Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасол Расеі абяцае, што нафту не забяруць

  • БелаПАН

Расея будзе няўхільна выконваць дамоўленасьці аб пастаўцы нафты ў Беларусь, заявіў 6 жніўня пасол РФ у РБ Аляксандр Сурыкаў, камэнтуючы на просьбу БелаПАН заклік дэпутата Дзярждумы Рамана Худзякова спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь у адказ на абяцаньне Менску дапамагчы нафтапрадуктамі Кіеву.

4 жніўня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з Пятром Парашэнкам. Як паведаміла прэсавая служба кіраўніка Беларусі, суразмоўцы надалі «асаблівую ўвагу тэме паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ва Ўкраіну». «Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь разумее вастрыню гэтага пытаньня з улікам уборачнай кампаніі і таму, нягледзячы на ўнутраныя патрэбы, паспрыяе Ўкраіне ў забесьпячэньні яе эканомікі нафтапрадуктамі.

У той жа дзень чалец камітэту Дзярждумы па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Раман Худзякоў прапанаваў спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь. У інтэрвію радыёстанцыі «Гаворыць Масква» Худзякоў заявіў: «Мы ўсе цудоўна ведаем, што Ўкраіна з дапамогай гэтых гаруча-змазачных матэрыялаў запраўляе танкі, бронетранспарцёры і іншую ваенную тэхніку, якая ўдзельнічае ў баях у Данецкай і Луганскай абласьцях. Няўжо Лукашэнка не разумее, што, дапамагаючы Парашэнку, ён зьнішчае братэрскі народ Украіны?»

Ён падкрэсьліў, што лічыць дзеяньні беларускага лідэра недружалюбнымі ў адносінах да Расеі. «Калі Беларусь пойдзе на такі крок і будзе, па сутнасьці, фінансаваць вайну супраць Данецку і Луганску, тады мы, на маю думку, павінны цалкам спыніць пастаўкі любых гаруча-змазачных матэрыялаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы» — заявіў Худзякоў.

«Колькі дэпутатаў, столькі пунктаў гледжаньня, я стаўлюся да гэтага нармальна — сказаў з гэтай нагоды пасол Сурыкаў у інтэрвію БелаПАНу. — Мы падпісалі адпаведныя дакумэнты з Рэспублікай Беларусь на 2014 год і будзем іх няўхільна выконваць, незалежна ад якіх бы то ні было заяваў. Дваццаць тры мільёны тон нафты будуць пастаўленыя ў Беларусь, за першыя паўгода пастаўлена 11,4 млн. тон ».

XS
SM
MD
LG