Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьверы НАТО адкрытыя для Ўкраіны — Расмусен


НАТО пакідае адкрытымі дзьверы для Ўкраіны і будзе паважаць яе рашэньне аб зьмене пазаблёкавага статусу, калі яно будзе прынятае. Пра гэта генэральны сакратар альянсу Андэрс Фог Расмусен заявіў падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Згодна з рашэньнем бухарэсцкага саміту 2008 году, НАТО пакідае дзьверы адкрытымі для Ўкраіны і прызнае, што кожная краіна мае права на ўласнае самавызначэньне. Сёньня ва Ўкраіне дзейнічае закон, які вызначае яе пазаблёкавы статус. Мы гэта паважаем. Калі Ўкраіна вырашыць зьмяніць гэты закон, мы гэта таксама будзем паважаць», — цытуе Расмусена прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Пётар Парашэнка, у сваю чаргу, адзначыў, што з падзей апошніх месяцаў «сярод украінцаў назіраецца значны рост колькасьці прыхільнікаў эўраатлянтычнага курсу Ўкраіны, і гэта нельга не ўлічваць у пэрспэктыве».

Прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта паведамляе, што Парашэнка і Расмусен абмеркавалі пытаньні паглыбленьня далейшага супрацоўніцтва ў кантэксьце фарміраваньня парадку дня пасяджэньня Камісіі Ўкраіна-НАТО, якая павінна адбыцца праз чатыры тыдні, і ўнясеньне ўкраінскага пытаньня ў дэклярацыю Саміту НАТО, які пройдзе ва Ўэльсе 4-5 верасьня.

Раней прэм’ер-міністар Арсэнь Яцанюк заявіў, што пытаньне ўступленьня Ўкраіны ў НАТО пакуль не стаіць. Адначасова ў ліпені гэтага году, паводле дадзеных сацыялягічнага апытаньня, падтрымка украінцам ідэі ўступленьня ў альянс дасягнула свайго максымуму.

7 жніўня ва Ўкраіну прыбыў генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусен. Падчас візыту прадугледжаныя сустрэчы з кіраўніцтвам дзяржавы: прэзыдэнтам, сьпікерам Вярхоўнай Рады і прэм’ер-міністрам, на якіх абмяркуюць увесь комплекс пытаньняў супрацоўніцтва Украіна-НАТО.

XS
SM
MD
LG