Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы ахвотна робяцца «укропами». Шаўроны з такім надпісам ужо шые адно кіеўскае прадпрыемства. Дызайн нашывак прыдумляе і бясплатна выстаўляе ў сеціве мастак Андрэй Ярмоленка.

А вось зьяўленьнем нэалягізму ён абавязаны сэпаратыстам, якія і далі мянушку ўкраінцам — «укры», альбо «укропы», — нагадвае супрацоўніца ўкраінскай Свабоды Ірына Стэльмак.

«Кроп — расьліна, якая адпуджвае каларадзкага жука. Атрады кветачак і зярнятак, якія складваюцца ў войска! Яны нас так назвалі, яны нас павінны баяцца», — гэтыя словы мастака Андрэя Ярмоленкі ў майстэрні «Морячок» вісяць у рамачцы на бачным месцы. Ужо некалькі дзён у невялікім памяшканьні ў Дарніцкім раёне Кіеву зь ягоных эскізаў дзьве швачкі ўпарта шыюць шаўроны з надпісам «Укроп».

«Гэта ў нас такія добрыя шаўрончыкі-укропчыкі для сапраўдных ўкраінскіх патрыётаў. Андрэй Ярмоленка распрацаваў малюнкі, а мы іх ўвасобілі ў жыцьцё, каб нашы героі, шараговыя грамадзяне, студэнты — усе насілі і ганарыліся тым, што яны ўкраінцы, укропчыкі. Зараз зроблена каля 150 гэтых шаўронаў. Іх будзе шмат, так што хопіць усім», — абяцае загадчыца вытворчасьці Тацьцяна Сопіна.



Каштуе «Укроп» 50 грыўняў (каля 4 даляраў). Зрэшты, гэтыя грошы ідуць на патрэбы войска, а кожны чацьвёрты шаўрон трапляе на фронт, — дадае Тацьцяна.

Дапамагаць «Укропами» сваім байцам ў зоне атытэрарыстычнай апэрацыі узяліся кіраваградзкія валянтэры з «Арміі SOS». Па 5 грыўняў у мясцовай кнігарні яны прадаюць налепкі на машыны дызайну Андрэя Ярмоленкі. Акцыю назвалі «Убий у собі москаля». Такія ініцыятывы мастак вітае і ахвотна — бясплатна — дзеліцца эскізамі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Мянушку «укроп», якую прыдумалі сэпаратысты для абазначэньня ўкраінцаў з праэўрапейскімі настроямі, ён называе ня крыўднай, а наадварот — тым, што выклікае гонар.

«Калі разабрацца — клёвая расьліна, сеецца вельмі добра. І дзеткам даюць, калі ў іх што з страўнічкам. Калі паглядзець на кроп, дык невялікія суквецьці ствараюць велізарную кветку. Гэта фактычна мадэль войска, дзе невялікія атрады зьбіраюцца ў вялізную армію. Усё вельмі проста — нас спрабуюць зьняважыць, а мы з усяго сьмяемся. Ведаеце, як кажуць: „б’юцца, б’юцца не здаюцца, ідуць у бой, яшчэ і сьмяюцца“. Мы выдуманым нэалягізмам дабіваем ворага. „Укры“ хутка будуць папулярнымі. У гэтым ёсьць нешта дзікае, ўкраінскае. Хочуць убачыць жывых „укров“? Яны іх ўбачаць», — кажа ён.


Зрэшты ўжо знайшліся людзі, якія грошы, заробленыя на патрыятычных працах мастака, кладуць сабе ў кішэню. «Я бачыў, як нажываюцца на гэтым. Я спрабаваў з гэтым змагацца, але цяпер Бог ім судзьдзя. Калі ёсьць жаданьне выкарыстоўваць у камэрцыйных мэтах, то патэлефануеце мне, спытайце. У нас цяпер час такі, трэба навучыцца дзяліцца, а калі сьвятая справа гэта ідзе, дык трэба аддаваць. Усе хочуць, каб гэтая вайна скончылася. Вось мне захацелася рабіць шаўроны, сымболіку, татэмы, каб яны ахоўвалі хлопцаў», — кажа Андрэй Ярмоленка.

А выбар «татэмаў» ад Ярмоленка вялікі: ёсьць шаўроны «параднага варыянту», на чорную палявую форму, на «зялёнку» або «пяшчанку». Акрамя таго, пайменныя нашыўкі з назвамі батальёнаў ўжо маюць батальёны «Чаркасы», «Данбас», «Крыўбас», «Азоў» і «Крумкач». У недалёкіх плянах — шаўроны для выведкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG