Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Андрэю Бандарэнку вынесуць 12 жніўня


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Судзьдзя Ала Абакунчык, якая вядзе працэс па справе Андрэя Бандарэнкі, агучыць прысуд 12 жніўня а 14-й гадзіне.

Сёньня Бандарэнка выступіў у судзе з апошнім словам. Свой выступ ён скончыў так: «Прашу суд вынесьці прысуд на падставе закону».

Андрэй Бандарэнка выступаў без паперы. Ён добра арыентуецца ў дэталях справы і лёгка цытуе дакумэнты зь яе. Свой выступ Бандарэнка пачаў з аналізу паказаньняў найбольш сумнеўных сьведак. У прыватнасьці, такой ён лічыць засакрэчаную сьведку Дурманаву. Бандарэнка згадаў, што яе паказаньні ў справе зьявіліся толькі празь месяц пасьля інцыдэнту каля кавярні «Старажытная легенда». Хоць сьведкі-міліцыянты кажуць, што адшукалі Бандарэнку ў дзень інцыдэнту па званку ад Дурманавай. Між тым, паводле зьвестак Бандарэнкі, яшчэ да зьяўленьня ў справе допыту Дурманавай сьледзтва зрабіла шмат працы: апыталі жыхароў дому, пастаяльцаў гатэля, наведнікаў кавярні. Навошта гэта рабілася, калі ў сьледзтва ўжо быў такі сьведка, як Дурманава? Бандарэнка мяркуе, што насамрэч сьведак інцыдэнту, якія б пацьвердзілі, што Бандарэнка біў Яворскага, сьледзтва не знайшло. І тады да справы «далучылі» сакрэтнага інфарматара, які засьведчыў тое, што яму загадалі.

Паводле Андрэя Бандарэнкі, папярэдняе сьледзтва ня высьветліла шмат якія істотныя акалічнасьці справы, бо мела пэўную мэту — абвінаваціць Бандарэнку. Андрэй Бандарэнка настойвае на тым, што не пачынаў канфлікту зь Яворскім, не хацеў яго біць, а толькі адштурхнуўся ад яго, калі пачуў ад яго абразу. Абвінавачаньне паводле першага эпізоду Бандарэнка назваў «шчырай ерундой» і адзначыў, што суд ня даў магчымасьці праверыць усе хлусьлівыя і супярэчлівыя паказаньні пацярпелага і сьведкі Дурманавай па гэтым эпізодзе.

Другі і трэці эпізоды Бандарэнка ня лічыць правакацыяй, ён лічыць, што сам дапусьціў «тое, чаго не павінен быў дапускаць». Але, паводле Бандарэнкі, тут прыдумалі ключы замест зброі, што зусім ня мае падстаў. Тое, што ён дрэнна паводзіў сябе адносна жанчын, Бандарэнка прызнаў. Абвінавачаны адзначыў, што пацярпелыя жанчыны аказаліся больш праўдзівымі, чым сьледзтва.

Бандарэнка адказаў пракурору на ягонае нагадваньне, што ён менавіта праваабаронца. «Я б мог падабраць статыстыку, колькі асуджана і за што пракурораў... Кожны можа памыляцца. Пры чым тут гэта? Я не зьмяншаю сваёй адказнасьці — у чым вінаваты, за тое адкажу».

Працэс над Андрэем Бандарэнкам пачаўся 29 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Менску. Андрэя Бандарэнку абвінавачваюць ва ўчыненьні хуліганскіх дзеяньняў, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы.

Справу расьсьледаваў Кастрычніцкі райаддзел Сьледчага камітэту па Менску.

Падчас расьсьледаваньня былі ўстаноўленыя тры эпізоды хуліганскіх дзеяньняў, учыненых абвінавачаным. Два зь іх зьвязаныя з ужываньнем гвалту ў адносінах да жанчын. Дзеяньні Бандарэнкі кваліфікаваныя сьледчымі як злачынствы, прадугледжаныя ч.1, ч.2 і ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства).

XS
SM
MD
LG