Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія як папярэднік Украіны


Расейскія войскі ў Грузіі ў 2008 годзе.

Расейскія войскі ў Грузіі ў 2008 годзе.

Сёньня спаўняецца 6 гадоў з часу расейска-грузінскага канфлікту, вядомага як «пяцідзённая вайна».

8 жніўня спаўняецца 6 гадоў ўзброенага канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі паміж Грузіяй і Расеяй, які ўвайшоў у гісторыю як «пяцідзённая вайна». У ноч на 8 жніўня грузінская артылерыя абстраляла Цхінвалі, пасьля чаго грузінскія войскі паспрабавалі захапіць Паўднёвую Асэтыю. На дапамогу паўднёва-асэтынскім узброеным фармаваньня прыйшла Расея: прэзыдэнт Дьзмітрый Мядзьведзеў абвясьціў аб пачатку апэрацыі па «прымусе Грузіі да міру». Баявыя дзеяньні працягваліся да 12 жніўня. Грузія ў гэтым канфлікце страціла 412 чалавек, з расейскага боку загінулі 67 вайскоўцаў.

6 гадоў таму сусьветная супольнасьць ацаніла дзеяньні Расеі як агрэсію супраць Грузіі і нават зьбіралася ўвесьці супраць яе эканамічныя санкцыі: з такой ініцыятывай на пасяджэньні ЭЗ 28 жніўня 2008 года выступіў міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнір. Расейскі бок тады заяўляў, што падобныя меры яе не палохаюць. Сталы прадстаўнік РФ у ЭЗ Уладзімер Чыжоў казаў, што санкцыі «нанясуць большую шкоду Эўразьвязу, чым Расеі».

Канфлікт меў значныя геапалітычныя і эканамічныя наступствы: 26 жніўня Расея афіцыйна прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію ў якасьці незалежных дзяржаваў, а 2 верасьня Тбілісі разарваў дыпляматычныя адносіны з афіцыйнай Масквой.

Пратэсты ў Тбілісі ў 2008 годзе

Пратэсты ў Тбілісі ў 2008 годзе


Рашэньне Расеі прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, дэ-юрэ якія ўваходзяць у склад Грузіі, выклікала рэзкую крытыку з боку краін ЭЗ. Кіраўнік францускага МЗС заявіў, што Расея апынулася «за межамі міжнароднага права». Тым ня менш, маштабныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі ўведзеныя не былі. У кастрычніку 2008 года Дзярждэпартамэнт ЗША увёў санкцыі супраць расейскага дзяржаўнага пасярэдніка ў гандлі ўзбраеньнем і ваеннай тэхнікай — кампаніі «Расабаронэкспарт» і ўсіх яе даччыных фірмаў. Іх тэрмін скончыўся праз два гады. Таксама 6 гадоў таму ЗША адмовіліся ўдзельнічаць у міжнародных ваенна-марскіх вучэньнях «ФРУКУС-2008» у Японскім моры.

Праз шэсьць гадоў пасьля падзей у Грузіі Расея зноў апынулася ў цэнтры міжнароднага канфлікту. Анэксія Крыма і падтрымка сэпаратыстаў на паўднёвым ўсходзе Ўкраіны вымусілі заходнія краіны ў некалькі этапаў ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Расеі, а таксама скласьці чорныя сьпісы высокапастаўленых чыноўнікаў, якім забаронена ўяжджаць у шэраг краінаў. У сваю чаргу, Расея ўвяла санкцыі ў адказ, забараніўшы увозіць у краіну шэраг харчовых тавараў.

Адной з прычынаў ваеннага ўварваньня ў Грузію ў 2008 годзе экспэрты называлі яе збліжэньне з НАТО і ўжо тады прадказвалі, што наступнай расейскай мэтай можа стаць Украіна, якая ўзяла курс на збліжэньне з Эўропай і сымпатызавала ў гэтым канфлікце Грузіі.

Расейскі палітоляг Мікалай Пятроў мяркуе, што падзеі 6-гадовай даўніны маюць наўпроставую сувязь з тым, што адбываецца сёньня:

Пятроў: Калі некалькі гадоў таму здавалася, што на Каўказе мы мелі нейкі такі дзіўны і адзінкавы эпізод, то зараз зразумела, што тая расейска-грузінская вайна стала збольшага падрыхтоўкай, папярэднікам вайны цяперашняй. Былі праведзены вельмі вялікія ваенныя падрыхтоўкі, зробленыя ўрокі з ня вельмі эфэктыўных дзеяньняў расейскай арміі тады. І тое, што мы бачым цяпер, безумоўна, можна параўноўваць. Толькі гэта носіць зусім іншы маштаб і па наступствах, які гэты канфлікт на Ўсходзе Ўкраіны мае зараз, і будзе мець у будучыні, вядома, гэта не супастаўныя рэчы.

Радыё Свабода: Ці можна выказаць здагадку, што калі б тады сусьветная супольнасьць неяк больш жорстка адрэагавала на расейскую агрэсію, то сытуацыі, зьвязанай з Украінай, не здарылася б?

Пятроў: Я думаю, што з аднаго боку быў зьбег абставінаў, калі вельмі хутка пасьля грузінскіх падзей грымнуў эканамічны крызіс. Усе гэтыя збольшага абвешчаныя санкцыі і ціск з боку сусьветнай супольнасьці на Расею сышлі ў мінулае. І ўзнікла ілюзія таго, што і ЭЗ, і Захад у цэлым адносна спакойна ўспрынялі тое, што тады адбылося. Зь іншага боку, мне здаецца, што тое, што адбылося ў сувязі з Украінай, а менавіта — пераход у новую форму, у новую фазу канфрантацыі Расеі і Захаду, гэта зьвязана з разьвіцьцём алігархічнага рэжыму ў Расеі, які ў пэўны момант апынуўся перад выбарам — альбо спрыяць разьвіцьцю эканомікі, праводзячы лібэральныя эканамічныя і палітычныя рэформы, але з рызыкай страты манаполіі і палітычнай, і эканамічнай, альбо захоўваць гэтую манаполію, але тады цаной эканамічнага пагаршэньня. І тая канфрантацыя, якую мы бачым, яна, мне здаецца, у вельмі значнай меры, прынамсі, на пачатковых этапах мае ўнутрыпалітычную матывацыю. Іншымі словамі, канфрантацыя Расеі і Захаду была непазьбежная ў сілу палітычнага разьвіцьця самой Расеі. Яна магла прыняць іншыя формы. Яна неабавязкова магла суправаджацца ўзяцьцём Крыма і крывавымі падзеямі ва Ўкраіне, тым ня менш, сама па сабе яна была непазьбежная. Іншая справа, як да яе рыхтаваўся Крэмль, як ён атрымаў урокі з падзей 2008 года, наколькі сур’ёзна ўспрыняў тады рэакцыю Захаду на тыя падзеі.

Радыё Свабода: Калі расейска-грузінскі канфлікт быў у разгары, многія казалі, што Ўкраіна, якая ўзяла курс на Эўропу, на чарзе. Тады гэта гучала амаль фантастычна. А цяпер ужо зусім не. Чаму Расея так не хацела і не хоча адпускаць былыя савецкія рэспублікі з-пад свайго ўплыву?

Крэмль перайшоў да іншага тыпу легітымнасьці — да легітымнасьці ваеннага правадыра

Пятроў: Я б не разглядаў тое, што адбываецца ў сувязі з Украінай, як проста жаданьне Масквы мець Украіну ў зоне свайго ўплыву. Калі б Крэмль зыходзіў толькі з гэтай мэты і дзейнічаў бы пры гэтым рацыянальна, то, напэўна, самым рацыянальным было б даць ўкраінскаму кіраўніцтву падпісаць Дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, а праз год, калі ўсе нэгатыўныя наступствы гэтага ў поўнай меры адчулі б ва Ўкраіне, а пазытыўных быць тады не магло, можна было б прыйсьці з распасьцёртымі абдымкамі да ўкраінцаў і сказаць — вы атрымалі тое, чаго вам гэтыя палітыкі навязалі, а вось цяпер давайце сябраваць. Але гэта мела на ўвазе б, што на нейкі час Пуцін выглядаў бы бокам, які пацярпеў паразу. Мне здаецца, гэтага ён як раз дапусьціць ня мог з-за таго, што яго легітымнасьць як дэмакратычна абранага лідэра ішла няўхільна ўніз. І стала зразумела, пасьля пратэстаў у Маскве, якія адбыліся ўсьлед за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія былі Крамлём цалкам нармальна выйграныя, стала зразумела, што проста фінансавымі ўліваньнямі гэтую праблему вырашыць нельга. Крэмль перайшоў да іншага тыпу легітымнасьці — да легітымнасьці ваеннага правадыра. У гэтым сэнсе многае з таго, што адбываецца, уключаючы нейкія з санкцый, дзейнічаюць цалкам на карысьць Крамля. І яго пляны ў гэтым сэнсе рэалізуюцца, хоць ёсьць тут, вядома, нейкія і збоі і шурпатасьці.

Радыё Свабода: Як будзе разьвівацца расейска-ўкраінскі канфлікт і куды гэта можа завесьці Расею?

Пятроў: Я думаю, што вельмі цяжка прадбачыць, якія формы канфрантацыя прыме ў будучыні. У найгоршым варыянце, мне здаецца, мы ідзем па тым, што экспэрты называюць сцэнар Сталін-мэдыюм, калі Расея і Захад, кожны са свайго боку, прадпрымаюць намаганьні па пераўтварэньні Расеі ў абложаную крэпасьць. Калі для таго, каб падтрымліваць высокую легітымнасьць улады, трэба альбо дэманстраваць ваенныя посьпехі, альбо ствараць і захоўваць у грамадзтве адчуваньне таго, што вакол ворагі і трэба кансалідавацца вакол нашых правадыроў, і ўмацоўваць рэпрэсіўныя мэханізмы. Мне здаецца, што альтэрнатывы гэтаму сцэнару пры дзеючым палітычным рэжыме няма. Іншая справа, што палітычны час зараз ідзе вельмі хутка. І мы бачым, як кожны дзень, кожны тыдзень прыносяць вельмі сур’ёзныя зьмены. У гэтым сэнсе, калі да гэтага вітка канфрантацыі можна было лічыць, што без усялякіх намаганьняў і бяз нейкіх радыкальных зьмянаў рэжым можа некалькі гадоў цалкам спакойна жыць, цяпер гэта ня так. Цяпер, я думаю, што ў бліжэйшыя год-два мы, рухаючыся ў штопары да зямлі, альбо дасягнем зямлі, альбо развалімся ў паветры. І тады пачнецца новы пэрыяд палітычнага разьвіцьця краіны.

XS
SM
MD
LG