Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Беларусі вязьняў?


Агітацыйны плякат у адной зь беларускіх турмаў
Агітацыйны плякат у адной зь беларускіх турмаў

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 7 жніўня заявіў, што колькасьць зьняволеных у Беларусі за гады ягонага праўленьня скарацілася ўдвая ў параўнаньні з пачаткам 90-х гадоў. Колькі цяпер чалавек пазбаўленыя волі і якія тэндэнцыі назіраюцца ў беларускіх вязьніцах адносна колькасьці асуджаных?

Колькасьць зьняволеных у Беларусі з 1994 году сапраўды зьменшылася, але за гэты час амаль на мільён скарацілася і агульная колькасьць насельніцтва Беларусі. У выніку па колькасьці зьняволеных на 100 тысяч жыхароў Беларусь застаецца ў лідэрах пасьля ЗША і Расеі.

10 гадоў таму, у 2004 годзе, паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у Беларусі было 43 тысячы зьняволеных. А колькі іх цяпер?

У Міністэрстве ўнутраных спраў лічбу адразу не паведамляюць, патрабуючы пісьмовага звароту. Старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала год таму казаў пра 24 тысячы зьняволеных.

Што кажуць незалежныя крыніцы?

Зьвяртаюся да 37-старонкавай справаздачы пад назвай «Агульныя дадзеныя аб дзейнасьці ў Беларусі ў сфэры выкананьня пакараньняў і ўтрыманьня пад вартай», якая была апублікаваная на Belarus Security Blog. Паводле справаздачы, на 1 траўня 2013 году ў Беларусі ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы і міліцыі ўтрымлівалася больш за 37 тысяч асуджаных і грамадзян, якія апынуліся пад сьледзтвам. З гэтай колькасьці больш за 23 тысячы былі ў калёніях і турмах, каля 8 тысяч — у калёніях-пасяленьнях, выхаваўчых калёніях, арыштных дамах, і каля 6 тысяч — у сьледчых ізалятарах.

Якая сытуацыя цяпер, праз год? Мікіта Ліхавід, супрацоўнік установы «Плятформа інавэйшн», якая займаецца абаронай правоў беларускіх вязьняў, кажа, што за мінулы год у Беларусі былі ліквідаваныя дзьве калёніі — у Наваполацку і Магілёве, раней стала меней на адну выхаваўчую калёнію. Зьмяншэньне колькасьці вязьняў сапраўды адбываецца, пацьвярджае Мікіта Ліхавід і тлумачыць прычыны:

«Сталі ўсё ж менш даваць пазбаўленьне волі, калі ёсьць магчымасьць абмежавацца штрафам і ўмоўным пакараньнем. Калі раней за гэта давалі 1,5–2 гады, то цяпер спрабуюць абмежавацца працай з адлічваньнем часткі заробку ці „хіміяй“, каб не напаўняць калёніі. Калі раней этапы былі перапоўненыя, то цяпер бывае, што прыяжджае 1–3 чалавекі, ну, 5–8 — гэта максымум. А раней гэта быў мінімум. То бок на самой справе колькасьць вязьняў стала меншай».

Ці азначае гэта, што ў вязьніцы цяпер не трапляюць тыя, каго маглі б пакінуць на волі, абклаўшы штрафамі ці пэўнымі абмежаваньнямі?

Пасьля другога асуджэньня прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч адбыў 5 год у калёніях і гарадзенскай турме. Назіраньні былога палітвязьня пра калёнію ў Івацэвічах наступныя: там досыць шмат вязьняў, якія скралі драбязу і маглі б заставацца на волі. Але яны і самі гэтага ня вельмі хочуць, бо для іх жыцьцё на волі часта цяжэйшае, чым за дротам:

«Тэндэнцыя на зьмяншэньне колькасьці вязьняў была, каля я там быў, а што цяпер — ня ведаю. Ведаю дакладна, што садзяць за ўсё. Скраў куру — сядзі. І таму шмат тых, хто фактычна з той калёніі не выходзіць. Бо прыходзіць такі чалавек дамоў, у калгас, а ў яго там нічога няма, няма за што жыць. Пайшоў і зноў бутэльку скраў ды сеў. І ў калёніі такі чалавек адчувае сябе лепш, бо яго там кормяць, даюць зарабіць хаця б на цыгарэты, Вельмі шмат такіх, якія імкнуцца вярнуцца ў калёнію, бо на волі жыць цяпер вельмі-вельмі цяжка».

Мікалай Аўтуховіч таксама заўважыў, што не давярае афіцыйным дадзеным, якія тычацца пэнітэнцыярнай сыстэмы. Былы палітвязень прывёў у прыклад справаздачу па калёніях, якая яму трапілася ў Івацэвіцкай калёніі.

«Паводле гэтай справаздачы, менш за 90% працуючых нідзе не было. Але я дакладна, на сабе ведаў, што ў нашай калёніі такіх было ня больш за траціну. Вось такія ў іх справаздачы», — кажа Мікалай Аўтуховіч.

Паводле Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў, які падае статыстыку за сакавік 2013 году, найвялікшы адсотак арыштантаў сярод насельніцтва ў Эўропе зафіксаваны ў Расеі — 487 зьняволеных на 100 тысяч жыхароў. Другое месца ў Эўропе паводле гэтага паказьніку займала Беларусь (438 вязьняў), за ёй ішлі Грузія і Азэрбайджан.

Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства адсорбцыі і месцаў зьняволеньня Грузіі, у выніку рэформаў колькасьць вязьняў у гэтай краіне з 2012 па 2013 год скарацілася амаль удвая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG