Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэспубліцы Мары амаль усе хочуць быць журналістамі. І ніхто ня хоча працаваць у сталоўцы


Хутар «Шаблі», дзе заплянаваная «Рэмара»

Хутар «Шаблі», дзе заплянаваная «Рэмара»

На тры дні ў краіне сваёй мары апынуцца паўтары сотні маладых людзей, не пакідаючы Беларусі. Пабудаваць дзяржаву сваімі рукамі дазволіць ролевая гульня «Рэмара». Там можна стаць кім заўгодна — ад міністра да мыйшчыка посуду. Усё для таго, каб паспытаць, што такое студэнцкае самакіраваньне.

«Хоць „Рэмара“ пазыцыянуецца як фэстываль, насамрэч там будзе некалькі складнікаў: намётавы летнік, некалькі адукацыйных пляцовак, а таксама фан у выглядзе вечаровых канцэртаў з удзелам беларускіх гуртоў Askiepak, Haina, Amaroka, „Людзі на балоце“ і Dzieciuki», — распавядае адзін з арганізатараў гульні-сымулятара, студэнт БДУ Яўген Міхасюк.

Да ўдзелу ў летніку запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросьце ад 18 да 31 году — большую частку складуць студэнты.

«Мы робім ухіл на студэнцкую частку грамадзтва, бо хочам, каб, па-першае, нашы ўдзельнікі добра правялі апошнія дні лета, а па-другое, каб яны атрымалі новыя для сябе веды і досьвед, якія б натхнілі іх зьмяняць нешта ў сваіх асяродках — унівэрсытэтах, якія б у выніку такіх зьменаў набывалі больш рысаў студэнцкага самакіраваньня», — адзначае арганізатар.

Летнік ладзіцца актывістамі некалькіх моладзевых суполак, сярод якіх — Студэнцкая рада, Цэнтар разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіраваньня.

«Рэмара» — гэта Рэспубліка Мары. Удзельнікі летніка атрымаюць магчымасьць наблізіцца да кіраваньня краінай у межах гульні-сымулятара. Мы гэта робім, бо разумеем, што ў рэальным жыцьці такая магчымасьць ёсьць далёка не ўва ўсіх і звычайны студэнт ня можа нешта зьмяніць у краіне. У нашай Рэспубліцы Мары любы чалавек можа стаць ці то парлямэнтаром, ці то міністрам замежных спраў, ці то судзьдзём, ці то журналістам дзяржаўнай газэты. Сутнасьць у тым, што цягам трох дзён летніка ўдзельнікі будуць распрацоўваць свае ідэі, агітаваць, рэалізоўваць рэформы. Вынікам фэстывалю павінна стаць стварэньне мадэлі такой дзяржавы, у якой удзельнікі летніка мараць жыць«, — кажа Яўген Міхасюк.

У гульні «Рэмара» будзе свая эканамічная мадэль — удзельнікі будуць зарабляць талеры, каб купляць харчаваньне; палітычная — з усім спэктрам партый і ідэалёгіяў; а таксама сацыяльная — з мэханізмам клопату пра беспрацоўных, калі такія зьявяцца на летніку.

Тыя, хто хоча ўдзельнічаць у летніку, маюць запоўніць адмысловую анкету і пазначыць ролю, якую б хацелі выконваць у «Рэмары». Яўген Міхасюк кажа, што найбольш — ахвотных быць журналістамі, якія будуць штодня выдаваць газэту «Чыстая праўда» на беларускай мове. Конкурс на гэтую ролю ўжо складае 20 чалавек на месца. Таксама папулярныя ролі, зьвязаныя з палітыкай.

Самай непапулярнай прафэсіяй пакуль застаецца супрацоўнік сталоўкі. Аднак Яўген Міхасюк кажа, што, верагодна, ужо пасьля першага дня функцыянаваньня «Рэмары» памагатых у кухараў паболее — зарабляць грошы даволі складана, а супрацоўнікі кухні будуць блізка да бясплатнай ежы.

«Ідэя мадэляваньня дзяржавы прыйшла з Украіны, дзе яшчэ з канца 90-х гадоў дзейнічае „СтудРэспубліка“. У Беларусі былі спробы зрабіць нешта падобнае ў 2008 і 2010 гадах, але ў вельмі скарочаным фармаце. Таму можна лічыць, што такі маштабны летнік з элемэнтам „поўнага пагружэньня“ ў іншую рэчаіснасьць — для нас зьява ўнікальная», — падсумаваў арганізатар фэсту.

Удзел у «Рэмары» возьмуць блізу 150 чалавек. Фэст адбудзецца 21–24 жніўня на хутары «Шаблі» на Валожыншчыне. Кошт удзелу — 250 тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG