Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа страціць украінскі рынак нафтапрадуктаў


Украіна знайшла магчымасьць замяшчэньня паставак бэнзіну, які раней паступаў зь Беларусі. Пра гэта піша аналітык кансалтынгавай кампаніі UPECO Аляксандар Сірэнка.

Ён цьвердзіць, што кампаніі польскай групы PKN Orlen (яна валодае літоўскім НПЗ Orlen Lietuva) ужо павялічылі пастаўкі ва Ўкраіну бэнзіну А-95 и А-92. Яшчэ каля 100 тысяч тон паліва перакінуць морам. Гэта дазволіць ліквідаваць дэфіцыт, які ўтварыўся пасьля зьмяншэньня паставак нафтапрадуктаў зь Беларусі. На думку аналітыка, гэта дазволіць утрымаць кошты на ўкраінскім рынку бэнзіну ў жніўні.

Як ужо перадавала Свабода, 4 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі. Падчас яе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разумее вастрыню ўборачнай кампаніі, і паабяцаў Пятру Парашэнку «аказаць судзеяньне Ўкраіне ў забесьпячэньні яе эканомікі нафтапрадуктамі, нягледзячы на ўнутраныя патрэбы».

«Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) — спэцыяльны экспартэр нафтапрадуктаў зь Беларусі — паведаміла сваім украінскім кантрагентам, што ня можа выканаць у поўным аб’ёме пастаўкі паліва ў жніўні.

Беларускі бок спасылаецца на форс-мажор у выглядзе рамонтаў нафтаперапрацоўчых заводаў.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў Свабодзе гэтую сытуацыю:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Цана ўкраінскага рынку нафтапрадуктаў для Беларусі — 4 мільярды даляраў. Менавіта на такую суму мы прадалі бэнзіну, мазуту ды іншых вырабаў з нафты нашым паўднёвым суседзям летась. А сёлета ў гэтым гандлі мы ідзем, як часам кажуць, „апераджальнымі тэмпамі“. Таму ўкраінскі рынак для Беларусі вельмі выгадны. І губляць яго няма ніякага сэнсу.

Звычайна кожны нафтазавод сам вызначае, калі яму станавіцца на прафіляктычны рамонт. Як правіла, вытворчасьць прыпыняецца прыкладна на месяц. Таму нечага надзвычайнага тут няма. Гэта калі глядзець на сутнасьць справы выключна з эканамічнага пункту гледжаньня.

Магчыма, тут ёсьць і палітычны фактар. Ён, вядома, расейскі. І можа азначаць, што Масква ня хоча, каб Беларусь такім чынам дапамагала Ўкраіне.

Але тут трэба ўлічваць, што мы атрымліваем з Украіны 4 мільярды. І ня грыўняў, а самых што ні на ёсьць натуральных даляраў. Гэта — жывыя грошы. А ў 2015 годзе, калі палову расейскай нафты мы будзем атрымліваць без унясеньня мыта ў бюджэт Расейскай Фэдэрацыі, то магчымасьці прадаваць нафтапрадукты ва Ўкраіну яшчэ павялічацца. Улічваючы ўсё гэта, я тут бачу больш тэхнічныя, чым палітычныя абмежаваньні. Да таго ж у гандлі з Украінай ёсьць пэўныя дамоўленасьці, якіх ня можа быць з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Таму такі рынак нельга губляць».

Цяжкасьці з пастаўкамі зь Беларусі пачалі зьяўляцца яшчэ на пачатку ліпеня ў сувязі з ростам попыту на бэнзін з боку Расеі, якая зазнае традыцыйны ўжо сэзонны дэфіцыт. Паводле беларускіх трэйдэраў, расейскія давальцы, якія займаюць 50% у аб’ёме беларускай перапрацоўкі, цалкам адпраўляюць усе бэнзіны ў Расею. У тым жа кірунку ссоўвае акцэнт і БНК, якая мае абавязаньні наконт вяртаньня нафтапрадуктаў у Расейскую Фэдэрацыю ў рамках пагадненьня па пастаўках нафты.

Сёньня расейскае міністэрства энэргетыкі заявіла, што Расея паставіць у Беларусь у чацьвёртым квартале сёлета 5,85 мільёна тон нафты. Такім чынам, гадавы аб’ём паставак наблізіцца да 23 мільёнаў. Гэта столькі, колькі і хацела мець Беларусь.

XS
SM
MD
LG