Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чый бок стане Лукашэнка ў гандлёвай вайне Пуціна?

Што будзе мець і што страціць Беларусь ад рашэньня расейскага прэзыдэнта. Ці заменіць нашая краіна Эўропу для Расеі ці мы самі пазбавімся польскіх яблык і італьянскага віна? На чый бок стане Аляксандр Лукашэнка? Радыё Свабода на працягу дня зьбірае меркаваньні экспэртаў.


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Коратка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб прымяненьні асобных спэцыяльных эканамічных мер у мэтах забесьпячэньня бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі». Ён забараняе або абмяжоўвае тэрмінам на адзін год увоз у Расею сельгаспрадукцыі, сыравіны і харчаваньня з краінаў, якія далучыліся да санкцый супраць РФ.

14:19 7.8.2014

Кірыл Коктыш, палітоляг: «Крэмль зробіць Менску і Астане „мяккую“ прапанову далучыцца да санкцыяў»

Кірыл Коктыш лічыць, што ў Беларусі можа зьявіцца спакуса закупіць, напрыклад, танна яблыкі ў Польшчы, а затым накіраваць іх па даражэйшых цэнах на расейскі рынак.

«Падобная схема з цукрам у свой час была беларускім бокам цалкам адпрацаваная. Але калі ў Маскве ўбачылі, што Беларусь пастаўляе на расейскі рынак цукру болей, чым яго вырабляюць разам усе беларускія заводы, то гэта вылілася ў татальную забарону беларускага экспарту. А даволі працяглыя разборкі завяршыліся дамовай, што Беларусь надалей будзе пастаўляць толькі ўласную, а не замежную прадукцыю.

Прапанова наконт таго, што Беларусі і Казахстану варта было б далучыцца да расейскіх санкцыяў, з боку Масквы будзе, але ў мяккай форме. І калі Менск і Астана не далучацца, то вялікай праблемы для Масквы тут ня будзе. Пагадненьні нават у межах Мытнага саюзу дазваляюць яго сябрам праводзіць дадатковы мытны кантроль. Таму схема паставак прадуктаў з трэціх краін празь Беларусь і Казахстан наўрад ці будзе запушчана».

13:39 7.8.2014

Міністар Заяц: Павелічэньне паставак харчоў у Расею не адаб’ецца на ўнутраным рынку

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц перакананы, што павелічэньне аб’ёмаў паставак беларускага харчаваньня ў Расею не адаб’ецца на ўнутраным рынку.

«Сытуацыя на ўнутраным рынку мяса-малочнай прадукцыі ў нас стабілізавалася, таму наша задача заключаецца ў тым, каб павышаць канкурэнтаздольнасьць айчыннай прадукцыі, пашыраць яе асартымэнт і прадстаўляць на зьнешніх рынках прадукт высокай спажывецкай якасьці», — заявіў міністар падчас прамой тэлефоннай лініі ў газэце «Белорусская нива».

Міністар адзначыў, што Беларусь упэўненая ў якасьці сваёй прадукцыі. «Гэта натуральны прадукт, бясьпечны, які можа канкураваць па сваіх спажывецкіх якасьцях зь любым эўрапейскім прадуктам», — падкрэсьліў Леанід Заяц.

12:54 7.8.2014

Фэрмэр Міхаіл Шруб: Вывучым патрабаваньні цывілізаванага рынку

Фэрмэр з Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці Міхаіл Шруб кажа, што ягоная гаспадарка і цяпер шмат прадукцыі прадае на расейскі рынак — у Маскву, Санкт-Пецярбург: бульбу, усе віды гародніны, прычым усё мытае, фасаванае. Раней пастаўлялі ў Расею і сьвініну, але цяпер трэба задаволіць перш за ўсё свае патрэбы. Фэрмэр кажа, што пасьля ўступленьня ў Мытны саюз няма ніякіх праблемаў з дакумэнтамі, з афармленьнем паставак. Іншая справа — канкурэнцыя на рынку, гэта рэч «двугострая». Але неабходная, каб людзі нарэшце навучыліся працаваць:

«Нават калі не паглыбляцца ў палітычны аспэкт, гэта дасьць магчымасьць беларусам значна хутчэй і больш маштабна асвойваць расейскі рынак. Раней былі праблемы з пункту гледжаньня канкурэнцыі. Гандлёвыя сеткі працуюць з заходнім пастаўшчыком таму, што ён больш арганізаваны, кваліфікавана займаецца лягістыкай, пастаўляе вялікія партыі тавараў. У нас ёсьць шанец асвоіць і гэтыя кірункі. Толькі ў гэтым выпадку мы можам стаць канкурэнтаздольнымі і заняць пэўны сэгмэнт расейскага рынку. А калі хтосьці хоча скарыстаць момант і „праскочыць“, то рана ці позна яго выжывуць з расейскага рынку.

У нас многія прадпрыемствы наагул ня ведаюць, як прадаваць прадукцыю — маўляў, „мы вырабілі, а вы прыяжджайце, забірайце“. Гэта дасьць магчымасьць вывучыць патрабаваньні цывілізаванага рынку, зразумець, што трэба спажыўцу, і працаваць.

У нас даўно ёсьць і сховішчы, і цэхі перадпродажнай падрыхтоўкі, мы займаемся і мыцьцём, і чысткай, і фасоўкай — усё гэта ў нас ёсьць. Але шмат якія гаспадаркі працуюць па-старому. Магчымасьць выйсьці на расейскі рынак павінна падштурхнуць вытворцаў, навучыць даводзіць сваю прадукцыю да ўзроўню эўрапейскіх пастаўшчыкоў.

У цэлым наша прадукцыя ня горшая за эўрапейскую, але нашы вытворцы часьцяком адстаюць з пункту гледжаньня зьнешняга афармленьня, падачы, фасоўкі, упакоўкі. Але ўсё гэта можна асвоіць».

12:28 7.8.2014

Валеры Барадзеня, дэпутат камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў: Мы і цяпер Расею падтрымаем

«На жаль, у нас многія нішы перасякаліся з эўрапейскімі. Возьмем тыя ж яблыкі. Хоць у нас шмат гадоў была дзяржпраграма вытворчасьці яблык, мы пакуль сябе імі не задавальняем...

Мы Расею і раней падтрымлівалі. І, думаю, падтрымаем і цяпер. Канечне, ажыцьцявіць тую забарону, за якую бярэцца Расея, складана. Але калі Расея захоча адэкватна адказаць на эўрапейскія санкцыі, яна зможа гэта зрабіць. Эўропа сапраўды залежыць ад Расеі моцна».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG