмі асьцярожна трэба падыходзіць, каб свой рынак не загубіць: каб кошты тут не павысіліся, каб тавары не перавозілі ў Расею, дамагаючыся лепшых грошай. Але агулам мне падабаецца, што Расея абвастрыла абстаноўку».

Юначка: «Мне падаецца, што на нас гэта асабліва не паўплывае. Бо, здаецца, мы ўсё ж незалежная краіна».

Спадар сярэдняга веку: «Мне падаецца, што ўсіх трэба падтрымліваць і жыць мірна, бо гэтая вайна нікому не патрэбная. Для Беларусі гэтая эканамічная вайна будзе дрэннай зьявай, бо Расея і нам цэны падыме і на газ, і на ўсё, што сюды пастаўляе».

Юначка: «Я думаю, што нас гэта ніяк ня тычыцца і ў нас усё застанецца па-ранейшаму».

Важна, каб нашы тавары засталіся на паліцах нашых крам. А то атрымаецца так, што нашы тавары будуць у Маскве, а да нас прыйдуць польскія ці тыя ж украінскія

Юнак: «Ніяк, пэўна. Хоць, магчыма, і павялічацца пастаўкі нашай прадукцыі ў Расею. Хоць я ня думаю, што Беларусь рэзка павялічыць выпуск прадукцыі, якую выпускае, бо мы яе і так пастаўляем у Расею. Магчыма, што нешта ў нас зьнікне: тое, што мы спажывалі, паедзе ў Расею, а нам чагосьці не дастанецца».

Спадарыня сярэдняга веку: «Для Беларусі гэта нічога ня значыць. Пакуль наш прэзыдэнт будзе з намі, усё будзе добра».

Спадар сярэдняга веку: «Цікавае пытаньне... Магчыма, што ў кароткай пэрспэктыве гэта будзе добра. Але ж важна, каб нашы тавары засталіся на паліцах нашых крам. А то атрымаецца так, што нашы тавары будуць у Маскве, а да нас прыйдуць польскія ці тыя ж украінскія».

XS
SM
MD
LG