Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бібліятэкарка праз суд адстаяла месца працы і хоча стаць прэзыдэнтам Беларусі


Сьвятлана Грыцэнка з Бабруйску дамаглася аднаўленьня на працы і яшчэ амаль дзевяці мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Радыё Свабода распавядае, як актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» змагла адолець кантрактную сыстэму.

Сьвятлана Грыцэнка рабіла бібліятэкарам у раённай бібліятэцы. Звольнілі яе на той падставе, што скончыўся тэрмін дзеяньня кантракту. Бабруйскі суд палічыў звальненьне незаконным. Наймальнік мусіць аплаціць Грыцэнцы два месяцы вымушанага прагулу і кампэнсаваць ёй маральную шкоду. Сума выплаты — амаль дзевяць мільёнаў рублёў.

Са Сьвятланай Грыцэнкай гутару ў абедны перапынак у сквэры непадалёк ад раённай бібліятэкі, якая, як яна кажа, ад 1991 году — адзінае месца яе працы. Сёньня яна пасьля двух месяцаў вымушанага беспрацоўя вярнулася ў калектыў. Настрой у яе прыўзьняты. Пра атмасфэру ў калектыве Сьвятлана Грыцэнка кажа:

«Вось я сёньня выйшла першы дзень на працу — былі дужа шчырыя віншаваньні, былі зьдзіўленыя, было і такое абыякавае — маўляў, „папрацуем“. Быў і страх, бо ня ўсе дужыя. І я ня маю маральнага права кагосьці асуджаць. Хоць мне здаецца, што ў душы ўсе людзі радаваліся за мяне. Хоць, з другога боку, усё сумна і ня дужа ўтульна на працы цяпер. Я стала раптам кепскім супрацоўнікам. Але цешыць, што ёсьць людзі, якія ня здраджваюць».

Апавядаючы сваю гісторыю звальненьня і перамогі ў судзе, суразмоўніца пазьбягае рэзкіх выказваньняў на адрас тых, хто хацеў яе пазбавіць улюбёнай працы. Яна бібліятэкарка ў трэцім пакаленьні. Заяўляе, што за ініцыятывай яе звольніць стаяць не кіраўнікі бібліятэкі, а бабруйскае чынавенства. Гэта адказ, цьвердзіць яна, на прынцыповую пазыцыю ў адстойваньні справядлівасьці:

«Я папросту ўпэўненая, што гэта ўсё выканаўчая ўлада Бабруйскага раёну. Я ім перашкаджаю свабодна рашаць, расстаўляць усё і ўсіх па месцах. Яны могуць узяць ды размазаць чалавека. Людзі апускаюць галаву, нехта замыкаецца ў сабе, а нехта зьяжджае ў Расею і там працуе».

На думку Сьвятланы Грыцэнкі, ёсьць пэўныя людзі, якія паставілі перад сабой задачу абавязкова яе перамагчы, бо ў іх раней не было магчымасьці некага адужаць. Яны бачаць ува мне ворага, зазначае суразмоўніца:

«Я досьведу набралася. Я зразумела, хто ёсьць вораг, а хто сябра. Я ўбачыла, хто працуе „і нашым, і вашым“. У мяне няма на іх злосьці. Слава богу, што я на гэтым не засяроджаная. Усё, што варта рабіць паводле заканадаўства, я буду, вядома ж, рабіць. Дарэчы, трэба глядзець, каб мне а 14-й быць на працы».

Будынку бібліятэкі сто гадоў. Некалі тут месьціўся рэвалюцыйны камітэт

Будынку бібліятэкі сто гадоў. Некалі тут месьціўся рэвалюцыйны камітэт

Сьвятлана Грыцэнка ўдзельнічала ў апошніх мясцовых выбарах як незалежная вылучэнка. Пра далучанасьць да дзейнасьці камітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ў працоўным калектыве, кажа яна, чулі. Чулі і пра яе намеры вылучыцца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Такія заявы сталі для некаторых знаёмцаў, адзначае Сьвятлана, нагодай для кпінаў.

«Паглядзіце на яе, яна ў прэзыдэнты сабралася. Ёй, відаць, няма чаго рабіць у бібліятэцы», — так кпілі, кажа Сьвятлана Грыцэнка. — Для мяне мой намер стаць прэзыдэнтам — гэта пэрформанс у нейкай ступені, усьмешка. Няхай гэта будзе сыгналам таго, што жанчыны-маці — супраць сваволі. Яны хочуць жыць у міры. Няхай людзі бачаць, што можна выказваць сваё меркаваньне і што бараніць яго трэба».

У Сьвятланы Грыцэнкі вышэйшая бібліятэчная адукацыя. Яна старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі бібліятэчных работнікаў Бабруйскага раёну. Яе звальненьне, як высьветлілася ў судзе, не было ўзгоднена з абласным прафсаюзным камітэтам. У ходзе судовага разбору справы кіраўніцтва бібліятэкі вінаваціла Грыцэнку ў нездавальняючай працы. Але дакумэнтальна пацьвердзіць гэта не было чым. Сёлета 25 красавіка ёй прапанавалі падоўжыць працоўны кантракт, але праз тыдзень заявілі, што працягваць працоўныя адносіны зь ёй ня будуць. Пасьля звальненьня Сьвятлана Грыцэнка зьвярнулася ў суд, і той аднавіў яе на працы.

Сьвятлана Грыцэнка разам з мужам гадуе дваіх дачок і сына. Актывістка дзякуе ўсім, хто дапамагаў ёй перамагчы ў судзе. Аднак лічыць, што наўрад ці тыя, каго яна перамагла, супакояцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG