Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ўрокі для беларускіх турыстаў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Расеі завёў пяць крымінальных спраў па фактах махлярства збанкрутаваных расейскіх турапэратараў — «Лабиринт», «Роза ветров Мир», «Идеал-тур», "Нева«і «Экспо-тур». Пракуратура Масквы ўжо заявіла, што кіраўнікі «Лябірынту» скралі ня менш за 100 мільёнаў рублёў. Экспэрты турбізнэсу прагназуюць, што бліжэйшым часам могуць збанкрутаваць яшчэ дзясяткі расейскіх турфірмаў. Як праблемы рынку турыстычных паслуг Расеі адаб’юцца на беларускіх турыстах і наагул на турыстычнай галіне?

Што да беларускіх турыстаў, якія былі «завязьлі» ў Эгіпце, Тунісе і Баўгарыі, адпачываўшы па пуцёўках расейскага «Лябірынту», — то яны ўжо вярнуліся на радзіму. У Расеі апэратыўна стварылі «Ростурпомощь», якая кансалідавана накіроўвае дапамогу на арганізацыю дадатковых рэйсаў, турапэратары адлічваюць складкі. Далучаюцца і беларускія кампаніі — да прыкладу, офіс кампаніі Coral Travel у Менску таксама пералічвае туды сродкі. І, мяркуючы па ўвазе да гэтай праблемы, турыстам вярнуцца дакладна дапамогуць.

А як застрахаваць турыстаў ад падобных сытуацыяў — унівэрсальнага рэцэпту няма, кажа Валянцін Цэхмейстэр, дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў. Са збанкрутаванымі расейскімі турапэратарамі працавалі салідныя беларускія турфірмы. Але часьцяком і турфірмы, і самі турысты праводзяць авантурную палітыку. Як самі турысты, так і турфірмы нярэдка робяць онлайн-замовы, а дакумэнты атрымліваюць перад трапам самалёта ці наагул на рэцэпцыі і не чытаюць, што там напісана:

Як казаў адзін мой знаёмы зь Міністэрства спорту і турызму — „і жук, і жаба“, могуць гэтым займацца, ня маючы паняцьця аб прафэсійнай здатнасьці, адказнасьці

«Зараз у нас у Беларусі кожны можа заняцца гэтым відам прадпрымальніцтва, і цалкам бескантрольна. На рынку існуе парадку 1500 кампаніяў (дакладнай лічбы ніхто ня ведае). 1500 усялякіх агенцтваў, як казаў адзін мой знаёмы зь Міністэрства спорту і турызму — „і жук, і жаба“, могуць гэтым займацца, ня маючы паняцьця аб прафэсійнай здатнасьці, адказнасьці».

На інтэрнэт-партале газэты «Туризм и отдых» прадстаўнікі беларускіх турагенцтваў даюць турыстам парады, якія зводзяцца ў асноўным да аднаго: «Устрымайцеся ад паездкі на адпачынак праз Маскву, падтрымлівайце айчыннага вытворцу, лятайце „Белавія“, замаўляйце туры ў беларускіх апэратараў». Валянцін Цэхмейстэр наконт беларускіх турапэратараў тлумачыць:

«Дакладней, яны ўсе турагенты, а не турапэратары, паколькі працуюць па дамовах камісіяў з замежнымі партнэрамі. Што тычыцца турапэратараў, якія працуюць на выезд — я наагул не магу ніводнага прыгадаць. Часьцей за ўсё нашы турыстычныя кампаніі працуюць як агенты па дамове камісіі. Яны бяруць чужы прадукт, дадаюць сваю маржу, альбо яна ўжо закладзеная, — і ўсё. То бок проста прадаюць чужы пакет».

Дзяржава пасьля адмены ліцэнзаваньня ў 2010 годзе ў гэты працэс ня ўмешваецца. Калі расейскі турапэратар павінен замест ліцэнзіі яшчэ фінансавую гарантыю атрымаць, то ў Беларусі і таго няма.

На думку дырэктара турыстычнага парталу Holiday.by Андрэя Барашкі, з гэтага можна вынесьці пэўныя эканамічныя ўрокі:

«Гэта добры шанец для нашых турыстычных кампаніяў разьвіваць свой уласны бізнэс, зразумеўшы пэўныя эканамічныя ўмовы тур-апэрэйтынгу. І для турагенцтваў тут ёсьць урок эканомікі: турагенцтва

Для турагенцтваў тут ёсьць урок эканомікі: турагенцтва павінна правільна выбраць апэратара альбо рабіць так, каб у прапанаваным імі туры, яны былі ўпэўненыя

павінна правільна выбраць апэратара альбо рабіць так, каб у прапанаваным імі туры, нават калі ён ня іхні, які толькі перапрадаюць, яны былі ўпэўненыя. Пасьля гэтай сытуацыі павінны быць дакладней прапісаныя абавязаньні і турагентаў, і турапэратараў перад турыстамі».

Колькі беларусаў сапсавалі сабе адпачынак, зьвязаўшыся з расейскімі кампаніямі-банкрутамі, падлічыць немагчыма. Бо людзі самастойна замаўляюць туры наўпрост праз Маскву, праз інтэрнэт, кажа прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч:

«Адсачыць мы можам, толькі калі людзі будуць зьвяртацца па прававую альбо экспэртную дапамогу ў наш Дэпартамэнт па турызьме. І нават былі неаднаразова такія выпадкі, калі прасілі нашых экспэртаў выступаць у абарону грамадзян у судзе. Але ўсё ж такі першая інстанцыя, куды людзі зьвяртаюцца, — гэта сама турыстычная арганізацыя, зь якой яны спрабуюць самі ўлагодзіць усё мірным шляхам. Калі не атрымліваецца — зьвяртаюцца ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы беларускія, калі такіх няма ў краіне — бягуць да расейцаў. І калі расейцы сваіх эвакуявалі з гарачых кропак, то і беларусаў забіралі».

Турыстычная дзейнасьць — гэта рызыкоўная дзейнасьць. Таму рызыкі павінны страхавацца, лічаць экспэрты. Лепш заплаціць лішнія паўтара-два працэнты, і калі чалавек перадумаў ляцець ці здарыўся нейкі форс-мажор, ён атрымлівае кампэнсацыю ад страхавой кампаніі. Павінны быць добра прапрацаваныя страхавыя мэханізмы, адказнасьць турапэратара. А ў ідэале трэба прыняць закон аб страхаваньні рызыкі падарожніка.

XS
SM
MD
LG