Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Валько: Стварыць беларускамоўную групу у садку вельмі проста


Вольга Валько з сваім трохгадовым сынам Стасікам

Вольга Валько з сваім трохгадовым сынам Стасікам

У гарадзенскім садку № 45 сёлета адкрываецца другая беларускамоўная група з 12 чалавек і ёсьць нават рэзэрвовы сьпіс ахвотных аддаць сваіх дзетак у гэту групу.

Вольга Валько, маці трохгадовага Стасіка, распавядае, як бязь лішніх клопатаў можна стварыць беларускамоўную групу для свайго сына, калі ты насамрэч хочаш, каб ён зь дзяцінства быў у беларускамоўным асяродзьдзі.

Карэспандэнт: «Спадарыня Вольга, я часта бываю на імпрэзах, дзе зьбіраецца беларускамоўнае асяродзьдзе, і большасьць людзей, так бы мовіць, ведаю ў твар. Вас сустракаю ўпершыню, але ў вас цудоўная беларуская мова, і дзякуючы вашым высілкам у Горадні ёсьць яшчэ адна беларускамоўная група ў садку...»

Валько: «Ідэя ў нашай сям’і прыйшла, як толькі ў нас Стась нарадзіўся. Мы разумелі: калі гэтага ня зробім для яго мы, то ніхто гэтага ня зробіць. Нам было ў гэтым пляне лягчэй, бо дарога была ўжо пракладзена, два гады таму ўжо адчынілі першую беларускамоўную групу. І я не скажу, што ў нас былі нейкія складанасьці — галоўнае было знайсьці бацькоў, якія пагодзяцца аддаць сваіх дзетак у беларускамоўную групу».

Карэспандэнт: «І як вы вырашалі гэтую самую складаную праблему?»

Валько: «Вядома, найперш мы пачалі размовы са сваімі знаёмымі, у каго такія ж дзеткі. Адразу ў „Вячэрнім Гродне“ зьявілася невялікая аб’яўка, якую зьмясьціў аддзел адукацыі. Яшчэ зрабілі самаробную аб’яўку, расклеілі ў розных месцах, зьмясьцілі ў інтэрнэце, і народ пачаў зьбірацца вельмі хутка. Яны тэлефанавалі мне, а я толькі накіроўвала іх туды, куды трэба было несьці заявы».

Карэспандэнт: «Выходзіць, што ўсё так проста — дастаткова даць аб’яву, і людзі тэлефануюць...»

Валько: «Трэба сказаць, што ў нас ня ўсе дзеткі зь беларускамоўных сямей. Ёсьць такія дзеткі, бацькі якіх запісаліся ў нашу групу, паколькі садок у іх побач з домам. А па-другое, група малакамплектная, а гэта вельмі важна для ўсіх мам, таму што болей увагі будзе аддавацца кожнаму дзіцяці. Але мы гэтага нават і не хавалі, а наадварот — выстаўлялі як наш плюс. І ўсё ж большасьць сямей у нас такія, як мы — сьвядомыя беларусы».

Карэспандэнт: «Вы ўжо былі ў садку, бачылі памяшканьне, дзе будуць знаходзіцца дзеткі?»

Валько: «Мала таго, што мы бачылі ўжо памяшканьне, мы яго яшчэ робім. Усе бацькі зацікаўленыя, каб іх дзеткам было добра, таму мы там робім сапраўдны рамонт: і сьцены, і столь, усё зьмяняем, магчыма, і мэблю будзем набываць. Мы робім гэта за ўласныя сродкі. Сабралі бацькоўскі сход, абмеркавалі, усе згадзіліся, палічылі, колькі грошай трэба, сабралі іх, нанялі брыгаду, і яны робяць гэты рамонт».

Карэспандэнт: «А вы ведаеце, хто будзе выхавацелькай у вашых дзетак?»

Валько: «Канечне. Дарэчы, гэта была адна з умоваў — мы павінны былі, акрамя дзетак, прывесьці і сваю выхавацельку. Праўда, нам сказалі, што выхавацельку б знайшлі, але калі мы прывядзём сваю, то ня будуць супраць. Наша выхавацелька пакуль студэнтка, але ва ўнівэрсытэце цяпер дазваляюць студэнтам працаваць па спэцыяльнасьці на старэйшых курсах. Дзяўчына сама беларускамоўная, хоць вучыцца на ангельскай філялёгіі, у штодзённым жыцьці размаўляе па-беларуску. Яна пагадзілася і з ахвотай сказала, што будзе працаваць. Мы пайшлі разам да загадчыцы, і яе ўзялі на працу».

Карэспандэнт: «Спадарыня Вольга, тое, што вы распавядаеце, выглядае нават трошкі неверагодна. Бо колькі даводзілася чуць ад людзей пра розныя праблемы ды перашкоды, якія ім чынілі чыноўнікі, каб адкрыць беларускамоўную групу ў садку альбо беларускамоўную клясу ў школе. Магчыма, вы нешта параіце тым, хто таксама хоча аддаць сваіх дзетак у беларускамоўны садок...»

Валько: «Я б хацела сказаць, што гэта насамрэч зрабіць вельмі лёгка. Няма ніякіх перашкодаў, галоўнае — самаарганізацыя і жаданьне, а яшчэ крышачку інфармацыйнай падтрымкі, каб людзі ведалі. Ніякіх праблемаў я ня бачу і ніякіх перашкодаў, патрэбна ваша жаданьне. Мы адусюль атрымлівалі толькі падтрымку: і ў самім садку, і ў аддзеле адукацыі — калі ласка, стварайце. І ўсё, толькі ваша жаданьне».

Карэспандэнт: «Спадарыня Вольга, а які быў ваш шлях да беларускасьці?»

Валько: «Мова як бы ў мяне ў крыві, а па спэцыяльнасьці я — біёляг. А да мовы я прыйшла праз каханьне. Мой муж беларускамоўным стаў раней за мяне. Ён вучыўся ў Лунінецкім ліцэі, дзе быў вельмі добры асяродак беларускасьці. А мы зь ім пазнаёміліся ва ўнівэрсытэце, і я ў яго закахалася, а таксама закахалася ў мову. Пазьней увесь час задавала сабе пытаньне — як жа я раней не магла прыйсьці да мовы. Вось такая ў нас гісторыя».

XS
SM
MD
LG