Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Расея можа пачаць ва Ўкраіне вайну «бяз правілаў».

Пра гэта, як перадае ЎНІАН, Дональд Туск сказаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве. «Ёсьць прычыны меркаваць (такую інфармацыю атрымліваю ўжо больш за 10 гадзін), што пагроза непасрэднай інтэрвэнцыі сапраўды большая, чым некалькі дзён таму назад», — адзначыў ён. Па словах Туска, варта быць гатовымі да таго, што канфлікт ва Ўкраіне можа набыць яшчэ больш сур’ёзнае вымярэньне. Пры гэтым ён ня бачыць пагрозы наўпроставай агрэсіі супраць Польшчы. «Пакуль яшчэ нічога не паказвае на тое, што Польшча павінна была б стаць аб’ектам такой агрэсіі, але дакладна зараз сытуацыя больш сур’ёзная, чым у мінулым, таму неабходна быць лепш да яе падрыхтаванымі», — сказаў ён.

«Мы ведаем, што гэты канфлікт ня будзе выглядаць так, як мы пра гэта чыталі ў кніжках, што дзяржава аб’яўляе вайну іншай дзяржаве і ёсьць нейкія правілы, — дадаў Туск. — Гэты канфлікт супярэчыць усім раней прынятым правілам і працэдурам», — сказаў ён. Польскі прэм’ер адзначыў, што заходні сьвет яшчэ ня ведае, як рэагаваць на магчымае ўвядзеньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну, таму што гэта стварыла б новую сытуацыю. «На маю думку, сёньня ніхто ня мае добрага адназначнага адказу, як заходняя супольнасьць павінна на гэта адрэагаваць», — сказаў Туск.

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што ня выключае, што Расея ў хуткім часе можа ўвесьці свае войскі ва Украіну пад выглядам міратворчых сілаў. Пра гэта Сікорскі заявіў у эфіры польскага тэлеканалу TVN24.

«На жаль, Расея аднавіла сваю баяздольнасьць на мяжы з Украінай. Там ужо знаходзіцца больш за 10 батальёнаў. Ёсьць значная колькасьць ваеннай тэхнікі. Такія рэчы робяцца для ціску ці для таго, каб увесьці войскі», — сказаў міністар. Ён ня стаў адназначна сьцьвярджаць, што ў Крамлі ўжо прынятае рашэньне аб ваеннай інтэрвэнцыі, але адзначыў, што гэта стане вядома «вельмі хутка». Сікорскі параіў расейскай уладзе адмовіцца ад увядзеньня войскаў. «Уваход на тэрыторыю Ўкраіны рэгулярных падразьдзяленьняў войскаў, што, хутчэй за ўсё, было б прадстаўлена як міратворчая апэрацыя, прывядзе да вялікай эскаляцыі канфлікту», — сказаў польскі міністар.

Сікорскі выказаў шкадаваньне, што Расея нават пасьля зьнішчэньня пасажырскага авіяляйнэра, што, паводле яго слоў, стала магчымым дзякуючы пастаўкам сучаснай зброі тэрарыстам, не зьмяніла сваю пазыцыю. На яго думку, канфлікт у Данбасе можна было б урэгуляваць, калі б была «хаця б кропля добрай волі».

Паводле New York Times, Расея за апошнія некалькі тыдняў амаль падвоіла колькасьць сваіх войскаў на мяжы з Украінай, давёўшы іх да 19-21 тысячаў вайскоўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG